Сталічныя прадпрымальнікі збіраюцца стварыць у Прылуках турыстычны комплекс - канкурэнт "Дыснэйлэнду"
02.10.2015 13:08
—
Новости Общества
|
Вёска Прылукі пад Мінскам у агляднай будучыні можа скласці канкурэнцыю «Дыснэйлэнду». У гэтым перакананыя аўтары праекту «турыстычнага цуду з экалагічным ухілам». Гісторыка-культурны фонд «Ляліва», Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў у рамках праекту турыстычнага кластэру «Культурная спадчына краіны — здабытак Свету» выносяць на грамадскае абмеркаванне прапанову па рэгенерацыі тэрыторыі палацава-паркавага комплексу ў вёсцы Прылукі Мінскага раёну. Адноўленая сядзіба шляхецкай сям’і Гутэн-Чапскіх разам з прылеглымі землямі аграгаспадаркі «Гастэлаўскае» стануць падмуркам для ініцыятывы «Гісторыя і сучаснасць: ад Менску да Парыжа». Праўда, трэба яшчэ пераканаць у бяспройгрышнасці справы ўлады ды зацікавіць інвестараў, каб тыя самі станавіліся ў чаргу з грашыма.
Лабараторыя будучыні: у лепшых традыцыях графа-рэфарматараЯк расказаў заснавальнік фонду «Ляліва» (герб шляхецкага роду Чапскіх з дэвізам «Жыццё — Айчыне, гонар — нікому»), віцэ-старшыня прадпрымальніцкага аб’яднання Іван Гардзіеўскі, беспрэцэдэнтная ў сваім ахопе і матэрыялаёмістасці ідэя мае некалькі тэматычных кірункаў. Найперш плануецца распрацаваць канцэптуальны праект дэманстрацыйнай зоны высокай энэргаэфэктыўнасці і экалагічнасці з выкарыстаннем мясцовых і аднаўляльных крыніц энэргіі — практычна ўся інфраструктура, якая тут паўстане ў будучым, павінна сілкавацца за кошт энэргіі прыроды. Дзеля адаптацыі новых тэхналагічных рашэнняў мяркуецца запусціць шматфункцыянальную лабараторыю будучыні — «Вучэбны цэнтр энэргаэфектыўных тэхналогіяў, аграэкатурызму, экалагічнага земляробства, аховы прыроды і мікрафінансавання імя Караля Гутэн-Чапскага»: «Што тычыцца зоны энэргаэфектыўнасці, Минскі сталічны саюз прадпрымальнікаў выступіў ініцыятарам, каб паставіць тут электрастанцыю на сонечных панэлях і надаць ёй імя Чапскага — у гонар гораданачальніка-рэфарматара, які ў канцы ХІХ стагоддзя ўкараняў у Мінску самыя перадавыя па тым часе тэхналогіі. Плануем стварыць вучэбны цэнтр устойлівага развіцця — без перабольшвання, гэта будзе суперлабараторыя. Прычым просім дапамагчы нам у гэтай справе нямецкі Дортмундскі цэнтр: некалі яны марылі збудаваць у Мінску „Майстэрню будучыні“, але тады рэалізаваць планы не ўдалося. Ну, а цяпер прапануем узвесці „Лабараторыю будучыні“. Таксама хочам усталяваць ветрагенератары, цеплавыя і паветраныя помпы, будуць працаваць сонечныя калектары і біягазавая ўстаноўка. Адным словам, усё, што ёсць у свеце аднаўляльных крыніц энэргіі, будзе прадстаўлена на нашай дэманстрацыйнай пляцоўцы. А фермерская гаспадарка разам з навакольнымі тэрыторыямі стануць пляцдармам, дзе мы пачнём рэалізоўваць свае задумы». Прылуцкі палігон: прыярытэт высокатэхналагічнай вёскіІншы напрамак, працягвае спадар Гардзіеўскі, мае больш практычны характар і арыентаваны на ўцягванне ў актыўны адпачынак як турыстаў, так і мясцовых жыхароў. Дзеля гэтага мяркуецца рэалізаваць пілотны праект экалагічнага транспарту — запусціць «зялёны аўтобус» па маршруце Мінск — Прылукі, тым самым наблізіўшы горад да «высокатэхналагічнай вёскі». Астатнія задумы будуць рэалізоўвацца непасрэдна на месцы, іх назвы збольшага гавораць самі за сябе: зона адпачынку «Прылуцкiя крынiцы», турыстычны лягер «Прылуцкi валацуга», экавёска «Прылуцкі падворак», водны маршрут «Прылуцкi вясляр», «Прылуцкая сцежка» ды шмат іншых: «Калі працягваць экалагічную тэму, мы распачынаем праект пад назвай „Прылуцкія крыніцы“. З гэтага ж шэрагу экалагічная дарожка, яна будзе ісці ад сядзібнага парку ўздоўж Пцічы і атрымае назву „Прылуцкая сцежка“. Ужо намецілі маршрут, але спачатку спатрэбіцца прывесці да ладу пойму ракі — яна цяпер жахліва зарослая, і тут яўна не да праменадаў. На базе мясцовай фермерскай гаспадаркі ствараем клуб экалагічнага земляробства „Прылуцкая экаежа“. Акрамя таго, хочам арганізаваць сплаў па Пцічы на байдарках „Прылуцкі вясляр“, бо побач з Мінскам такой магчымасці няма. Будзе закладзена велатраса „Прылуцкі ровар“: прыяжджалі зацікаўленыя хлопцы, каб зрабіць тут трасу для экстрэмалаў і для аматараў роварных прагулак. У комплексе атрымаецца „Прылуцкае асяроддзе“. Разам з таварыствам „Ахова птушак Бацькаўшчыны“ паклапоцімся пра спрыяльныя ўмовы для гнездавання птушак, мяркуем закласці дэндрапарк — штосьці пасадзім, штосьці акультурым. Уздоўж сцежкі ўсталюем шчыты з апісаннем беларускай флоры і фаўны. Прынамсі пад Мінскам нічога падобнага пакуль няма». Статуснае Станькава: да новага — праз прыкра забытае староеПрылукі калісьці належалі ўплывовай сям’і Чапскіх і небеспадстаўна лічыліся адным з самых прыгожых куткоў у ваколіцах Мінску. Цяпер ад былой раскошы застаўся хіба ўспамін: у велічным палацы працуюць лабараторыі Інстытуту абароны раслін Акадэміі навук, а колішнія гаспадарчыя пабудовы пустуюць ці «замарозіліся» на стадыі перапрафілявання ў гатэлі. Між тым нават у такім стане палацава-паркавы комплекс застаецца ці не адзіным у Беларусі, дзе да нашых дзён у прымальным стане захавалася пяць будынкаў ХІХ стагоддзя і сяк-так адноўлены палац. Як кажа Іван Гардзіеўскі, праект аднаўлення разам з Прылукамі ахоплівае і маёнтак у вёсцы Станькава за тры дзясяткі кіламетраў ад Мінску. Там захаваўся вялікі парк, гаспадарчыя пабудовы, скарбніца, збудаваная галавой сямейства, заўзятым калекцыянерам Эмэрыкам Гутэн-Чапскім (калекцыя кніг, зброі, узнагародаў, грошай, слуцкіх паясоў, іншых рарытэтаў захоўваецца цяпер у польскім Кракаве). Макет сядзібы распрацаваны архітэктарам, навуковым кіраўніком комплексу Алегам Масліевым, які сам родам са Станькава; ёсць і эскізны праект аднаўлення на родавай крыпце капліцы, разбуранай на пачатку 1960-х. Цяпер на гэтым месцы бугор, пад якім ляжаць парэшткі прадстаўнікоў выбітнага роду, уключна з Янам Каралем Гутэн-Чапскім — кіраўніком гарадской управы Мінску ў 1890–1901 гадах. Акурат на гэты перыяд прыпадаюць карэнныя рэформы гаспадаркі і культуры горада. Менавіта яму, старэйшаму сыну, адпісаў у тастамэнце больш статуснае Станькава граф Эмэрык Чапскі. Малодшаму Ежы, які быў апошнім маршалкам шляхты («предводителем дворянства») Мінскай губерні, адышлі сціплейшыя Прылукі. Агульнабеларускі брэнд: аднойчы пабачыць і хацець зноў вярнуццаІван Гардзіеўскі кажа, што ў часе працы над канцэпцыяй пераўтварэння некалькіх гектараў зямлі пад Мінскам у «лакальны рай» зыходзіў найперш з унікальнасці прапановы, якую можа зрабіць гэты край. «Чым здзівіць замежнага турыста, каб яму захацелася вярнуцца ў Беларусь яшчэ раз? Каб ён расказаў родным і сябрам, што ў цэнтры Еўропы існуе сапраўдны цуд?» — задаецца рытарычным пытаннем суразмоўца і сам жа адказвае: такім «цудам» і агульнанацыянальным брэндам павінен стаць народны турыстычны комплекс «Беларусь праз вякі» на тэрыторыі акцыянэрнага таварыства «Гастэлаўскае». «Паставіць там самы вялікі амфітэатр у свеце, зрабіць падводны рэстаран з надводным купалам — „замах“ менавіта такога парадку. Дарэчы, я аб’ездзіў усё і вакол Мінску — няма нідзе такіх чысцюткіх азёраў. Гэта будзе проста казка, паверце. Дзеля гэтага мы будзем размяшчаць праект на ўсіх магчымых пляцоўках краіны, каб самі грамадзяне маглі прапаноўваць, што яны самі хацелі б тут убачыць". Пасля гэтага ўвасобім яго ў 3D-фармат, пашлём прэзідэнту і скажам: жыхары краіны хочуць бачыць пад Мінскам такі вось цуд. І тады на гэты цуд паедуць глядзець еўрапейцы! А вось гэтая ўскраіна вёскі Каханаўшчына і той пункт, дзе лес, — самы высокі ў Мінскім раёне, 242 метры над узроўнем мора. Уявіце, які адтуль будзе адкрывацца від на ўсю тую веліч! З іншага боку будуць стаяць гатэлі, з якіх таксама будзе ўсё відаць як на далоні. Я ўжо гадоў пяць аб’яжджаю гэтую тэрыторыю і ўсё больш пераконваюся: няма лепшага месца для стварэння агульнабеларускага брэнда». «Мара ідыёта»: дагнаць і перагнаць імпэрыю «Дыснэйлэнд»І хоць свае амбітныя пляны спадар Гардзіеўскі самакрытычна называе «марай ідыёта», але пры гэтым перакананы, што пры сур’ёзным падыходзе можна ўцерці нос нават імперыі забаваў — «Дыснэйлэнду». Адна са стрыжневых ідэяў праекту — размясціць на адной пляцоўцы знакавыя гістарычныя будынкі, якія маюць гісторыка-культурнае значэнне, у зменшаным маштабе: замкі, палацы, храмы і г.д. Дзеля рэалізацыі задумы пад патранатам Міністэрства культуры прапануецца стварыць экспертную раду з аўтарытэтных гісторыкаў, архітэктараў, культуролагаў. Грамадзянам Беларусі на абмеркаваньне прапануюць «топ-100» знакавых аб’ектаў, якія варта «кланаваць» у мініяцюры: «Увесь сэнс у чым? Еўрапейцы зяжджаюцца ў „цэнтральны брэнд“ па трасах са сваіх напрамкаў — Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны — і ўжо адсюль могуць наведваць іншыя мясціны Беларусі. Будзе арганізаваны трансфэр: легкавы, аўтобусны, а дазваляюць грошы — сеў у верталёт, паляцеў на Браслаўскія азёры, ацэніш з вышыні птушынага палёту. Пабачыў нейкую царкву ў мініяцюры, уразіўся — паехаў глядзець у арыгінале. Толькі так мы можам прыцягнуць турыстаў. Сёньня кажуць, што брэнд краіны складаецца з брэндаў тэрыторый. Так, яны таксама карысныя. Але масава прыцягнуць брэндамі тэрыторый замежнікаў немагчыма. Таму трэба зрабіць хоць бы адну пляцоўку на ўсю краіну, каб людзі маглі сюды прыехаць і пабачыць вось гэты цуд. Натуральна, яны павінны забаўляцца. Адпаведна, усё павінна быць зроблена суперкласна, лепш за „Дыснэйлэнд“, хоць там і свая спецыфіка. Практычна ўсё будзе звязана ў адзіны маршрут: прыехаўшы ў Прылукі і прайшоўшы па сцежцы, наведнікі выйдуць на гэтую казку: заходзяць сюды, паветраныя шары іх уздымаюць, яны ў захапленні. Вось вам мара ідыёта...» Карпаратыўны кластэр: супольная праца на агульны іміджІван Гардзіеўскі тлумачыць сэнс «кластэрнага» падыходу да рэалізацыі амбітнай задумы. Пад кластэрам тут маецца на ўвазе супольнасць кампаніяў і шчыльна звязаных галінаў, якія ўзаемна дапаўняюць адна адну ды спрыяюць карпаратыўнай канкурэнтаздольнасці. Суразмоўца ўпэўнены, што турыста (па аналогіі са спартоўцам) трэба пачынаць «разаграваць» яшчэ ад Гродна ці Брэста, як ён толькі ступіў на беларускую зямлю — здзіўляць адноўленымі помнікамі, стылізаванымі аграсядзібамі, захаванымі паркамі. А гэта азначае, што праца павінна весціся комплексна, у няспынным кантакце па ўсім геаграфічным ланцужку — як адзіная адладжаная арганізацыйная структура, што працуе на імідж усёй краіны. Менавіта таму ва ўсім свеце ўсё большае развіццё атрымліваюць менавіта кластэрныя формы дзейнасці. Уязны турызм — не выключэнне. Тым больш, што згодна з перспектыўнымі планамі беларускага ўраду, да 2030 году Рэспубліка Беларусь абавязваецца ўвайсці ў лік 50 вядучых краінаў паводле ўзроўню развіцця турызму. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прылукі калісьці належалі ўплывовай сям'і Чапскіх і небеспадстаўна лічыліся адным з самых прыгожых куткоў у ваколіцах Мінску. Цяпер ад былой раскошы застаўся хіба... |
|