Гісторыі прыгожага кахання. "Муж і жонка - гэта дуэт, самая блізкая каманда". 21.by

Гісторыі прыгожага кахання. "Муж і жонка - гэта дуэт, самая блізкая каманда"

14.02.2014 18:22 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Генадзь:

- Мы пазнаёміліся з Лізуськай на сустрэчы Віцебскага праваслаўнага брацтва і Пецярбургскай міжвузаўскай асацыяцыі "Пакроў", якія ладзілі сумеснае творчае мерапрыемства ў цэнтры "Дзвіна". Месца гэта сімвалічнае, бо там віцебскія пары гуляюць вяселлі ў беларускай традыцыі. А ў нас там абылося першае спатканне. На ім мы назвалі адзін аднаго чужымі імёнамі, на тым і разышліся. Але зацікаўленне з'явілася. Як пасля прызналася Ліза, яна звярнула ўвагу на маю дзівосную фрызуру, хутчэй недагледжаную, чым адмыслова пастаўленую. Адным словам, уцюхалася сталічная мамзэля ў мясцовага жэўжыка! І "ўзяла" яго за чубрыну, прывабіўшы нейкімі таемнымі дзявочымі сродкамі.

А пазней было першае спазнанне пяшчоты праз нясмелыя дотыкі і адчуванне гарачага подыху вельмі-вельмі блізка, у адным купэйным вагоне, калі ўсё забываецца і адно прагнецца дыхаць вабнотай любай дзяўчыны.

Не істотна, што мы размаўлялі на розных мовах. У закаханых свая гамонка, зразумелая толькі ім. Калі ёсць толькі пачуцці, такія размаітыя і ўзнёслыя...

Аднак ужо на самым пачатку адносінаў паміж намі не стаяла пытанне выбару мовы зносінаў. Толькі беларуская - у ложку і на вуліцы.

Спачатку з дапамогай слоўніка, а потым і самастойна, прайшоўшы інтэнсіўны курс навучання, здольная расійская дзяўчо авалодала мужавай роднай мовай. Спачатку, каб элементарна разумець мяне, а потым - і свабодна размаўляць.

Беларуская мова здольная перадаць жарсць, агучыць грукат шчымлівага сэрца. Яна і сталася мовай нашага кахання. Яна - таксама барометар, па якім я беспамылкова вызначаю ўнутраны стан сваёй Альжбеткі. Калі яна лагодная, то ласкавыя словы вымаўляе правільна, па-беларуску, а варта ёй хоць крыху раздражніцца, як адразу "ч" мякчэе, а "г" пазбаўляецца сваёй грымотнасці. Тут проста трэба неадкладна прытуліць да сябе сваю птушачку і назваць яе самай лепшай. І яна адразу супакоіцца.

Мне прыемна слухаць, як жоначка с захапленнем штосьці распавядае па-беларуску. Я тады нават не імкнуся схапіць сэнс сказанага, а проста з асалодай слухаю яе, бы салоўку. Але сумна, што ў самой Беларусі Лізавету па-беларуску мала хто разумее…

Лізавета:

- Нельга сказаць, што я вырашыла вывучаць беларускую мову. Генусь проста не пакінуў мне выбару. Мне хацелася лепей яго разумець, таму я пайшла ў кнігарню і купіла руска-беларускі слоўнік, так і пачалося маё навучанне. Генадзю было прыемна, калі я размаўляю па-беларуску, і гэта вельмі падтрымлівала мяне. А зараз гэта ўжо ўвайшло ў звычку, нават на працы я часта несвядома ўжываю беларускія словы.

Генадзь:

- Гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч спявае: "Ведае кожны, і пан, і мужык, яна - праваслаўная, я - каталік". Так і з намі роўненька адбылося.

Рознасць канфесій не шкодзіць нам ствараць з дапамогай Бога наш маленечкі хатні касцёл, дзе абавязкова ёсць месца супольнай малітве перад ежай, блаславенню перад выхадам на працу і вечароваму чытанню Святога Пісання.

Вера ў Бога - адзіны трывалы падмурак, на якім варта будаваць адносіны. Іншыя варыяцыі асуджаныя на паразу. Сапраўдная сям'я - гэта мінімум тры асобы, прычым Гасподзь ідзе наперадзе. Дзівакі тыя пары, хто свядома адмаўляецца ад сакраменту вянчання - гэтай ласкі Божай і падтрымкі ў спакусах.

З вясельнага перыяду запомніліся здзіўленыя вочы супрацоўніцы пецярбургскага загса. На мой вокліч перад роспісам: "Госпадзі, спасі маю душу!", яна адказала: "Ну не трэба так, вы ж не смяротны прысуд сабе падпісваеце". Потым мы адстойвалі запіс у дакументах, калі служачыя ўпарта не хацелі пісаць Беларусь, а пераконвалі ў слушнасці наймення "Белоруссия". Але мы дамагліся свайго, чым цешымся дагэтуль. Пасля афіцыйнай працэдуры быў шпацыр і паход у кіно.

Вянчаліся мы ў Колтушскай парафіі святога праведнага Іаана Кранштацкага, дзе сабраліся родныя і сябры, якія прыйшлі павіншаваць нас са звязам на нябёсах. А потым быў мядовы Кіеў, спуск у пячоры і шмат іншых прыемных уражанняў...

Пасля святаў настаюць будні, падчас якіх здараюцца хістанні, выпрабаванні. Аднак ты ўжо не ўяўляеш сябе без самага блізкага і роднага ў свеце чалавека - тваёй любай жонушкі. Ты баішся яе. Але не як драпежніка, а як Бога. Баішся пакрыўдзіць яе давер, яе каханне, яе прыязнасць і залежнасць.

Жанаты чалавек жыве не ўпустую, ён інвестуе свой капітал пад вялікія адсоткі, якія выплочваюцца і памнажаюцца з кожным днём. Жонка - гэта дар Божы, які трэба берагчы і любіць. Яна - брама твайго збаўлення, альбо наадварот - зрынанне ў бяздонне. Выбар за вамі, мужыкі!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рамантыка спатканняў, замілаваныя позіркі ў святле задуменнага месяца, зорапады пацалункаў, гарачыя прызнанні і спеў анёлаў у сэрцы звычайна сканчаюцца...
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика