Пісьменніцу Веру Буланду высяляюць з кватэры і пазбаўляюць мінскай прапіскі. 21.by

Пісьменніцу Веру Буланду высяляюць з кватэры і пазбаўляюць мінскай прапіскі

17.01.2014 16:18 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес рашэнне аб высяленні з кватэры пісьменніцы Веры Буланды. Пенсіянерка, якая ў 2006 годзе атрымала званне “Настаўнік году”, распавяла Naviny.by, чаму рашэнне суда лічыць незаконным, што адказваюць чыноўнікі на яе шматлікія звароты, і чаму яна не можа перасяліцца ў чарнобыльскую зону, куды ёй пастанавілі пераехаць.

Вера Буланда

Вера Буланда. Пісьменніца, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтар дванаццаці кніг прозы і паэзіі, у 2006 годзе была ўганараваная званнем “Настаўнік году”. Стварыла самадзейны тэатр, які зараз працуе над пастаноўкай пра Кастуся Каліноўскага паводле Уладзіміра Караткевіча.

Фота Радыё Свабода

У 2001 годзе Вера Буланда выйшла замуж за Уладзіміра Казакова, атрымала мінскую прапіску. Яны жылі ў сацыяльнай мінскай кватэры, якую Уладзімір атрымаў па хваробе. У 2006 годзе Уладзімір памёр. Ужо калі яго не стала, 8 красавіка 2006 году, уступіў у сілу ўказ “Аб некаторых мерах па рэгуляванню жыллёвых адносінаў”, па якому жанчыну маглі выселіць з кватэры. 

Калі пісьменніца даведалася пра ўказ, то вырашыла будавацца і падала ў Фрунзенскі райвыканкам заяву на паляпшэння жыллёвых умоваў. Але ў гэтым ёй адмовілі: “Мне прыйшла папера за подпісамі Жамойцінай і Жадзько: “Адмовіць у сувязі з забяспечанасцю агульнай плошчай жылога памяшкання больш за 15 метраў на чалавека”. З гэтага вынікала, што я магу застацца ў кватэры, у якой жыву ўжо пяць год…”.

Але ў 2009 годзе Вера Буланда атрымала ліст са ЖРЭА аб высяленні. “Калі я спыталася, чаму мне тры гады таму адмовілі ў паляпшэнні ўмоваў жылля, чыноўнікі толькі плячыма паціснулі. Менавіта з-за гэтай вось адмовы ўсё і пачалося! Людзі, якія падпісалі той дакумент, ужо звольненыя з выканкама, а цяперашнія супрацоўнікі мне нічога не адказваюць на мае пытанні”, — распавяла пісьменніца.

8 лістапада 2012 году жанчыну выклікалі ў суд. Неабходныя звесткі за яе падавала адвакат Таццяна Самосік.

“Мой муж памёр да ўступлення ўказу ў сілу, гэта значыць, што правы і абавязкі, звязаныя з карыстаннем кватэрай, таксама ўзніклі да таго, як указ пачаў дзейнічаць! Значыць, дамова аб найме сацыяльнага жылля павінна мець бестэрміновы характар”, — лічыць Вера Буланда.

Жанчына падкрэслівае, што суддзя спасылалася на дату, калі ўказ быў прыняты, а гэта было 29 лістапада 2005 года, “але якое мае значэнне, калі ён быў прыняты? Галоўнае, калі ён ўступіў у сілу! Гэта даказвала і мая адвакат. Да таго ж, я выйшла замуж у 2001 годзе і жыла ўвесь час там. На маю думку, было б справядліва прымяняць гэты ўказ да тых людзей, якія, засяліліся ў сацыяльныя кватэры ў 2006 годзе і ведалі б пра магчымае высяленне, каб яны былі папарэджаныя”.

19 снежня суддзя Алена Асіпенка зачытала рашэнне аб пазбаўленні Веры Буланды мінскай прапіскі, а таксама аб высяленні яе з кватэры і спагнанні 780 00 рублёў.

“Мне адзін з выканкамаўскіх чыноўнікаў неяк па сакрэце сказаў, што яны атрымалі ўказ знайсці 20 кватэр, вось яны і шукаюць такім чынам”, — распавяла пісьменніца.

Акрамя дадзенай сацыяльнай кватэры ва ўласнасці Веры Буланды ёсць толькі старая хата ў чарнобыльскай зоне, куды і хочуць выселіць настаўніцу вышэйшай катэгорыі на пенсіі.

Жанчына гаворыць, што ў яе няма іншага выйсця, акрамя як працягваць змагацца за свае правы на пражыванне ў мінскай кватэры, бо ў той вёсцы жыць проста немагчыма: “Калі прыйдуць міліцыянты і выкінуць мяне на вуліцу, то у мяне сэрца разарвецца, ісці мне няма куды. Я проста ў роспачы”.

Жанчына падзялілася, што на лекі і на адваката аддае апошнія грошы са сваёй настаўніцкай пенсіі.

Па парадзе сяброў Вера Буланда напісала прэзідэнту скаргу на Фрунзенскі райвыканкам, але з Адміністрацыі прэзідэнта яна была накіраваная ў той жа выканкам Фрунзенскага раёну…

У Мінгарвыканкаме таксама не спяшаюцца вырашаць праблему пісьменніцы: “Там мне адказваюць: будуйцеся, займайце чаргу! Самае крыўднае ва ўсёй гэтай сітуаццыі тое, што я ў 2006 годзе падавала дакументы на будаўніцтва, але мне адмовілі па незразумелай прычыне! Тады я назбірала грошы на першы ўнёсак. Але потым у мяне пачаліся праблемы са здароўем, патрэбная была дарагая аперацыя, якую не рабілі ў Мінску, і я патраціла гэтыя грошы на аперацыю ў Маскве. А цяпер кошты на жыллё так павысіліся, што я не ведаю, дзе мне ўзяць 117 мільёнаў на першы ўнёсак. У мяне пенсія два мільёны. На паперць з працягнутай рукой ісці?..”.

Падчас судоў, якія цягнуліся паўтары гады, Вера Буланда звярталася да пракурора з пытаннем: “Ці чыталі вы п’есу Астроўскага “Без віны вінаватыя”? Вось і я перад вамі без віны. Растлумачце мне маю віну”. Усе толькі апускалі вочы долу і маўчалі…

Таксама ў дакументах чыноўнікаў ні разу не фігуравала інфармацыя аб тым, што некалі пенсіянерцы было адмоўлена ў паляпшэні жыллёвых умоваў: “Быццам бы і не было нічога! Ім зручней не кранаць гэты дакумент, а зрабіць так, як зручней для выканкама”.




Ася ПАПЛАЎСКАЯ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пенсіянерку, якая ў 2006 годзе атрымала званне “Настаўнік году”, вымушаюць з'ехаць у чарнобыльскую зону, дзе жанчына мае старую хату...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика