Чаму жыхары Ліёзна масава ездзяць на заробкі ў Расію?
27.10.2014 13:26
—
Новости Общества
|
Шэсць раніцы. Добры марозец пашчыпвае шчокі, на вуліцы яшчэ цёмна. Пад ліхтаром ля чыгуначнай станцыі ў Лiёзна чалавек 15-20 пераступаюць з нагі на нагу ў чаканні транспарту. Карэспандэнт
![]() - Дванаццаць кіламетраў - гэта не адлегласць, - скептычна ўсміхаецца трыццацігадовы Павел. - Расiяне самі забіраюць, самі назад прывозяць. Акрамя таго, з раніцы тры цягнікi ў Расію iдуць. Працую на абутковай фабрыцы. Зарплата? Хто ж вам праўду скажа? Хапае... У мяне жонка ў адпачынку па доглядзе дзiцяцi, двое малых. Чаму ў Лiёзна не працаўладкаваўся? Мне так зручней... Зручней працаваць на эканоміку іншай дзяржавы і яго сябру - 38-гадоваму Сяргею. Ён у Рудні будуе прыватніку дом. Дадому прыязджае не кожны дзень - зацікаўлены ў больш хуткай здачы аб'екта. Дачка ў гэтым годзе паступіла на бюджэтнае аддзяленне медуніверсітэта, трэба дапамагаць. Суразмоўцы, відавочна, не настроены на адкрытасць. Нарэшце яны з палёгкай уздыхаюць - да нас пад'язджае ёмісты "мiкрык" з расійскімі нумарамі. . Каманда здаровых маладых людзей адпраўляецца на заробкі ў суседнюю краіну, а я разважаю над відавочным. Сёння дзяржава выдаткоўвае немалыя грошы на выплату дапамог і медыцынскае абслугоўванне жонкі і дзяцей Паўла. Бясплатна вучыць і плаціць стыпендыю дачцэ Сяргея. Самі гастарбайтары карыстаюцца медыцынскай дапамогай, датуюцца з бюджэту жыллёва-камунальныя і транспартныя паслугі. Хто ўсё гэта аплачвае? Я, ты, мы - усе разам. Той, хто працуе тут, у Беларусі, і спраўна адлічвае падаткі ў агульную казну. Дзе тады, скажыце, сацыяльная справядлівасць? А што думаюць наконт гэтага самі лiёзненцы? Начальнік аўтастанцыі Алена Антоненка разважае як транспартнік і проста грамадзянка. Яе хвалюе, што нярэдка аўтобусы (а іх чатыры) на Рудню iдуць паўпустыя. А яшчэ нядаўна білет было практычна не купіць. А цяпер большасць абыходзіцца без грамадскага транспарту. Ездзяць на асабістых аўто, з дапамогай нелегальных перавозчыкаў, ды і расійскія працадаўцы транспартнае пытанне паспрабавалі ўрэгуляваць. - У Рудню едуць не толькі будаўнікі, абутнiкi, швачкі, але і цырульнікі, зубныя тэхнікі, іншыя спецыялісты, - кажа Алена Антоненка. - Ведаю нашых хлопцаў, якія маюць уласныя фуры, займаюцца грузавымі перавозкамі, але машыны ўхiтрылiся зарэгістраваць у Расіі. Значыць, і грошыкі не ў наш бюджэт "капаюць". Крыўдна неяк... А ці крыўдна раённым уладам? За адказам іду да старшыні раённага Савета дэпутатаў Тамары Дрылёнак. У Тамары Леанідаўны акурат прыём грамадзян. Наведвальніца - 48-гадовая Марына нядаўна вярнулася з турмы, дзе правяла некалькі гадоў за цяжкае злачынства. Пакуль сядзела, дзяцей выгадавала дзяржава. А вось пазыкі засталіся: па аліментах трэба выплаціць яшчэ каля 9 мільёнаў рублёў. Зараз вырашаецца пытанне працаўладкавання, прыдатную працу наведвальніца сабе падабрала ўжо. Хоча быць апякункай, даглядаць нямоглых людзей. Аднак старшыня райсавета катэгарычная: Марыну ўжо чакаюць на ферме - цялятніцай. - Я яшчэ прыеду на комплекс, - абяцае ёй Тамара Дрылёнак, - і вынiкi работы ў цябе праверу. Вось пяць хвілін таму яшчэ адна такая просьба была, - гэта ўжо ў мой адрас. - З ЛПП вярнулася. Таксама дай ёй работу, прычым лепшую. Пойдзе на льнозавод, а там пабачым. Марына, ураз змяніўшы бойкі тон, ціхенька выслізгвае за дзверы. Разумее: калі заўтра не выйдзе на працу - чакай непрыемнасцей. - Такіх падапечных у нас няшмат, - кажа кіраўнік дэпутацкага корпуса. - Крыху больш за 50 абавязаных асоб. Усіх трымаем пад строгім кантролем. А вось з гастарбайтарамі сітуацыя больш скаладаная. За межамі раёна працуюць многія. Не ўсе ездзяць у Расію, хтосьцi працуе ў Мiнску, Віцебску. Тым не менш армія, вядома, вялікая. А нам патрэбны людзі ў сельскай гаспадарцы, швачкі, прадаўцы, рабочыя на льнозавод. Ёсць вакансіі з прадастаўленнем жылля ў вёсцы. Але пераканаць чалавека працаваць па месцы жыхарства не заўсёды ўдаецца. Паспрабуем прааналізаваць сітуацыю. У Лiёзненскім раёне пражывае звыш 16 тысяч чалавек. Амаль 9 тысяч - у працаздольным узросце, у эканоміцы заняты 6,6 тысячы чалавек. З улікам прадпрымальнікаў, жанчын, якiя знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзiцяцi, і інвалідаў не працуюць як мінімум тысяча чалавек. Дапусцім, што кожны трэці з гэтай тысячы (з лішкам!) працуе ў іншых рэгіёнах Беларусі. Вось і атрымліваецца, што 600-700 тых, хто едзе за межы краіны. А цяпер возьмем толькі адзін вiд выдаткаў на гэтых людзей - медыцынскае абслугоўванне. У цэлым па Віцебскай вобласці на аднаго жыхара ў год траціцца 2,7 мільёна рублёў. Памнажаем на колькасць "гастарбайтараў" і атрымліваем амаль 2 мільярды рублёў. Пытанне: колькі чалавек павінна працаваць тут, каб кампенсаваць выдаткі дзяржавы не толькі на сябе, але і "на таго хлопца"? На зваротным шляху ў абласны цэнтр пасажыры маршруткі бурна абмяркоўвалі апошнія навіны: у Санкт-Пецярбургу 20 кастрычніка разбіўся рабочы з Віцебска. Ён будаваў дом на Васільеўскім востраве і сарваўся з рыштаванняў. Дзве пасажыркі, якія сядзяць побач, тут жа перарываюць гутарку пра пакупкi, цягнуцца да тэлефона даведацца, ці ўсё ў парадку з роднымі і блізкімі. У адной у Расіі, як высветлiлася, працуе сын, другая толькі што выправіла на заробкі пляменніка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт пагаварыў з гастарбайтарамі з Ліёзна, якія ездзяць на працу ў расійскую Рудню.
|
|