Вясёлыя ўрокі, альбо Смех — не грэх
27.04.2013
—
Новости Общества
|
Калі я вучыўся ў другім класе, да нас прыйшоў новы вучань. Звалі яго Паўлікам. Прыкладна праз тыдзень на ўроку чытання настаўніца вырашыла праверыць ягоныя веды і выклікала з кніжкай да дошкі. — Ты чытай, — сказала яна, — а вы ўсе слухайце ўважліва. — Ты чытай, а вы ўсе слухайце ўважліва, — гледзячы ў падручнік, вымавіў Паўлік. Настаўніца здзіўлена паглядзела на яго і спытала: «Што ты там гародзіш?» «Што ты там гародзіш?» — «прачытаў» Паўлік. Зінаіда Антонаўна як стаяла, так і села ад смеху, а за ёй грымнуў і ўвесь клас, бо мы чытаць ужо ўмелі, а ў той пачатковай школе, дзе раней вучыўся Паўлік, як высветлілася пазней, чытаць вучылі па метадзе «паўтарай за мной». А пра якія метады навучання можна наогул весці размову, калі ў першыя пасляваенныя гады большасць настаўнікаў у сельскіх школах не мела педагагічнай адукацыі. Як умелі, так і вучылі, і што самі ведалі, таму і вучылі. У трэцім класе, напрыклад, да нейкага канцэрта мы развучвалі вось такую песню: Ванька, мілы, ты ж на мне Абяцаў жаніцца, А сягодня не прыйшоў: Паехаў за граніцу. І хоць стаўшы дарослым не раз з усмешкай успамінаў гэтую «дзіцячую» песню, ніякай віны настаўніцы не бачу, бо праклятая вайна не дала магчымасці маладой дзяўчыне ўзняцца над дамарослай «лірыкай». ...Урок геаграфіі ў 9-м класе. Адна з маіх аднакласніц толькі што адказала дамашняе заданне, і настаўнік пачаў «ганяць» яе па сталіцах розных краін свету. Гэта быў яго любімы канёк — «паганяць» нас па сталіцах. — Сталіца Швецыі? — Стакгольм. — Сталіца Польшчы? — Варшава. — Сталіца Турцыі? — Анкара. — Сталіца Італіі? Вучаніца маўчыць. Настаўнік: — Сталіца Італіі? Вучаніца маўчыць. І тут яе сяброўка з першай парты спяшаецца на выручку і шэпча: — Кажы — Рым. Тая: — Сталіца Італіі — Кажырым! Клас разам з настаўнікам узрываецца ад рогату. А вось калі на ўроку гісторыі адна з вучаніц сказала, што актыўны ўдзел у міжнародным рабочым руху прымала дачка Маркса — Энгельса Элеанора Эвелінг, адразу ніхто не засмяяўся, нават настаўнік. І толькі пад канец урока да настаўніка, як кажуць, дайшло, і ён вырашыў удакладніць, хто ўсё ж быў бацькам Элеаноры. Ну тады ўжо некалькі апошніх хвілін урока пасмяяліся ўсе разам. А яшчэ мяне некалькі разоў выганялі з урокаў, таму што я не мог устрымацца ад смеху, назіраючы за вушамі вучня, які сядзеў перада мной. Справа ў тым, што ў гэтага хлопца была рэдкая здольнасць шавяліць вушамі. І пачынаў ён гэты «цырк» тады, калі настаўнікі тлумачылі новы матэрыял. У класе — цішыня, усе слухаюць настаўніка, гэты цыркач — таксама. І вось раптам ягоныя вушы пачынаюць рухацца то ўверх-уніз, то па чарзе адно вуха ўверх, а другое — уніз. Я і язык кусаў, і вусны, каб як-небудзь стрымаць смех, але — дарэмна, і мяне ў чарговы раз выганялі з урока, пры гэтым настаўнікі лічылі, што смяюся я без прычыны. А я ж не мог назваць сапраўдную прычыну, бо ў нашым юнацкім асяроддзі гэта лічылася амаральным. А смех — гэта ж не грэх. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтага хлопца была рэдкая здольнасць шавяліць вушамі...
|
|