"Калі не можаш купіць... зрабі гэта сам". Жыхар Баранавічаў ініцыяваў выраб сувенірных магнітаў
07.04.2014 12:18
—
Новости Общества
|
|
Баранавічы - першы з перыферыйных гарадоў, для якога кампанія распрацавала серыю сувенірных магнітаў.
- Чаму Баранавічы? Бо гэта мой родны горад. Гэта цэнтр майго прыватнага сусвету. Я тут нарадзіўся, выгадаваўся, пайшоў у школу, пэўны час працаваў і тут сустрэў сваё каханне, - кажа Сяржук.
Баранавіцкая серыя сувенірных магнітаў эксплуатуе перадусім тэму чыгункі, дзякуючы якой і ўзнік наш горад. Тут і каляровыя цягнікі, і схематычныя рэйкі, і старыя фотаздымкі баранавіцкага вакзала…
- Можна сказаць, што горад Баранавічы туды, дзе ён цяпер месціцца, прыехаў на цягніку. Гэты сімвал ёсць і на афіцыйным гербе горада. Яго ж выкарыстоўваем і мы, толькі па-свойму… - распавядае Сяржук.
І ўсё ж адзін магніт з баранавіцкай калекцыі вылучаецца неафіцыйнай трактоўкай вобразу Баранавічаў. Ён аформлены нібыта кінакадр з назваю "BaranaviCHy City", дзе сам лагатып горада аздоблены чорным пісталетам ды капелюшом дэтэктыва. Гэты магніт разлічаны перадусім не на турыста, а на мясцовую аўдыторыю, якая ў тэме:
- Ніхто, апроч тутэйшых, не ведае, што ёсць агульнага паміж Баранавічамі і амерыканскім Чыкага. Гэта выключна мясцовая "фішка", добра зразумелая толькі цэнтравым валацугам і жыхарам пэўных мікрараёнаў. Такі сабе міні-брэнд баранавіцкіх раёнаў-кварталаў, што, натуральна, трэба разглядаць як сцёб, - смяецца Сяржук.
Дзякуючы падобным "фішкам", на думку Сержука, па-свойму цікавы і адметны кожны горад. Трэба толькі знайсці і адлюстраваць тую разынку, якая прыцягне ўвагу спажыўца.
Літары "і" ды "ў" як частка беларускага брэнду
Бізнес ёсць бізнес, але для Сержука яго занятак - гэта і патрыятычная справа:
- Мы ствараем адмысловыя візітоўкі нашай краіны: паказваем яе прывабнасць, хараство, адметнасці. Гэта наш маленькі ўнёсак у праслаўленне роднага краю.
Рэгіянальныя сувеніры кампанія Сержука аздабляе толькі па-беларуску, каб людзі не забываліся пра родную мову.
- Насамрэч, менавіта турысты з усходу выказваюцца за беларускую мову на нашых сувенірах. У Беларусі яны хочуць адчуваць сябе як у замежжы. І ім цікава прывезці на памяць сувенір, падпісаны на беларускай мове, з нашымі адметнымі літарамі "і" ды "ў".
Для заходняга ж спажыўца, на думку Сержука, перспектыўна выкарыстоўваць беларускую лацінку.
Цяпер кампанія працуе над новымі серыямі сувеніраў і прапануе ахвотнікам дзяліцца сваімі ідэямі наконт магчымых брэндаў Баранавічаў...
- Бо ніхто, апроч нас саміх, не прэзентуе нас свету, - робіць выснову Сяржук Васілеўскі.