Усе — на прыроду!. 21.by

Усе — на прыроду!

26.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Каб смачна і "з дымком"...

Апетыт на свежым паветры заўжды актывізуецца, таму не лішнім будзе загадзя паклапаціцца пра ежу. Мы даведаліся, колькі каштуюць зараз асноўныя прадукты для паездкі "на шашлыкі".

На сталічным Камароўскім рынку мы ўзялі два найбольш распаўсюджаныя варыянты: свініну і ялавічыну. Так, напрыклад, кілаграм свінога кумпяка каштуе 65 тысяч рублёў (гэтую частку тушы, па словах прадаўца, варта набываць, калі любіце нятлусты, крыху сухаваты шашлык). За кіло ялавічнага кумпяка давядзецца аддаць значна больш — ад 110 да 120 тысяч рублёў. Калі такое мяса занадта "непад'ёмнае" для кашалька ці страўніка, можна набыць курынае філе. Кілаграм каштуе ад 49,9 тысячы рублёў.

Каб атрымаць выдатны шашлык, да мяса патрэбна купіць і добрую прыправу, якая адмерваецца спецыяльнымі невялікімі шкляначкамі. Адна такая каштуе 10 тысяч. Яе хопіць дзесьці на кілаграм шашлыку, калі вы не любіце надта востры смак, а іначай варта набываць больш. У прадаўцоў можна папрасіць зрабіць "зборку": спецыяльна для свініны, ялавічыны, іншага мяса ці рыбы.

Не хочацца нарыхтоўваць шашлык паўвечара, каб пасля за паўгадзіны ўсё з'есці? Для "лянівых" ёсць правераны варыянт: гатовы шашлык у вядзерцах. На рынку ўдалося знайсці свіны і курыны, фасаваныя па 900 грамаў. Першы каштуе 50 тысяч рублёў, а другі — 67 тысяч.

Вядзерца замарынаваных свіных рэбраў абыдзецца ў 35,6 тысячы рублёў.

Многім падабаецца падчас пікніка ласавацца не шашлыком, а напрыклад, смажанымі каўбаскамі. Кілаграм такой смакаты, зробленай са свініны, каштуе ад 40 тысяч рублёў. Пасмажыць на грылі карпа абыдзецца ў суму ад 20,9 да 29,2 тысячы рублёў за кілаграм. Больш танна абыдуцца рыбінкі вагой да кілаграма, а даражэйшыя — гэта "элітныя" карпы і белы амур.

Мяса выбрана — можна і пра "гарнір" да яго падумаць. Агуркі на Камароўцы зараз каштуюць ад 22 да 28 тысяч рублёў. Ёсць і больш танныя, але варта чакаць, што гародніна будзе, як кажуць, "для салату" — не заўжды таварнага выгляду. Памідоры можна набыць па цане ад 23,5 да 38 тысяч рублёў. Можна яшчэ набыць і радыску. Кілаграм каштуе 25 тысяч рублёў. Зялёная цыбуля абыдзецца ў 4 тысячы за 100 грамаў, а за 100 грамаў кропу ці пятрушкі прыйдзецца аддаць 10 тысяч рублёў. "Смачнага" ўсім адпачынку!

Ганна ГАРУСТОВІЧ

На пікнік: пакуем заплечнік, рыхтуем шампуры

Нарэшце мы дачакалася вясны і шанцу правесці выхадныя на свежым паветры. Але для пікніка спатрэбіцца "тэхнічнае абсталяванне". Карэспандэнт "Звязды" прабегся па сталічных крамах спорттавараў і занатаваў цэны на рэчы, якія змогуць спатрэбіцца для адкрыцця "сезона шашлыкоў".

Самыя вялікія грошы прыйдзецца выдаткаваць тым, хто збіраецца прыгатаваць на свежым паветры мяса — грыль ці барбекю. Кошт на адпаведную прыладу вагаецца ад 570 тысяч да 2,3 мільёна беларускіх рублёў. У інтэрнэце перанасны грыль-барбекю можна знайсці і па трохі меншым кошце — каля 400 тысяч. Калі вы прывыклі абыходзіцца больш традыцыйным шашлыком — прыйдзецца набываць мангал. Такая пакупка нанясе значна слабейшы ўдар па вашым кашальку. У залежнасці ад памеру, вышыні мангал можа каштаваць ад 250 да 300 тысяч рублёў. Не забывайцеся, што мангал без шампуроў наў- рад ці будзе карысным. Іх набыццё будзе каштаваць вам ад 60 да 100 тысяч.

Самым бюджэтным варыянтам для адпачынку на свежым паветры будзе рашотка-грыль. Найтаннейшае прыстасаванне такога тыпу можна набыць недзе за 120 тысяч.

Пікнік без вогнішча — не пікнік. Калі вы не плануеце хадзіць па лесе і шукаць сухое галлё — не забудзьцеся набыць вуголле. Адзін кілаграм гэтага паліва будзе каштаваць прыкладна 10 тысяч рублёў, упакоўкі па тры кілаграмы звычайна каштуюць танна — каля 25 тысяч рублёў. Таму адразу лічыце: едзеце вы на пару гадзін ці на ўвесь дзень. Распаліць вуглі без спецыяльнай вадкасці часам бывае складана. За літр "распалкі" прыйдзецца аддаць не больш за 20 тысяч.

Для поўнага "адзінства з прыродай" можна, безумоўна, есці і рукамі, аднак мы раім усё ж такі карыстацца посудам і прыборамі. Найбольш рацыянальным вырашэннем гэтага пытання будуць пластыкавыя камплекты. Самыя дарагія з іх тыя, што прызначаны для шматразовага выкарыстання. За іх прыйдзецца заплаціць каля 150 тысяч рублёў. У набор уваходзяць талеркі рознага памеру, кубачкі і сталовыя прыборы. Самы просты камплект пластыкавага посуду на пяць чалавек можна купіць за 20-30 тысяч. Дарэчы, не забудзьцеся прыхапіць поліэтыленавыя пакеты  — каб не пакінуць пасля сябе смецця.

Вялікая ўдача, калі ў вас на прыкмеце ёсць месца з гатовым кастрышчам і, пажадана, імправізаванай мэбляй. У адваротным выпадку пашукайце дома плед ці лёгкі дыванок, на якім можна сядзець. Спецыяльныя дываны для пікніка таксама прадаюцца ў спартыўных крамах і каштуюць не вельмі дорага — 130-170 тысяч рублёў. Можна, вядома ж, пашыкаваць і замовіць у інтэрнэт-краме дыванок з аўтаматычным надзіманнем, але такая рэч прадаецца ў сярэднім за 400 тысяч. Дыванок з "надзіманнем мужчынскімі лёгкімі" — 230 тысяч.

Для таго, каб данесці ўсё вышэйназванае да месца "яднання з прыродай", вам спатрэбіцца нейкая тара. Выбар тут ізноў вельмі шырокі. Просценькі плецены кошык з накрыўкай прадаецца за 150-200 тысяч. Звычайная сумка з тканіны каштуе менш — каля 100 тысяч. Зусім іншая справа — сумка-тэрмас. Такое "шчасце" абыдзецца вам у 320 тысяч рублёў. Аднак, калі вы ўжо і сабраліся набываць такі аксесуар — не палянуйцеся зазірнуць у інтэрнэт. Ёсць шанц сэканоміць ад 50 да 120 тысяч. Зрэшты, можна пазычыць некаторыя рэчы ў блізкіх. Гарантуем: ехаць на пікнік нават з вялізным турыстычным заплечнікам — таксама весела. Але галоўнае усё ж такі — не мангалы з шампурамі, а кампанія.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Дзе можна паставіць мангал?

Тым, хто збіраецца бліжэйшым часам папрацаваць або адпачыць на прыродзе, варта нагадаць, што з пачатку пажаранебяспечнага перыяду ў Мінскай вобласці будзе весціся пастаянны маніторынг за сітуацыяй у лясах і на тарфяніках, а таксама за захаваннем заканадаўства ў галіне пажарнай бяспекі.

У Мінскім абласным упраўленні МНС нагадалі, што, згодна з правіламі пажарнай бяспекі для жылых будынкаў, інтэрнатаў, гаражоў, садаводчых таварыстваў дапускаецца кантралюемае развядзенне вогнішчаў пры слабым ветры (да 5 метраў у секунду) на адлегласці не менш за 15 метраў ад будынкаў (збудаванняў) ці 25 метраў ад ляснога масіву.

На тэрыторыі каля жылых дамоў і садовых домікаў таксама пры слабым ветры дапускаецца прыгатаванне ежы ў спецыяльных прыстасаваннях з выкарыстаннем жару (мангала, барбекю, грыля і інш.). Пры гэтым мангал павінен быць размешчаны ад будынка ці збудавання не менш чым за 4 метры.

Пляцоўкі для спальвання смецця (адходаў) і месца для размяшчэння спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы павінны быць выбраны такім чынам, каб выключыць магчымасць узнікнення пажару, забяспечаны вогнетушыцелем з масай рэчыва для тушэння не менш за 2 кілаграмы ці ёмістасцю з вадой аб'ёмам не менш за 10 літраў, а таксама штыкавой рыдлёўкай. Нельга спальваць смецце ці ставіць мангал пад кронамі дрэў і пакідаць такія сітуацыі без нагляду. Пасля спальвання смецця, адходаў на пляцоўках ці прыгатавання ежы вуглі павінны быць патушаны да поўнага спынення тлення.

За незаконнае выпальванне сухой расліннасці, травы, іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 1 да 4 мільёнаў рублёў. Распальванне вогнішчаў у забароненых месцах цягне папярэджанне ці накладанне штрафу ў памеры да 1,2 мільёна рублёў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб смачна і "з дымком"... Апетыт на свежым паветры заўжды актывізуецца, таму не лішнім будзе загадзя паклапаціцца пра ежу. Мы даведаліся, колькі каштуюць зараз...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика