У Оршы ствараюць дабрачынны грамадскі фонд для аднаўлення архітэктурнай спадчыны. 21.by

У Оршы ствараюць дабрачынны грамадскі фонд для аднаўлення архітэктурнай спадчыны

01.12.2015 10:04 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ідэя стварыць такі фонд выкліканая абыякавасцю ўладаў і гаспадароў да помніка архітэктуры XVIII стагоддзя — будынка базыльянскага кляштара, які больш за 10 гадоў стаіць без даху.


Гісторыя з гэтым напаўразбураным помнікам архітэктуры, які знаходзіцца ў самым цэнтры Оршы, набыла скандальны характар. Да яе маюць дачыненне і афіцыйныя структуры — гістарычны будынак знаходзіцца пад аховай дзяржавы, як сведчыць адмысловая шыльда, і кіраўніцтва праваслаўнай царквы — у 2006 годзе помнік, ужо без даху, мясцовы гарвыканкам перадаў ва ўласнасць Віцебскай епархіі.

З таго часу справа з аднаўленнем будынка не зрушылася ні на крок: з Міністэрства культуры занепакоеным аршанцам адказалі, што ў будынка ёсць уласнік, і дзяржава не мае права выдаткоўваць сродкі на рэстаўрацыю «не сваёй» маёмасці. Звароты да архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя і да Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі таксама не далі плёну: спачатку на іх прыходзілі адпіскі з абяцаннямі, а самы апошні ліст з просьбай паўплываць на сітуацыю з помнікам віленскага барока застаўся без адказаў.

Сёння будынак стаіць без даху, з вокнамі, дзе-нідзе забітымі дошкамі. Аднак з таго боку, які выходзіць на вуліцу Міра, сцены завесілі фасаднай сеткай — мабыць, дзеля таго, каб стварыць уражанне нейкіх зрухаў у рэстаўрацыі.

Аднак на справе зрухаў няма. Гаспадары не зрабілі нават часовы дах, так званую кансервацыю будынка, хоць яшчэ два гады таму абвясцілі, што стварылі адмысловы банкаўскі рахунак — каб людзі ахвяравалі грошы на аднаўленне менавіта гэтага помніка.


Ахвярадаўцаў было нямала, толькі ніхто не ведае, куды пайшлі грошы. Самага простага даху са звычайных дошак будынак не дачакаўся, затое ў двары з’явіўся дыхтоўны драўляны дамок, збудаваны гаспадарамі для незразумелых мэтаў.

Няма празрыстасці ў выкарыстанні сабраных грошай, кажа мастак Мікола Купава — ураджэнец Оршы, ініцыятар стварэння дабрачыннага фонду: «Сродкі трэба збіраць самім, бо існуе недавер. Мне не аднойчы людзі казалі, што не давяраюць царкоўным збіральнікам. Ну, дык давайце створым свой фонд, будзем самі збіраць і кантраляваць, што і куды пайшло. Бо адчуваецца, што гаспадарам гэта ўсё чужое, а мы хочам, каб яна служыла Беларусі, наша спадчына!».

Спадар Купава рабіў дабрачынны распродаж сваіх карцін і асабіста ахвяраваў каля 3 мільёнаў рублёў на аднаўленне будынка кляштару базыльянаў. Былі і іншыя ахвярадаўцы. Грошы пайшлі на рахунак, але пра тое, як распарадзілася сродкамі Віцебская епархія, гаспадары ні разу не далі справаздачы перад грамадскасцю. Тым часам будынак працягвае гінуць.


Аршанскія актывісты, краязнаўцы і неабыякавыя гараджане правялі сустрэчу, на якой вырашылі пра неабходнасць заснавання дабрачыннага фонда. Мікола Купава распавёў пра мэты і перспектывы працы ў гэтым накірунку, прысутныя задалі шмат пытанняў. На некаторыя з іх можа адказаць толькі архітэктар Мікалай Лук’янчык, які яшчэ год таму зрабіў эскізны праект рэстаўрацыі базыльянскага кляштара. Таму вырашылі запрасіць яго на наступную сустрэчу з аршанцамі.

Цяпер актывісты раяцца, якую форму грамадскага ўтварэння найлепей заснаваць, каб адкрыць уласны банкаўскі рахунак — дабрачынны фонд. Адна з прапанаваных назваў - «Аршанскі замак». Яна пакуль «працоўная» і можа змяніцца. У будучыні фонд будзе дапамагаць аднаўленню не толькі будынка базыльянскага кляштара, але і іншых архітэктурных помнікаў.

«Задача, якую мы бачым перад сабой, значна шырэйшая, чымсьці клопат пра базыльянскі кляштар. Была і царква каля кляштара — ад яе застаўся толькі кавалак сценкі, якую не разбурылі, на наша шчасце. Гэта будзе мэмарыяльная частка. Ёсць у Оршы францішканскі касцёл, не скончаная праца ў езуіцкім касцёле. Не тое, каб мы збіраліся ўсё гэта ўзяць на сябе — мы будзем папулярызаваць аршанскую гістарычную спадчыну, у самых цяжкіх выпадках — настойваць на кансэрвацыі. І праводзіць такую працу не толькі ў Оршы — ва ўсім Аршанскім рэгіёне, дзе і іншыя помнікі ёсьць», — распавёў Мікола Купава.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ідэя выкліканая абыякавасцю ўладаў і гаспадароў да помніка архітэктуры XVIII стагоддзя - будынка базыльянскага кляштара, які больш за 10 гадоў стаіць без даху.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика