Стваральнікі славянскага пісьменства
28.05.2016
—
Новости Общества
|
Кожны год 24 мая ва ўсіх славянскіх дзяржавах адзначаюцца Дзень славянскага пісьменства і культуры і Дзень святых Кірылы і Мяфодзія, дзякуючы якім з’явілася славянская азбука і адпаведна славянскае пісьменства. Як вядома, Кірыла (свецкае імя Канстанцін) і Мяфодзій паходзілі са шляхетнага роду. Яны жылі ў грэчаскім горадзе Салуні. Кірыла з малых гадоў праявіў вялікія здольнасці: дасканала ведаў усе навукі свайго часу, вывучыў шматлікія мовы. Не адставаў ад яго і Мяфодзій. Браты выхоўваліся ў набожнай сям’і. І гэта паўплывала на тое, што яны ў рэшце рэшт сталі манахамі. Славянскую азбуку Кірыла і Мяфодзій стварылі на аснове грэка-візантыйскага ўстаўнага пісьма. На думку даследчыкаў, адбылося гэта ў другой палове IX стагоддзя. Новы алфавіт атрымаў назву «кірыліца» — ад імя аднаго з братоў. — Кірыліца — адна з дзвюх старажытных славянскіх азбук, — заўважыла загадчыца аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Таццяна Валодзіна. — Паходжанне кірыліцы канчаткова не высветлена. Большасць вучоных лічыць, што дадзеную азбуку стварыў менавіта Кірыла, прычым раней за глаголіцу. На думку іншых, Кірыла быў стваральнікам глаголіцы, якая папярэднічала кірыліцы. Ад глаголіцы кірыліца адрознівалася іншым тыпам і больш простай формай літар. Яна мела 43 літары: 24 візантыйскага паходжання, 19 былі створаны ўпершыню. 27 літар выкарыстоўваліся для абазначэння лічбаў. Самымі старажытнымі кірылічнымі помнікамі з’яўляюцца надпісы на сценах і плітах царквы ў Праславе (IX–X стагоддзе, Балгарыя), надпіс на гліняным посудзе, знойдзеным падчас раскопак курганоў пад Смаленскам (X стагоддзе), і інш. Першая ж датаваная кніга, напісаная кірыліцай, — Астрамірава Евангелле (1056–1057 гады). Кірыла і Мяфодзій перавялі на славянскую мову таксама Евангелле, Апостал і Псалтыр, іншыя царкоўныя кнігі. Яны ўвялі богаслужэнне на славянскай мове. Трэба сказаць, што на працягу некалькіх стагоддзяў кірыліца ўжывалася ў большасці славянскіх краін паралельна з глаголіцай, а з ХІІ стагоддзя выцесніла глаголіцу. З Х стагоддзя кірыліца абслугоўвала ўсе тыпы старажытнарускай літаратурнай мовы, выступаючы пераважна ў выглядзе ўстава. Ад старажытнарускага пісьменства яна перайшла ў спадчыну старарускаму, старабеларускаму і стараўкраінскаму пісьменству. У беларускім пісьменстве кірыліца ўжывалася ў ХIV–XVIII стагоддзях. У ранні перыяд старабеларуская графіка мела ўсе літары кірыліцы. Аднак у працэссе эвалюцыі беларускай мовы літаратурны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме. Развіццё беларускага варыянта кірыліцы, як і іншых усходнеславянскіх, было звязана з пошукамі найбольш зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцей жывой мовы і ішло ў кірунку ўдасканалення форм літар, усяго пісьма ўвогуле. Значным крокам наперад у параўнанні са старажытнарускім перыядам стала замена ўстаўнага пісьма паўуставамі (XIV стагоддзе), а пасля і скорапісам (XV стагоддзе), дзякуючы чаму намнога паскорыўся працэс напісання. Выдатным дасягненнем старабеларускай графікі было стварэнне беларускім першадрукаром і асветнікам Францыскам Скарынам на аснове паўустава друкарскага варыянта алфавіта, што стаў узорам для іншых усходнеславянскіх друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі беларускага кнігадрукавання было вынаходніцтва спецыяльнага курсіўнага шрыфту, які прапанаваў Грынь Івановіч. Дадзены шрыфт сваёй канфігурацыяй удала імітаваў скорапіс другой паловы ХVI стагоддзя. Працэс удасканалення кірыліцы спыніўся ў Беларусі ў XVIII стагоддзі па прычыне заняпаду старабеларускага пісьменства. На рускіх жа землях кірыліца развівалася без перашкод. У выніку рэформы Пятра I у 1708 годзе (дарэчы, у ёй удзельнічаў беларус Ілля Капіевіч — асветнік, перакладчык, кнігавыдавец, паэт) быў створаны грамадзянскі шрыфт, які потым стаў асновай сістэм пісьма большасці народаў былога СССР. Грамадзянскі шрыфт лёг у аснову і новага беларускага пісьменства. — Сям’я славянскіх моў — пятая па распаўсюджанасці. Імі карыстаюцца больш за 300 мільёнаў чалавек, у тым ліку ў славянскіх краінах — каля 260 мільёнаў, — расказала Таццяна Валодзіна. — Сярод іншых індаеўрапейскіх моўных сем’яў славянскія мовы вызначаюцца значнай блізкасцю, якая ў некаторых выпадках даходзіць да падабенства. Напрыклад, беларускае лета, рускае лето, украінскае літо, польскае lato, чэшскае letо, балгарскае лято. ![]() Выданні Францыска Скарыны Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны год 24 мая ва ўсіх славянскіх дзяржавах адзначаюцца Дзень славянскага пісьменства і культуры і Дзень...
|
|