Іх не знялі з цягніка і не адправілі ў Нацгвардыю. Маладыя беларусы пайшлі ваяваць за адзіную Украіну добраахвотна.
Баец “Пагоні”, які папрасіў назваць яго “Лесавік”, распавёў Naviny.by пра мэты стварэння атрада і ягоные “франтавыя” будні.
— Як узнікла ідэя стварыць атрад “Пагоня” і чаму?
— Стварэнне атраду “Пагоня”— гэта дэманстрацыя нашай салідарнасці з Украінай. Мы не можам мірыцца з той несправядлівасцю, якая адбываецца сёння ва Украіне. І мы гатовыя дапамагчы справаю, у тым ліку, рызыкуючы жыццём.
Раней украінцы вельмі мала чулі пра ўдзел беларусаў у вайсковых дзеяннях на ўсходзе Украіны на баку Кіева. Мы стварылі інфармацыйную падставу для пашырэння такіх ведаў сярод украінскага грамадства. Пра атрад “Пагоня” рэпартажы знялі ўсе асноўныя тэлеканалы Украіны, нашай дзейнасцю актыўна цікавяцца ўкраінскія, беларускія і замежныя медыя. Гэта мае вялікае сімвалічнае значэнне. Мы робім украінцаў і беларусам бліжэйшымі адзін да аднаго.
Расіянам мы паказваем, што нават так званыя “малодшыя браты”-беларусы не падтрымліваюць іх імперыялістычныя памкненні. У саміх жа беларусаў мы імкнемся ўсяліць надзею, што калі ёсць такія хлопцы, то ў нас яшчэ не ўсё страчана, нягледзячы на 20 гадоў праўлення Лукашэнкі.
На жаль, нас вельмі засмучае рэакцыя некаторых беларусаў на ідэю стварэння атраду. Кажу не пра КДБшнікаў ці замбаваных крамлёўскай прапагандай — з імі і так усё зразумела, але пра нашых паплечнікаў з грамадзянскай супольнасці, апазіцыі.
Некаторыя кажуць, што мы проста піярымся, некаторыя смяюцца, што ў жаўнераў “Пагоні” на фотаздымках берцы рознага колеру. Тым людзям, якія нас крытыкуюць за медыйную актыўнасць, мы можам параіць спачатку самастойна абмундзіраваць хаця б аднаго беларуса ў любым з батальёнаў. Гэта вельмі нятанна. Нам атрымалася сабраць пэўныя сродкі, за якія былі набытыя патрэбныя на вайне рэчы. Без распаўсюду інфармацыі пра “Пагоню” у СМІ гэта было б немагчымым.
— Колькі людзей зараз у атрадзе?
— Атрад “Пагоня”— гэта не толькі байцы, якія адпраўляюцца на фронт. Гэта таксама і людзі, якія займаюцца лагістыкай, зборам сродкаў, распаўсюдам інфармацыі пра атрад і ўкраінскія падзеі агулам і г.д. У гэтым сэнсе “Пагоня” налічвае некалькі дзесяткаў чалавек, большасць з якіх выконваюць “мірную місію”.
Наколькі я ведаю, усяго на дадзены момант пажадалі далучыцца каля 100 чалавек. Хто з іх увойдзе ў склад атраду у будучыні, будзе вырашацца з кожным індывідуальна пасля ўсіх перамоваў і праверак.
— Дзе праходзяць падрыхтоўку байцы “Пагоні”?
— Байцы атраду праходзяць падрыхтоўку пры ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнах, у якіх пазней будуць служыць. Навучаюцца абыходжанню са зброяй, тактыцы бою. Таксама з імі працуюць спартоўцы, якія падцягваюць іх фізічныя кандыцыі і навучаюць прыёмам адзінаборстваў. Хоць у асноўным людзі ў нас спартыўныя, і фізічную форму маюць добрую.
— Апішыце, з чаго складаецца звычайны дзень байца.
— Для бяспекі байцы падзеленыя на невялікія групы, якія паміж сабой не перасякаюцца. Прынамсі, на дадзены момант мы працуем па такой схеме. Таму і на нашых фота вы адначасова не ўбачыце болей за 5 чалавек. Навучанне групы праходзяць у розных батальёнах, у якіх пазней і будуць служыць. Таму распарадак дня ў іх адрозніваецца.
— Як вы знаходзіце навабранцаў?
— Адмыслова мы нікога не шукаем — людзі выходзяць на атрад самастойна. Бярэм у асноўным людзей, якіх рэкамендуюць нашыя сябры ці якіх ведаем асабіста. Таксама ў інтэрнэце распаўсюджаны афіцыйны эмэйл “Пагоні”, на які можна напісаць і пасля праверак атрымаць магчымасць стаць часткай атраду.
— Як правяраеце навічкоў?
— Паколькі большасць гэтых людзей мы ведалі раней, то правяраць іх не трэба. Што тычыцца імаверных засланых казачкоў з КДБ, ёсць пэўныя спосабы праверкі. Безумоўна, гарантаваць 100% чысціню ад агентаў мы не можам, хаця і робім для таго ўсё магчымае. Гэта рызыка, і мы яе ўсведамляем. Людзей таксама правяраюць у батальёнах, у якіх яны будуць служыць. Напрыклад, з імі працуюць псіхолагі.
— Дзе вы здабылі зброю і абмундзіраванне?
— Зброя, якую вы бачылі на фота, гэта зброя, з якой хлопцы трэніруюцца ў афіцыйных трэніровачных цэнтрах пры добраахвотніцкіх батальёнах. Зброю для ўдзелу ў вайсковых аперацыях хлопцы атрымаюць на месцы. Абмундзіраванне (форму, каскі, бронежылеты) мы набываем за ахвяраваныя на атрад грошы альбо знаходзім бясплатна дзякуючы нашаму ўкраінскаму сябру Ігару Гузю. Вялікі дзякуй усім беларусам, якія дасылаюць ахвяраванні на размешчаныя ў інтэрнэце рахункі. Без вашай падтрымкі дзейнасць “Пагоні” была б немагчымая.
— Колькі людзей з атрада паехала на фронт?
— Пра стварэнне атраду было заяўлена трохі больш трох тыдняў таму. Падрыхтоўка да адпраўкі на фронт у спецыяльных цэнтрах пры батальёнах займае некалькі тыдняў. Зараз падрыхтоўку ў іх праходзяць ці заканчваюць 10 чалавек. Калі вы зададзіце гэтае ж пытанне нам праз тыдзень, то мы зможам вам сказаць колькі чалавек прайшло падрыхтоўку і зараз знаходзіцца на фронце.
— Ці маеце вы праблемы з беларускімі спецслужбамі, а таксама з украінскімі уладамі?
— З беларускімі спецслужбамі рэальных праблемаў мы пакуль што не маем. Тым не менш, відавочна, што КДБ праявіла надзвычай вялікую цікаўнасць да нашай дзейнасці ад першага дня існавання атраду. На дадзены момант гэта інфармацыйны і псіхалагічны ціск — распаўсюджванне хлуслівай інфармацыі пра атрад і ягоных удзельнікаў, пагрозы крымінальным пераследам людзям, якія праявілі публічную цікавасць да атраду, стварэнне фэйкавых старонак у інтэрнэце ад нашага імя.
Што тычыцца украінскіх уладаў, мы з імі мала перасякаемся і ніякіх праблем з імі не маем. Спадзяемся, так будзе і надалей.
— Удзел у канфлікце на ўсходзе Украіны можа стаць для вас квітком у адзін канец. Вы ўсведамляеце гэта?
— Усведамляем. У атрадзе знаходзяцца дарослыя людзі, якія прынялі ў сваім жыцці лёсавызначальнае рашэнне. Нашым людзям, якія будуць мець праблемы на радзіме з-за сваёй дапамогі Украіне, атрад будзе дапамагаць усімі магчымымі спосабамі. Мы ўжо працуем у гэтым кірунку.