Дома сумна. Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін. 21.by

Дома сумна. Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін

16.04.2013 12:48 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!


¦ Падарожжа першае. Івакі
¦ Падарожжа другое. Кольна
¦
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
¦
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
¦
Падарожжа пятае. Неглюбка
¦ Падарожжа шостае. Зялёны Мох
¦ Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)

Паводка на Прыпяці — справа звыклая для палешукоў. Але ў гэтым годзе вады — як ніколі з 1999 года, праўда, тады мокрае гора было больш маштабнае. Мясцовыя ўспамінаюць яшчэ і паводку-1979. Вада з Прыпяці зараз прыйшла і на падворкі жыхароў Петрыкава, вуліц Камсамольская і Чэхава. 


 


 


 


 

Яны размешчаны каля ракі, пад гарой. Людзі ўжо падрыхтавалі чаўны — самы неабходны зараз транспартны сродак. Але ў хатах пакуль вады няма, толькі гарод і часткова вуліцу Камсамольскую затапіла. Мясцовая пенсіянерка паказвае нам межы паводкі-1979, калі вада дайшла па асфальце ледзь не да паловы гары, дзе ўжо пачынаецца цэнтр Петрыкава з выканкамам, Ленінам і Домам культуры. Па гародзе ходзіць бусел. 


 


 


 


 


 

У Петрыкаве ў дзень нашага падарожжа — туман, холад, дождж, змрочна. На аўтобус, каб ехаць да Галубіцы, мы спазніліся, таму шукаем аўтааматара, каб падкінуў нас да вёскі. Па словах мясцовага жыхара, таксі ў райцэнтры няма: былі тут два таксісты, дык у аднаго правы забралі, а другі спіўся і таксама не мог ужо працаваць.

Нарэшце спынам трапілі да Галубіцы. Вёска гэта не пацярпела ад паводкі, таму што размешчана высока, на кручы над Прыпяццю. Паселішча расцягнулася ўздоўж ракі і ўздоўж дарогі. Людзей на вуліцах не відаць, толькі каля крамы адчуваецца нейкае жыццё. І даносяцца спевы з мясцовага дома культуры. Тут рэпеціруюць дзеці і дарослыя. Такім змрочным шэрым туманным днём дзеці спяваюць правільную песню «Пусть всегда будет солнце!». Загадчыца клуба распавядае пра кружкі і канцэрты.

На высокай кручы каля Галубіцы стаіць указальнік «Часовая пераправа». Толькі адсюль можна трапіць на правы бераг, у вёску Снядзін. Дарогу перамыла паводка, і вёскі Снядзін, Мардвін, Таргашын, Белін адрэзаны ад «вялікай зямлі». Яшчэ ў пятніцу, 12 красавіка, у Снядзін змагла прарвацца аўталаўка — і ўсё на гэтым. Зараз прадукты будуць дастаўляць людзям на чаўнах. Два разы на дзень выратавальнікі перавозяць людзей з левага берагу Прыпяці на правы на маторцы. У чарговы рэйс на маторцы са Снядзіну прыязджае міліцыянер, які дзяжурыў там, а яму на змену едзе на суткі яго калега.

Плывём па рацэ, туман настолькі густы, што не відаць і дрэў за два метры. Выратавальнік майстэрскі кіруе маторкай, пятляе паміж кустоў беларускай Амазонкі. Праз 20 хвілін лодка прыстае да плоту, ля якога таксама ўжо плешчацца вада. 


 


 


 


 

Дзяжураць у вёсцы і супрацоўнікі МНС, у будынку школы ў іх штаб. 13 красавіка выратавальнікі займаліся тым, што эвакуіравалі пенсіянераў. Падворак іх у Снядзіне затапіла, самі старыя ледзь ходзяць, таму выратавальнікі вынеслі іх з хаты на руках і перавезлі на лодцы ў Галубіцу да сваякоў. Спатрэбілася ў гэты дзень дапамога і яшчэ адной жыхарцы вёскі. Яе эвакуіравалі з зоны бедства — уласнай хаты, разам з парасём, якога звязалі, паклалі ў балею і так працягнулі па вадзе да лодкі. Жанчыну перасялілі ў сухую хату тут жа, у Снядзіне.

Яшчэ ў гэты дзень на чоўне дастаўлялі хлеб у Таргашын і Белін.

Цэнтр вёскі пакуль сухі, можна прайсці. А па некаторых вуліцах ужо не пройдзеш і ў гумовых рыбацкіх ботах. Людзі плаваюць на чаўнах — у краму, ФАП, адзін да аднаго па справе. Топяцца печкі, іх дым змешваецца з туманам, сцелецца над вадой.

Падыходзім да пачатку вёскі, бачым размытую дарогу, якая рэзка хаваецца пад вадой. Дакладна тут не хутка нешта зможа праехаць, хіба на «амфібіі» выратавальнікаў, якая і будзе задзейнічана пры неабходнасці. 


 


 


 

Дзяцей у Снядзіне няма. Калі зачынілі мясцовую школу (з-за таго, што засталося каля дзесяці вучняў), дзяцей перавялі вучыцца ў Петрыкаў, у школу-інтэрнат. Там яны вучацца і жывуць, а бацькоў бачаць толькі па выходных, і тое не заўсёды. Зімой Прыпяць пераходзілі па лёдзе, у цёплы час пераплывалі на пароме, а калі лёд быў тонкі, і паром не хадзіў — сядзелі дзеці ў школе-інтэрнаце і на выходныя, бо ніяк не маглі трапіць дахаты. Некаторыя дзеці са Снядзіна вучацца ў школе ў Галубіцы — іх узялі часова ў свае сем'і настаўнікі.

Пра гісторыю вёскі распавядае мясцовы жыхар. Кажуць, што раней на месцы Снядзіна быў горад.

Палешукі пра паводку гавораць неахвотна, ды і што гаварыць — для іх гэта звыклая справа. Хаця хвалююцца — калі ж толькі гарод садзіць? У Петрыкаве, на высокім беразе, у прыватным сектары некаторыя людзі ўжо капалі грады. Тым жа гаспадарам, да якіх у госці прыйшла вада, пакуль і не сніцца той час, калі можна будзе ўзяць у рукі рыдлёўку. Пакуль жа ўпраўляцца можна толькі вёсламі.

Канца паводкі пакуль не бачна: кожны дзень вада «плюсуе» на восем сантыметраў. Мясцовыя ўлады падрыхтавалі 300 месцаў на выпадак эвакуацыі насельніцтва. Пенсіянераў, якія пажадаюць эвакуіравацца, размяшчаюць у бальніцах, сем'і з дзецьмі — у школе-інтэрнаце, ёсць месцы і ў гасцініцы ў райцэнтры. Перавозяць людзей і да сваякоў. Дзяжураць у зонах бедства супрацоўнікі МНС і міліцыі.



Алена ГЕРМАНОВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таксі ў Петрыкаве няма: былі тут два таксісты, дык у аднаго правы забралі, а другі спіўся...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика