Аляксандр Груноў цяпер у Гомельскім СІЗА. Ягоная маці Вольга Грунова кажа, што пасля вынясення смяротнага прысуду ўжо двойчы мела спатканне з сынам у следчым ізалятары на Кніжнай вуліцы. Аляксандр нібыта ўжо сто разоў пакаяўся за свой учынак, але так і не можа зразумець, чаму так здарылася. І толькі пытаецца: колькі разоў яго будуць "расстрэльваць"?
Грунова:"Ён кажа, што не хацеў гэтага рабіць, не хацеў. Не ведае сам, як так атрымалася. Кажа: "Мама, колькі мяне будуць расстрэльваць? Раз "расстралялі" - апраўдалі. Другі раз "расстрэльваюць". Я яго ні ў якім разе не апраўдваю. Пытаюся адно: столькі забойстваў і ўсяго такога, дык чаму яму расстрэл, а іншым даюць 10, 15, 20 гадоў? Колькі каму. Дык чаму расстрэл? Ён што - ахвярны казёл?"
Вольга Грунова кажа, што збірае сыну харчовую перадачу. Ён просіць толькі цыгарэты, заварку гарбаты, канверты і стандартныя аркушы паперы, каб пісаць скаргі, заявы і лісты дадому. Сама маці думае дадаць у перадачу каўбасы, цукерак і смажаных рабрынак, калі толькі апошнія прымуць у ізалятары.
Аляксандр з адвакатам напісаў ужо касацыйную скаргу ў Вярхоўны суд на перагляд смяротнага прысуду. Цяпер чытае пратаколы калегіі крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду. Кніжак не просіць - кажа, што ў ізалятары яны ёсць і іх яму дастаткова.
Сама Вольга Грунова таксама напісала скаргі на прысуд - генеральнаму пракурору і Аляксандру Лукашэнку. Жанчына лічыць, што менавіта выказванні кіраўніка дзяржавы наконт рэзананснага забойства студэнткі ў Гомелі паўплывалі на апошні вырак суду:
"Усё ад Лукашэнкі залежыць. Ён жа неяк выказаўся, што не крыважэрны. Карацей, я напісала. Першы Лукашэнка няхай разбіраецца з пракурорам. Ён даваў указанні, дык няхай зараз думае і вырашае па справядлівасці. Суд проста баіцца вышэйстаячых органаў".
У касацыйнай скарзе на адмену смяротнага пакарання Аляксандар Груноў з адвакатам згадваюць, што калегія крымінальных спраў Гомельскага абласнога суду, у адрозненне ад папярэдняй інстанцыі, дала ацэнку добраахвотнаму прызнанню Аляксандра ў забойстве студэнткі і ягонай яўцы з павіннай, але не ўлічыла іх у выраку.
Пра гэта кажа і гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які назіраў за пераглядам крымінальнай справы супраць Аляксандра Грунова аб забойстве з асаблівай жорсткасцю Наташы Емяльянчыкавай:
"Суд сказаў "А", але не сказаў "Б". Суд прызнаў за Груновым яўку з павіннай як змякчэнне ягонай віны. У такім разе суд мусіў і меру пакарання зменшыць - прызначыць такую меру пакарання, якая не прадугледжвае вышэйшай меры - расстрэлу".
Відавочна, што ў апошнім прысудзе Грунову ягоную яўку з павіннай пераважыў той факт, што Аляксандр раней быў асуджаны на 9 гадоў турэмнага зняволення - за нанясенне сужыцелю сваёй маці цяжкіх цялесных пашкоджанняў, ад якіх той памёр.
Гомельскі забойца Аляксандар Груноў не пагадзіўся з паўторным вынясеннем калегіяй крымінальных спраў абласнога суду смяротнага прысуду за забойства студэнткі...