Вернікі Віцебска пачалі збіраць грошы, каб аднавіць касцёл святога Антонія ХVIII стагоддзя. 21.by

Вернікі Віцебска пачалі збіраць грошы, каб аднавіць касцёл святога Антонія ХVIII стагоддзя

17.06.2015 11:58 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наколькі рэальна на сённяшні дзень аднавіць знакавы для Віцебска храм - касцёл святога Антонія, які знаходзіўся ў цэнтры горада, насупраць ратушы? Сваімі думкамі на гэты конт у інтэрв'ю "Народным навінам Віцебска" падзяліўся айцец Вячаслаў Барок - пробашч аднайменнага касцёла на вуліцы Гагарына.


Касцёл святога Антонія на паштоўцы пачатку XX стагоддзя

- Рашэнне аб аднаўленні касцёла ўжо ёсць, - пачаў айцец Вячаслаў. - Яго прынялі вернікі. А калі вернікі вырашылі, так яно і будзе. Вядома, у гэтай справе не абыйсціся без дазволу гарадскіх уладаў. Але я не думаю, што яны будуць супраць таго, каб упрыгожыць наш горад гэтым храмам.

- Часам гучаць думкі, быццам храмаў у горадзе ўжо хапае…


- За апошні час у Віцебску з'явіліся тры новыя касцёлы. Варта заўважыць, што яны не пустуюць, вернікі туды прыходзяць. Тым больш лагічным з'яўляецца адказ на пытанне, ці варта будаваць храм ў самым цэнтры горада. Гэта рабіць абавязкова трэба. Яшчэ і таму, што ён - фундаментальная рэч. Віцебск не ёсць Віцебскам без храма святога Антонія. Да таго ж касцёл лагічна завершыць архітэктурны ансамбль вуліцы Леніна.

Менавіта з гэтага касцёла пачаўся славуты Віцебск XVIII стагоддзя, пабудаваны ў стылі барока. Хіба не выклікаюць шчырага захаплення ўжо адбудаваныя храмы таго часу?

Дарэчы, архітэктар касцёла святога Антонія - Юзаф Фантана,  плённа папрацаваў у Віцебску. У 1742 годзе ён пачаў праектаванне вышэй названай святыні, потым у 1743 годзе ўніяты замовілі яму праект Успенскага храма. Амаль у той жа час з'явіліся праекты касцёлаў святога Юзафа (пазней адышоў братам праваслаўным) і святых Пятра і Паўла.

Мы вельмі цешымся, што праваслаўныя адбудоўваюць храмы. Але радасць усіх хрысціян будзе поўнай, калі паўстане і значны каталіцкі храм. Гэта трэба і для раўнавагі нашага грамадства. Так, як заўсёды было на нашай зямлі.


Ксёндз Вячаслаў Барок

- Ці знойдзецца магчымасць размясціць касцёл у кантэксце сучаснай забудовы вуліцы Леніна? Аднаўленне храма пагражае звужэннем праезжай часткі. Да таго ж, ягонае месца зараз часткова занята фантанам.

- Мне здаецца, што ўсе гэтыя праблемы можна вырашыць. Захаваўшы тое, што важна для горада. Фантан - справа важная. Ён стаў сімвалам Віцебска. Але для яго можна знайсці і іншае годнае месца. Дарэчы, аўтар фантана не супраць пераносу. А што тычыцца звужэння вуліцы Леніна, то гэта рабіць наогул неабавязкова. Касцёл можна перанесці на пару метраў далей і захаваць шырыню вуліцы.

- Якую суму трэба сабраць віцебскім вернікам, каб пачалося аднаўленне храма?

- Для таго, каб зрабіць праект, патрэбна каля 150-200 тысяч долараў. А для пабудовы касцёла ў "сырым" стане - каля 2 мільёнаў долараў. На першы погляд, сума падаецца вялікай. Але паспрабуйце пералічыць яе на такую "валюту", як гарэлка. Падлічана, што Беларусь прапівае за год больш за 2 мільярды долараў. У параўнанні з гэтай лічбай 2 мільёны уяўляюцца невялікай сумай.

Я больш чым упэўнены, што вернікі Віцебскай дыяцэзіі будуць у стане сабраць гэтыя грошы. Бо ёсць туга па гэтаму храму. І гэта важна.

Шчыра кажучы, пакуль сабралі не шмат. Але зараз мы шмат думаем у гэтым кірунку, размаўляем з архітэктарамі, пачынаем весці дыялог з уладай. І вядома, молімся. Каб усё гэта не спынілася на размовах, а дало плён.




- Які ваш асабісты прагноз? Праз які час можа рэальна з'явіцца храм?

- У нашым касцёле прайшло свята ў гонар святога Антонія Падуанскага. На хлебе для ахвяраванняў, які мы выпеклі спецыяльна да ўрачыстасці, напісана: "Касцёл быў збудаваны ў XVIII стагоддзі, у XX стагоддзі ён зруйнаваны. І на добраахвотныя ахвяраванні вернікаў і людзей добрай волі ён будзе адбудаваны ў XXI стагоддзі. Мы адбудуем святыню, а святы дапаможа нам знайсці згубленую веру. Еш хлеб - рабі дабро".

Значыць, у ХХІ стагоддзі ён будзе адбудаваны. Не трэба супраціўляцца волі Божай. Бо Слова Божае кажа: хто знішчыць святыню Бога, таго знішчыць Бог. У сваю чаргу, хто адбудуе святыню Бога, таму Бог спашле благаславенне. Гэта лагічна.

Таму няхай кожны імкнецца гэтае благаславенне Божае атрымаць. І вернікі, і ўлада - кожны, хто можа пасадзейнічаць адраджэнню гэтага храма. Я думаю, у плённым супрацоўніцтве з людзьмі добрай волі і ўладай мы гэты храм адбудуем ужо ў хуткім часе.


Касцёл святога Антонія на вуліцы Гагарына. Фота: Ігар Мацьвееў

- Зараз касцёл святога Антонія тут. І вы пробашч гэтай парафіі. Вам не будзе крыўдна, што святы будзе апекавацца іншым храмам?

- Святога ж у нас не забяруць. І ў яго хопіць і сіл, і здольнасці апекавацца ўсімі вернікамі. Тут ніякай праблемы няма. Тым больш, што будынак па вуліцы Гагарына стане не храмам, а найперш культурна-рэлігійным цэнтрам. Вядома, капліца тут будзе, у ёй будуць маліцца людзі. Бо веруючаму чалавеку трэба маліцца ў любым будынку. Але акрамя яе запланавана зала, прыстасаваная для розных канцэртаў, фестываляў, праглядаў фільмаў і гэтак далей.

На развітанне айцец Вячаслаў правёў нас па яшчэ недабудаваным касцёле святога Антонія на вуліцы Гагарына. Праца тут ідзе актыўна. Хутка будзе ўпарадкавана тэрыторыя каля храма. А малітоўную залу ўжо ўпрыгожвае роспіс, выкананы мастаком Уладзімірам Кандрусевічам. Другі этап будоўлі - кіназала: тут пакуль яшчэ працы шмат.

Касцёл будуецца па ўсіх правілах безбар'ернага асяроддзя. Лесвіца перад уваходам прадубліравана пандусам, у праекце прадугледжаны ліфт-пад'ёмнік. Ім змогуць карыстацца не толькі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, але і маладыя мамы.

Наўрад ці нехта будзе спрачацца з тым, што новы храм прыкметна ўпрыгожыў урбаністычны пейзаж вуліцы Гагарына.

Вельмі хочацца верыць, што і вернікам, і ўладам, і ўсім неабыякавым да гістарычнага мінулага людзям хопіць моцы давесці да канца распачатую справу. І старажытны "цёзка" новага касцёла ў хуткім часе давершыць архітэктурны ансамбль цэнтральнай вуліцы Віцебска.

Чытайце таксама:

Малады віцебскі біскуп робіць гімнастыку, любіць рок і марыць аднавіць знакавы касцёл. Інтэрв'ю з Алегам Буткевічам
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб зрабіць праект, патрэбна каля 150-200 тысяч долараў. А для пабудовы касцёла ў "сырым" стане - каля 2 мільёнаў долараў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика