Што бы сказаў Лукашэнку чалавек, якога той хацеў бы бачыць апанентам. Інтэрв'ю з Алегам Трусавым
11.09.2015 08:52
—
Новости Общества
|
Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў сядзіць насупраць за сталом на сядзібе ТБМ. Расказвае, што пасля — Назаўтра ж пасля выказвання беглі праз дарогу і цягнулі руку, — смяецца ён, прышчурыўшы вочы. Падчас размовы з журналістамі Лукашэнка адзначыў, што Алег Трусаў таксама мог бы стаць кандыдатам у прэзідэнты. І калі з другімі кандыдатамі яму дэбатаваць няма пра што, то з ім бы гаварыць за адзін стол сеў. «Потому что он, по-моему, всегда был искренним, когда что-то говорил. Хитроватая улыбка, но всегда был искренним», — сказаў тады кіраўнік дзяржавы. Са свайго боку Алег Трусаў кажа, што таксама б пагадзіўся падыскутаваць з прэзідэнтам, з якім «асабіста добра знаёмы», дзякуючы працы аднаго і другога дэпутатамі ў Вярхоўным савеце XII склікання. Дык наконт чаго б паспрачаўся Трусаў з Лукашэнкам? «Дакладна ведаю, што ў гэтай краіне я ніколі не перамагу»— Як вы пазнаёміліся з Аляксандрам Лукашэнкам? — У першы дзень працы Вярхоўнага Савета XII склікання. Ён запісаўся ў дэмакратычны клуб, я там таксама быў. Ён праявіў сябе як вельмі актыўны дэпутат, выступаў кожны дзень. Увесь час казаў пра тое, што кіраўнікоў сельсаветаў, раёнаў, абласцей трэба выбіраць усім народам. А я ў свой час за гэта збіраў подпісы па лініі партыі БНФ. Ён першым падпісаўся за гэта, мы разам на некаторыя мітынгі хадзілі. Калі быў дэпутатам, ён часта называў сябе апазіцыяй. Больш за тое, яго вельмі не любілі у ЦК КПБ, лічылі выскачкам. Ні Сакалоў, ні Малафееў (першыя сакратары ЦК КПБ. — Заўвага TUT.BY) ніякага захаплення ад Лукашэнкі не мелі. Тады нельга было ўявіць, што ён стане прэзідэнтам. Тым больш, доўгі час мы, як дэпутаты, выступалі супраць прэзідэнцтва. Адзінае, слава Богу, што народ выбраў Лукашэнку, а не Кебіча (першы прэм’ер-міністр Беларусі, галоўны апанент Аляксандра Лукашэнкі на выбарах прэзідэнта ў 1994 годзе. — Заўвага TUT.BY). Наш народ намнога разумнейшы, чым пра яго кажуць. Каб выбралі Кебіча, нас бы здалі ў Расею. Усё ж такі Лукашэнка пры ўсіх нюансах вельмі любіць уладу. У нас з ім шмат агульнага ў біяграфіі: у яго, як і ў мяне, было цяжкае дзяцінства. Ён вырас без бацькі, а я наогул без бацькоў. Мяне маці аддала на выхаванне бабулі, тая — прабабулі. Нарадзіліся мы ў адной вобласці, адным годзе і адным месяцы. Я старэйшы за яго на два тыдні. Але мы з ім розныя ў тым, што ён — прадстаўнік савецкай вёскі, а я — старажытнага горада Мсціслаўля. У маім родзе шмат шляхты. Мяне выхоўвалі як шляхціча, гараджаніна. — Вядома, што падчас дэпутатцтва вы шмат пра што з ім спрачаліся … — Я памятаю і ведаю, што ён заўжды быў папулістам. Я папулізм ненавіджу. Таму і спрэчкі былі. Калі ён штосьці абяцаў, я казаў, што гэта зрабіць нерэальна. Папулізм — яго канёк, на ім ён і стаў прэзідэнтам. Напрыклад, абяцаў, што верне савецкія ўклады. І ўсе пенсіянеры, у якіх згарэлі грошы, пабеглі за яго галасаваць. — А якія вы бачыце плюсы і мінусы ў яго палітыцы? — Плюс у тым, што для яго незалежнасць Беларусі — уласная незалежнасць. Самы вялікі мінус — неразуменне ролі культуры ў нашай краіне. — Ці не здзівіліся вы, што Лукашэнка назваў вас патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты? — Не. Колькі было прэзідэнцкіх кампаній, столькі мне розныя людзі прапаноўвалі вылучацца кандыдатам. Не буду называць іх імёны… І ў гэты раз прыходзілі з прапановай. Але ў мяне ніколі не было такіх амбіцый. — Чаму? — Я палітык рэальны. Дакладна ведаю, што ў гэтай краіне я ніколі не перамагу. Каб галасы лічылі, я б мог узяць да 20−25%. Па розных момантах са сваімі ідэямі ў гэтым грамадстве я перамагчы не магу, а хлусіць людзям не хачу. — А каб у вас сёння былі дэбаты з Лукашэнкам, пра што б вы паспрачаліся? — Па-першае, я б выслухаў яго. Не бывае, што апанент цалкам не мае рацыі. Калі больш за 20 гадоў кіруе краінай, то шмат чаго ведае, досвед прыходзіць з гадамі. Але самым маім галоўным аргументам у дэбатах з ім было б тое, што аснова эканомікі - культура. «У безкультурнай краіне законы не дзейнічаюць»— І калі б вы сталі кандыдатам у прэзідэнты, то ў перадвыбарчай праграме таксама былі б моманты пра культуру? — Безумоўна. Гэтыя гульні ў эканоміку без культуры нічога не даюць. Галоўная задача ў любой краіне, калі хочаш дабрабыту, — падняць узровень культуры. У безкультурнай краіне законы не дзейнічаюць. Якія б добрыя законы не пісаў, калі маральна чалавек невыхаваны, ён будзе красці, будзе карупцыя… Любая краіна толькі тады перамагае, калі ёсць нацыянальная ідэя, апора на культуру і мараль. — Культура ўключае шмат момантаў. Што вы канкрэтна маеце на ўвазе? — Я б прапанаваў на пераходны этап развіцця краіны рабіць законы прамога дзеяння. Напрыклад, на культуру ў бюджэце, які б ён ні быў, мы выдзяляем 2,5−3%, на адукацыю — 15%… І калі мы гэтыя працэнты заб’ём, тады ўжо не будзе магчымасці зрабіць нашых настаўнікаў і медыкаў галадранцамі. Пакуль наша інтэлігенцыя зарабляе менш, чым дворнік, ніколі краіна багатай не будзе. Я б паўтарыў палітыку Прусіі ў XVIII стагоддзі, калі каралі ўпершыню ўвялі бясплатную адукацыю для ўсіх хлопчыкаў у сваім каралеўстве. Тады заробак настаўніка прыраўнялі да заробкаў жандарма і афіцэра. Нам трэба мяняць адносіны да людзей. — А што наконт беларускай мовы? — Я зрабіў бы беларускую мову прэстыжнай. Але наша краіна павінна быць шматмоўнай. Яна і была такая. Кожны інтэлігент павінен ведаць тры-чатыры мовы. Будучы прэзідэнтам, я размаўляў бы па-беларуску, а на іншых мовах гутарыў бы толькі з прадстаўнікамі іншых краін у нефармальнай абстаноўцы, без гальштука. Кіраўнік краіны, хаця і ведае мову суседа, павінен з ім размаўляць на сваёй праз перакладчыка. Гэта этыкет. — Як бы вы павысілі прэстыж беларускай мовы? — Усе чыноўнікі, нягледзячы на нацыянальнасць, павінны былі б здаваць дзяржаўны іспыт па-беларуску. Як у Казахстане, дарэчы. Прыватныя фірмы няхай самі выбіраюць, на якой мове працаваць, але ўсе афіцыйныя дакументы павінны быць па-беларуску. Таксама я б стварыў нацыянальны ўніверсітэт, дзе асноўную колькасць прадметаў выкладалі б па-беларуску, некаторыя, напрыклад, фізіку і матэматыку, — па-англійску. У многіх школах і гуманітарных універсітэтах я б увёў польскую мову, якая калісьці таксама была ў нас дзяржаўнай. Таксама мела б плён, каб жыхары памежных тэрыторый вучылі мовы суседзяў: украінскую, латышскую, літоўскую… Калі б нашы бізнесмены, якія жывуць на мяжы з Літвой, ведалі літоўскую мову, адразу б іх бізнэс расквітнеў. Літоўцы любяць тых, хто хоць пару словаў скажа на іх мове. Дзяржаўная мова павінна быць адна — беларуская. Але павінна быць запісана у законе «Аб мовах», што ёсць мовы іншага плану. Напрыклад, руская, англійская — абавязковыя для вывучэння ва ўсіх школах. — Чаму вы лічыце, што галоўнае — змяніць стаўленне да культуры? — Як толькі мы зробім карэнныя змены ў культуры і адукацыі, падымецца наша эканоміка. Пакуль мы не зробім гэтага, можна мяняць любых прэзідэнтаў… Лябедзька (старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, збіраў подпісы за вылучэнне кандыдатам на пост прэзідэнта на выбарах 2015 года. — Заўвага TUT.BY) кажа, што трэба стварыць мільён працоўных месцаў. Усё гэта глупства. Без пад’ёма культуры і маралі на гэтыя месцы прыйдуць жулікі, пьяніцы і казнакрады. «Сённяшнія выбары — самыя смешныя ўва ўсёй гісторыі Беларусі»— Калі казаць пра сённяшніх кандыдатаў у прэзідэнты, то каго б вы падтрымалі? — Сярод сённяшніх кандыдатаў няма ніводнага. Сённяшнія выбары — самыя смешныя ва ўсёй гісторыі Беларусі. Калі нічога не зменіцца, то яны будуць апошнімі для ўсіх гэтых кандыдатаў, у тым ліку і для сённяшняга прэзідэнта. Ёсць прагнозы, што гэта апошнія для яго выбары. Калі не зменіцца ўнутраная палітыка, то ён, магчыма, пяць год не пратрымаецца. Мы настолькі ў гэтай безкультурнай краіне загналі эканоміку ў такое месца… Не зрабіўшы рэформ, пра якія я сказаў, два-тры гады мы можам яшчэ пражыць па інэрцыі за кошт распродажу маёмасці, расійскіх баз набяром, нам нейкія грошы дадуць, яшчэ прадамо штосьці кітайцам — і канец. — У адным з інтэрвью вы казалі, што жанчына ў нашым грамадстве магла б стаць прэзідэнтам. Чаму вы так лічыце? — Я і далей гэту ідэю падтрымліваю. Таленавітых і здольных жанчын ў нас шмат. Тая ж наша Алена Анісім (філолаг і намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. — Заўвага TUT.BY ), Святлана Калінкіна (шэф-рэдактар газеты «Народная Воля». — Заўвага TUT.BY), Зінаіда Бандарэнка (дыктар, тэлевядучая і народная артыстка Беларусі. — Заўвага TUT.BY)… Мы — жаночая нацыя. У нашай гісторый было шмат знакамітых жанчын: Рагнеда, Еўфрасіння Полацкая, Соф’я Слуцкая. Так сталася, што менавіта жанчыны захавалі беларускія мову, песні, фальклор. Чаму мова называецца «матчына», а не «бацькоўская»? Бо бацька можа быць хоць кітайцам, але калі маці гаворыць па-беларуску, то дзеці будуць беларусамі. Мужчын у нас вынішчалі падчас першай і другой сусветных войнаў. Бацька зрабіў дзіця, паехаў на вайну і не вярнуўся. — Як вам падаецца, ці ёсць сёння ў Беларусі палітычны лідар? — Няма. Раней нацыянальным палітычным лідарам быў Зянон Пазняк (адзін з заснавальнікаў gпартыі БНФ. — Заўвага TUT.BY). Пасля яго ад’езду ў эміграцыю, спробы стварыць новых лідараў спыніліся на тым, што гэтыя людзі не вытрывалі цяжару лідарства. Мілінкевіч (кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2005 года. — Заўвага TUT.BY) мог быць цудоўным лідарам, але нечага яму не хапіла. Той жа Казулін (кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2005 года, акадэмік, палітычны дзеяч. — Заўвага TUT.BY), Статкевіч (кандыдат на выбарах прэзідэнта ў 2010 годзе. — Заўвага TUT.BY)… У Бібліі напісана пра тры выпрабаванні: агонь, вада і медныя трубы. І вось медныя трубы многіх людзей ламаюць. Як толькі чалавек дасягае нейкага ўзроўню, можа пачаць сябе няправільна ацэньваць. Бо кожны павінен дакладна ведаць сваё месца ў грамадстве. Кепска, калі ты сябе недаацэньваеш, але яшчэ горш, калі пераацэньваеш. Пэўныя часы Аляксандр Лукашэнка быў лідарам. Але зараз ён гэты статус губляе. Сітуацыя ў краіне ў галіне эканомікі прывяла да поўнай дыскрэдытацыі таго, што ён абяцаў: заробкі ў 1000, 500 даляраў. Дзе тыя 500 даляраў? Зараз дабрабыт беларусаў зніжаецца. Выбары на носе, а рубель падае. У людзей узнікае пытанне, хто б мог гэтага чалавека замяніць. Але пакуль такіх людзей няма. «Наша ідэя зараз не толькі выжыць, але і жыць лепш, чым суседзі»— Якая галоўная нацыянальная ідэя ў беларусаў? — Выжыць у любых умовах. Шмат народаў свету загінулі ў XX стагоддзі, а мы не толькі выжылі, але і ўмацавалі дзяржаўнасць. Беларус можа прыстасавацца і да балота, і да любой акупацыі. Але адзінае, што нас робіць народам, гэта мова. Народ, пажыўшы ў незалежнай краіне, зразумеў, што, каб выжыць, ў тым ліку трэба быць беларусам і размаўляць па-беларуску. Але наша ідэя зараз не толькі выжыць, але і жыць лепш, чым суседзі. Пакуль беларус будзе казаць, што жыве лепш, чым украінец і расіянін, ён будзе гэту ўладу трываць. Яшчэ адна наша ідэя — «каб не было вайны». Увесь час мая прабабуля і бабуля баяліся вайны. Я памятаю, як сушылі сухары, якія ляжалі мяшкамі на печы, запалкі і соль заўсёды былі ў хаце. Гэтыя людзі перажылі першую і другую сусветныя войны, таму ўвесь час рыхтаваліся да вайны. Рэйтынг Лукашэнкі падняўся пасля падзей на Украіне. Але зараз пачаў апускацца, бо вайна там стала працяглай. — Якая галоўная задача беларускага грамадства сёння? — Захаваць незалежнасць і не трапіць ў расійскія кіпцюры. Ваенная база ў Баранавічах можа прывесці да таго, што мы атрымаем вайну на нашай тэрыторыі: ці грамадзянскую, ці партызанскую. Таму людзі павінны выступаць супраць ваенных баз: збіраць подпісы, пісаць лісты прэзідэнту. Расія — гэта імперыя. А любая імперыя працуе толькі тады, калі пашыраецца. Нам трэба быць разумнай маленькай краінай, якая таксама шмат чаго ў свеце можа. Напрыклад, тая ж Літва. Літоўцы абмянялі свае ваенныя базы на Вільню, і Сталін яе аддаў. Яны ўвайшлі ў Савецкі Саюз маленькімі, а вышлі вялікімі. Яны не дапусцілі асіміляцыі, забралі ў нас нацыянальную гісторыю… — Які кандыдат, на ваш погляд, мог бы сёння перамагчы на выбарах прэзідэнта? — Больш маладзейшы прадстаўнік клану Лукашэнкі. Напрыклад, які-небудзь міністр, але маладзейшы, прыгажэйшы, больш разумны. Перамагчы можна тады, калі забярэш палову наменклатуры. Гэта нельга зрабіць толькі на сялянскіх галасах. Што зрабіў Лукашэнка ў 1994 годзе? Забраў сабе палову наменклатуры Кебіча. Ён новую ўладу абапёр на частку старой. Як палітык — зрабіў правільна. Толькі прадстаўнік новай наменклатуры, які б знайшоў агульную мову і з апазіцыяй, элеметарна перамог бы. — Чаму такія людзі не выходзяць на палітычную арэну? — Калі зараз выйдуць, іх або пасадзяць, або заб'юць. Казулін выйшаў раней часу і чым скончыў? Добра, што жывы застаўся. Проста яшчэ не прыйшоў час. Наш народ і нацыя даволі маладыя, нам прыкладна 800−1000 гадоў. Пры нармальнай сітуацыі мы яшчэ дзве-тры тысячы гадоў можам пражыць, калі захаваем незалежнасць і беларускую мову. Таму я бы вельмі хацеў, каб новы кіраўнік дзяржавы разумеў тое, што трэба ставіць на культуру.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны ў інтэрв'ю TUT.BY рассказаў, чаму ніколі не хацеў стаць кандыдатам у прэзідэнты. |
|