Беларусь у агляднай гістарычнай рэтраспектыве ніколі не была аднамоўнай. Шматкультурнасць і шматмоўнасць заўсёды былі падставай для дыялогу, адкрытасці і талерантнасці. Плённы дыялог, узаемадзеянне і ўзаемная падтрымка маглі б стаць падмуркам неканфліктнага дынамічнага разьвіцця беларускага грамадства і яго культуры і ў будучым.
Аднак за апошняе стагоддзе Беларусь зазнала істотныя змены ў сваім моўным і культурным абліччы. З чатырох некалі афіцыйных моў колішняй БССР вялізныя страты панесла польская, амаль незваротна знік ідыш, падышла да крытычнай мяжы беларуская. У сённяшняй сітуацыі выказванне Валянціна Акудовіча, што Беларусь ніколі не будзе аднамоўнай, успрымаецца як шчырая наіўнасць або самападман.
Калі сённяшні трэнд радыкальна не зменіцца - аднамоўнай Беларусь стане на працягу аднаго-двух пакаленняў. Упершыню за сваю пісаную і няпісаную гісторыю. Што гэта можа азначаць для беларускай будучыні - гадаць не буду. Магчыма, яна стане значна менш беларускай, або і зусім небеларускай, з адпаведнымі геапалітычнымі наступствамі.
Я падазраю, што знойдзецца нямала людзей, якіх гэта асабліва і не хвалюе - якая розніца: Беларусь ці Расія, можа, там будзе яшчэ і лепш. Шукаць аргументы і пераконваць прыхільнікаў такой пазіцыі я не стану, бо не бачу сэнсу - такія людзі ўжо і сёння жывуць у Беларусі як у Расіі, хай сабе і віртуальнай. Я ўскладаю спадзяванні на тых, каму не ўсё роўна.
Make Love Not War!
Сярод тых, хто спрабуе ўратаваць беларускамоўнасць Беларусі, найбольш заўважная, хоць і недастаткова ўплывовая, каб змяніць сітуацыю, група - тыя, хто стаіць на апошнім рубяжы абароны і гатовы змагацца з апанентамі да апошняй кроплі крыві. Яны гатовыя стаць апошнімі магіканамі, патануць у апошняй лодцы, хто не з імі - той супраць іх. Нясмеламу асцярожна-абыякаваму натоўпу яны кідаюць жорсткія папрокі: вы - у войску акупантаў, сваёй беспрынцыпнасцю вы страляеце ў нас. Прысаромлены натоўп адступае далей, некага тыя папрокі можа і зачэпяць, але ж не да такой ступені, каб шукаць для сябе нязручнасцяў...
Такая прыгожая, ахвярная, бескампрамісная пазіцыя, на маю думку, - бясплённая і безнадзейная.
Вялізная маса людзей Беларусі - закладнікі і ахвяры моўнага канфармізму сваіх дзядоў і прадзедаў, і самі яны ў сваёй рускамоўнасці ніяк не вінаватыя. Так, той канфармізм меў свае прычыны - гэта і палітычны тэрор, і сацыяльны ліфт ды звязаныя з ім эканамічныя выгоды - але сёння мы ўжо не знойдзем таго палітыка і чыноўніка, які піхнуў першую костку гэтага гістарычнага даміно, каб выставіць яму рахунак. Нават калі гэтыя ніткі вядуць у царскую Маскву або панскую Польшчу, пошукі рашэння ні ад Усхода, ні ад Захада не залежаць.
Магчымую ролю дзяржавы ў галіне моўнага будаўніцтва я тут не разглядаю. Вырашэнне праблемы "згары" можа быць надзвычай эфектыўнае, але гэта ўжо пытанне ўлады - ці хутчэй яе змены.
Інтэгральная Беларусь
Стрымаць надыход аднамоўнасці і аднакультурнасці (якая пад уплывам папулярных тэлеканалаў не ўзнімаецца вышэй за паўкультурнасць) могуць толькі салідарныя дзеянні ўсіх неабыякавых людзей Беларусі - незалежна ад паходжання, мовы, сацыяльнага статусу. Ідэалам мусіла б стаць Інтэгральная Беларусь, якая б захавала сваю цывілізацыйную, культурную і моўную адметнасць.
Вядома, немагчыма вярнуць незваротна страчаны моўна-культурны ландшафт беларускіх зямель, але сённяшнія людзі Беларусі мусяць дбайна захоўваць памяць пра іншыя традыцыйныя этнічныя супольнасці нашых зямель - габрэяў, палякаў, татараў, літоўцаў, рускіх-старавераў.
У сённяшняй сітуацыі хто не супраць нас - той з намі. Каму ўтульна і прыемна жыць у параўнальна невялікай і спакойнай ўсходнееўрапейскай краіне са сваім тварам, стылем і адметным гістарычным лёсам - проста не мае падставаў не падтрымаць такую агульную платформу Інтэгральнай Беларусі.
Збліжэнне пазіцый цяперашніх рэальных або ўяўных моўна-культурных супольнасцей патрабавала б ад іх пэўных кампрамісаў і пагадненняў.
Што рабіць?
Беларускамоўным варта мець на ўвазе, што абсалютная бальшыня тых, хто сёння (яшчэ) не гаворыць па-беларуску - іх патэнцыйныя саюзнікі, а не здраднікі, акупанты, манкурты і рэнегаты. Неканфліктнасць, цярплівасць, добразычлівасць у дачыненні да іншамоўных - падстава для патрабавання такога самага стаўлення да саміх сябе. Варта заахвочваць і падтрымліваць любыя спробы рускамоўных гаварыць або пісаць па-беларуску - а не высмейваць памылкі або заядацца з тымі, хто нечага не разумее.
Важна не раззлаваць, не пакрыўдзіць, не страціць "на моўнай глебе" ніводнага чалавека. Пра тое, як лёгка пашыраецца любы, нават высмактаны з пальца, негатыў пра "беларусізацыю", мы добра ведаем з "успамінаў", як "усе расейцы сядзелі на чамаданах".
Рускамоўным варта ўсведамляць, што будучыня беларускай мовы ў большай ступені залежыць менавіта ад іх, а не ад беларускамоўных, і адказнасць за яе патэнцыйную страту - таксама большым цяжарам ляжа на іх. Бо яны ў краіне - пераважная бальшыня. Да таго ж руская і беларуская мовы сёння ў непараўнальна розных умовах, таму рэальная дапамога патрэбная беларускай мове - рускай нічога не пагражае.
Абсалютная бальшыня рускамоўных бяз цяжкасці разумее беларускую, а пры большым ці меншым намаганні магла б і гаварыць. Рускамоўным варта спрабаваць свае моўныя навыкі ў звычайных сітуацыях, з сябрамі, калегамі, роднымі - кожнае вашае "дзякуй" і "калі ласка", кожны беларускамоўны камент у сацыяльных сетках - гэта дробны, але важны крок у захаванне мовы.
Ад рускамоўных бацькоў у большай ступені залежыць лёс беларускамоўнай адукацыі - калі дзеці з маленства чытаюць побач з рускімі і беларускія кніжкі, глядзяць беларускія мульцікі, ідуць у беларускія школы, яны вырастаюць больш адкрытыя для свету. Руская (і англійская) мова ад іх нікуды не дзенуцца. Пры гэтым, бясспрэчна, любы прымус што да мовы прыватных зносінаў паміж людзьмі недапушчальны.
На праявы агрэсіі і нецярпімасці ў моўным пытанні мусілі б рэагаваць прадстаўнікі сваёй моўнай супольнасці - выхоўваць сваіх могуць "свае", рэакцыя "чужых" толькі яшчэ болей распаліць антаганізмы. Або такія рэчы варта было б наагул ігнараваць.
У прынцыпе, на аднамоўную Беларусь можна згадзіцца, калі гэтай адзінай мовай будзе мова павагі, еднасці і талерантнасці.
...Кажуць, што імператар Святой Рымскай імперыі Карл V гаварыў з богам па-іспанску, з жанчынамі па-італьянску, з мужчынамі па-французску, а са сваім канём па-нямецку. Як бы ён спрасціў сабе жыццё, калі б ведаў беларускую :-)