Едзе "хуткая" на выклік.... 21.by

Едзе "хуткая" на выклік...

23.05.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рэпартаж са службы "103"

Урачы "хуткай дапамогі" працуюць суткамі. За змену брыгада можа выехаць на добрыя два дзясяткі выклікаў. Аднак толькі недзе 5 працэнтаў з іх адносяцца да экстранных, калі жыццё чалавека знаходзіцца пад пагрозай. А бывае і наадварот — небяспека пагражае самому лекару... Карэспандэнты "Звязды" правялі адзін дзень разам з брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі.

Адзін выезд брыгады «хуткай» абыходзіцца прыкладна ў 350 тысяч рублёў.

Калі чалавек набірае на тэлефоне "103", то трапляе ў аператыўны аддзел на вуліцы Чырвонаармейскай. А ўжо адтуль выклікі разыходзяцца па дзевяці мінскіх падстанцыях, дзе працуюць 152 брыгады. Здараецца і так, што ў якімсьці аддзяленні ўсе брыгады знаходзяцца на выездах. У выпадку неабходнасці экстрэннай дапамогі выклік у іх "зону адказнасці" пераадрасуецца ва ўсе бліжэйшыя падстанцыі.

"Возім мы "кліентаў" кругласутачна..."

На мінскай падстанцыі № 5, што месціцца на тэрыторыі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, уначы дзяжураць 18 брыгад, а ўдзень на дзве менш — бо ў гэты час працуюць і паліклінікі. Сем экіпажаў заступаюць на вахту працягласцю ў суткі, у астатніх працоўны дзень напалову меншы. У рэйс гатовы адправіцца восем фельчарскіх брыгад. Гэтая падстанцыя адметная тым, што яна адзіная ў сталіцы, якая мае ўвесь набор спецыялізаваных экіпажаў — рэанімацыйны, неўралагічны, педыятрычны, два псіхіятрычныя і тры — інтэнсіўнай тэрапіі. Машыны адпраўляюцца адсюль па ўсёй тэрыторыі Кастрычніцкага раёна, акрамя аддаленага ад сталіцы на два дзясяткі кіламетраў пасёлка Сокал.

— Самая напружаная праца — у фельчарскіх брыгад. Павысілася тэмпература, разбалеўся зуб, парэзаў палец — наш чалавек у большасці выпадкаў ідзе да тэлефона і набірае тры запаветныя лічбы. Хаця ў дзённы час з гэтымі праблемамі можна звярнуцца і ў звычайную паліклініку, — разважае загадчык падстанцыі Таццяна Ігнатовіч. — Мы едзем туды, а ў некага зашкальвае ціск. А брыгада едзе не да яго, яна вымушана разбірацца з залішне надумлівым чалавекам... Адзін выезд брыгады "хуткай" абыходзіцца прыкладна ў 350 тысяч рублёў.

Сапраўдны галаўны боль для медыкаў — гэта людзі, якія перабралі з алкаголем. А ў выхадныя і святочныя дні выклікаў да іх становіцца яшчэ больш. Кожны восьмы з усіх хворых або напіўся да непрытомнасці, або пакутуе ад пахмелля. Часта ён нават не разумее, што з ім робяць і куды яго вязуць.

Часам даводзіцца чуць неўразумелыя рэплікі, навошта "хуткая" забірае п'яных, якія ляжаць на дарозе. Маўляў, адправілі б у выцвярэзнік. Але справа ў тым, што мы не ведаем перадгісторыі выкліку. Можа, гэты чалавек атрымаў чэрапна-мозгавую траўму. І нават калі на галаве няма ніякіх бачных пашкоджанняў, то гэта яшчэ ні пра што не гаворыць. Ды і міліцыянеры лічаць за лепшае лішні раз перастрахавацца.

"Самае бяспечнае месца  — ізалятар часовага ўтрымання"

— Ніхто не супраць, каб выклікаць экіпаж чалавеку, які чамусьці ляжыць на асфальце, — працягвае Таццяна Ігнатовіч. — У жыцці ж можа здарыцца ўсякае — раптам у яго там інфаркт, інсульт, ці проста згубіў прытомнасць. Не застрахаваны ад гэтага ніхто...

Колькі ўжо разоў падзеі разгортваліся і па такой схеме. Спярша людзі выклікаюць "хуткую". За гэты час чалавек крыху ачомаўся. Моцна п'яны не можа кантраляваць свае ўчынкі. Прыязджае брыгада — і ў лепшым выпадку дактары чуюць на свой адрас увесь набор існуючай нецэнзурнай лексікі. Але ж бывае і так, што выпівоха лезе ў бойку... Да таго ж шмат брыгад скамплектавана выключна з маладых жанчын, якія фізічна не могуць даць адлуп п'янюгу.

Кожны дзень урачы павінны правяраць свой «медыцынскі чамадан», каб усе неабходныя лекі заўсёды былі з сабой.

Сёлета здарылася такая прыкрасць і на нашай падстанцыі. "Хуткую" выклікала жанчына. З-за канфлікту з нецвярозым сынам у яе моцна падняўся ціск. Прыехалі фельчары, пачалі аказваць першую дапамогу — і тут доктар атрымаў ад выпівохі ўдар у сківіцу. Упаў, выцяўся галавой, а пасля ў яго дыягнаставалі страсенне мозгу. І амаль месяц ён сам правёў на бальнічным.

Але самая жахлівая гісторыя адбылася некалькі год назад. Малады наркаман ператварыў сваю кватэру ў сапраўдны прытон. Дактароў выклікала маці, якая зайшла яго праведаць. Яна сустрэла брыгаду ля пад'езда, бо ў кватэры было немагчыма знаходзіцца. Першым у жытло ўвайшоў лекар, і яго... пырнулі нажом крыху ніжэй ключыцы. Добра яшчэ, што рана аказалася несмяротнай.

Урачы часам церпяць і ад свойскіх жывёл. Таму на цэнтральнай дыспетчарскай могуць спытаць пра іх наяўнасць.

Як ні парадаксальна, але найбольш бяспечнымі выклікамі ў людзей у белых халатах лічацца выезды ў... ізалятар часовага ўтрымання пры Кастрычніцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў. Для лекараў большая частка яго кантынгенту мала чым адрозніваецца ад насельнікаў прытонаў. Але тут хуліганістага пацыента заўсёды нейтралізуе супрацоўнік міліцыі, на дапамогу прыйдзе і канвой. Што гэта вельмі адрозніваецца ад звычайнага выкліку, калі доктар ведае толькі адрас прыбыцця, а па той бок дзвярэй пануе поўная невядомасць!

"Пад Новы год давялося прыняць роды"

Тым часам на маніторы ў дыспетчарскай падстанцыі з'яўляецца новы радок. Брыгаду выклікаюць у дзіцячы садок па вуліцы Ландара ў Курасоўшчыне. Дваццацігадоваму мужчыне стала дрэнна, ён страціў прытомнасць. Дыспетчар тут жа паведамляе па гучнай сувязі: "Капусцін, Календа!" і адначасова друкуе карту выкліку. У яе будуць занесены рэквізіты пацыента, пастаўлены папярэдні дыягназ і рэкамендацыі лячэння. Пры неабходнасці туды падклеяць кардыяграму.

— Што цікава, у школы і дзіцячыя садкі даводзіцца накіроўвацца рэдка. Затое ніводзін дзень не абыходзіцца без выклікаў да нецвярозых. Гэта і людзі, якім дрэнна пасля запою, і тыя, якія "ў працэсе" ці заснулі на прыпынках грамадскага транспарту... І як з такой навалай змагацца? — разважае фельчар Зміцер Капусцін, пакуль машына "хуткай" едзе па паўднёвых вуліцах сталіцы. — Алкаголь у краме каштуе нядорага, з асартыментам праблем увогуле няма. П'юць, а нам даводзіцца марнаваць на гэтых людзей час, бензін ды яшчэ чуць ад іх на свой адрас далёкія ад літаратурных выказванні.

Зміцер КАПУСЦІН, фельчар «хуткай дапамогі», можа амаль цалкам замяніць звычайнага ўрача-тэрапеўта.

Зміцер Капусцін працуе на "хуткай" вось ужо пяць гадоў. За гэты час атрымаў кваліфікацыю "фельчар, які выязджае самастойна".

— Як ні дзіўна, але найбольш складаныя для нас не дні народных гулянняў, а... вячэрнія выезды. Часам аўтамабіль проста не можа дабрацца да патрэбнага пад'езда з-за стыхійных парковак у дварах. Выклікаць ДАІ не варыянт, бо адлік часу можа ісці на секунды. Адна справа, калі мы нясём толькі чамаданчык з апаратурай, ну а калі ў чалавека, крый Божа, інфаркт ці інсульт? Аўтааматары, бывае ставяць сваіх жалезных коней так, што машына з чырвонай паласой вымушана праходзіць у якой пары сантыметраў ад прыпаркаваных легкавікоў. Асабліва гэта датычыцца тупіковых праездаў, калі іншых варыянтаў выбрацца са двара проста не застаецца... Мо варта адвесці ў кожным двары спецыяльнае парковачнае месца для машын "хуткай дапамогі", каб яго не займалі іншыя кіроўцы? Яно ж шмат тэрыторыі не зойме, а карысць будзе неверагодная...

З часам медыкі становяцца віртуозамі сваёй справы. Атрыманыя тэарэтычныя веды хутка замацоўваюцца дзякуючы бесперапыннай практыцы. Фельчару давялося аднойчы нават... прыняць роды.

— Справа была недзе пад Новы год. 24-гадовая маладзіца дацягнула да апошняга, хоць у яе гэта была ўжо другая цяжарнасць. Сем гадзін доўжыліся схваткі, перш чым яна вырашыла выклікаць брыгаду. Забралі мы яе з Грушаўкі і павезлі ў радзільню 3-й бальніцы, што блізу стадыёна "Дынама". Колькі там ехаць па начной сталіцы — хвілін з дзесяць максімум. Але ўжо каля чыгуначнага вакзала ў машыне пачуўся крык хлопчыка...

Дарогі, дайце візу!

Збочыўшы ў лабірынт двароў, аўтамабіль рэзка збаўляе хуткасць — асфальт тут нагадвае сыр з дзіркамі, але толькі чорнага колеру. Дзіцячы садок знаходзіцца ў самай глыбіні мікрараёна. Пяціпавярховыя дамы і праезды падобны адзін да аднаго, як дзве кроплі вады. Але кіроўца вядзе машыну ўпэўнена, не звяраючыся з картай.

— Гэты раён я ведаю як свае пяць пальцаў, — гаворыць вадзіцель Міхаіл Крыўко. — Заблудзіцца тут для мяне немагчыма, хоць і кручу баранку "хуткай" толькі чатыры месяцы. У іншыя раёны выязджаем вельмі рэдка, можа, раз ці два за месяц. Куды страшней, калі трэба на гранічнай хуткасці везці цяжкахворага чалавека ў бальніцу, а ты не можаш разагнацца як след з-за разбітай ушчэнт дарогі. Ды і машыны з-за гэтага выходзяць са строю.

Калі ж дарога закрываецца на рамонт, зноў паўстае праблема. Кіроўцам машын "хуткай" асабіста не паведамляюць, па якіх вуліцах для транспарту апусціцца шлагбаум. Даводзіцца карыстацца агульнымі зводкамі навін.

Новы мікрараён Лошыца таксама адносіцца да раёна абслугоўвання падстанцыі № 5. Да яго дабрацца складана, бо ад Кастрычніцкага раёна ён аддзелены чыгункай. Таму застаецца спадзявацца, што на кальцавой не будзе затораў. Бо па сустрэчнай паласе затор на гэтай дарозе не аб'едзеш з-за бар'ераў. А наступны мост праз гэтую чыгунку пабудаваны ледзь не ў цэнтры горада — вельмі нязручна.

Урачам "хуткай дапамогі" за дапамогу людзі дзякуюць, але не абыходзіцца і без скаргаў. Маўляў, паднялася тэмпература, а брыгада доўга не ехала. Але да гэтага трэба ставіцца з цярпімасцю. Магчыма, урачы ў гэтую хвіліну ратуюць камусьці жыццё...

Валяр'ян ШКЛЕННІК. Фота Надзеі БУЖАН.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Урачы "хуткай дапамогі" працуюць суткамі. За змену брыгада можа выехаць на добрыя два дзясяткі выклікаў. Аднак толькі недзе 5 працэнтаў з іх адносяцца да...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика