Каб заняць месца на рынку ў Маладзечне, прадаўцы прачынаюцца ў дзве гадзіны ночы
07.06.2016 18:10
—
Новости Общества
|
Карэспандэнты «РГ» прачнуліся зацемна, каб трапіць на рынак яшчэ да яго адкрыцця i праверыць, ці праўда, што тут у гандляроў штодзень забег на хуткасць і сваркі за вольнае месца. 6.30 раніцы. Ля галоўнага ўвахода на маладзечанскі рынак райспажыўтаварыства тоўпяцца гандляры, чалавек 20. Адзін смелы маладзён проста пралазіць пад агароджай, якая ад зямлі адарваная на сантыметраў 30 — і ён ужо можа выбіраць лепшыя з агульных скрынак пад прадукцыю ці займаць самае выгаднае месца. За ім ніхто не рызыкуе паўтарыць. Праз 15 хвілін адчыняюць вароты. Гандляры разыходзяцца ў розныя бакі. Хтосьці ідзе няспешна, хтосьці - подбегам. Некалькі з іх гучна выказваюць сваё незадавальненне: маўляў, толькі ўвайшлі, а тут ужо месцы пазайманыя, скрыні расстаўленыя. Яшчэ хвілін праз 15 пачынаецца ажыўлены рух: уязджаюць машыны, на вазках увозяць рэчы. Паміж машынамі дзе-нідзе можна заўважыць і першых пакупнікоў - бяруць расаду. Пытаемся ў гандляроў, у колькі яны прыйшлі на рынак. Прыезджыя з Радашкавічаў кажуць, што ўсталі ў дзве гадзіны ночы. Усё дзеля таго, каб прыехаць і заняць чаргу перад варотамі. А жанчына з Іўя — а палове чацвертай. — У Валожыне толькі адзін базарны дзень — чацвер, а ў Іўі - пятніца. Таму прыехала ў Маладзечна, — патлумачыла яна. Мясцовыя так рана не ідуць, але ўсё роўна не спяць у шапку. — Кожную раніцу чакаю адкрыцця рынку, — распавядае гандлярка, якая раскладвае зеляніну на продаж. — Ужо пасля шасці раніцы пачынаем збірацца перад варотамі. — Я прыехала пад сем гадзін, як у мяне дзве скрынкі, то мне і месца хапае, — кажа Міня Ільясевіч. — Адкрылі вароты, усе лятуць, і я ляту. Заўсёды, як няма месца, то Уладзіміраўна з адміністрацыі паможа. Калі пазней прыеду, то яна са мной падыдзе, скажа: «Дзяўчаты, крыху пасуньцеся», і ўсунуся недзе. Заплачу 15 тысяч і працую, сезонна капусту прадаю. Рынак паступова запаўняецца. Гандлярка, якая толькі-толькі прыйшла, спрабуе адшукаць сабе выгаднае месца. — Нас тут ужо трое, ніяк не станеш, — кажуць ёй з аднаго прылаўка, і жанчына зноў азіраецца па баках, шукаючы іншае месца. Падыходзім да яе. — Зараз пайду да кантралёра, няхай ён мне знойдзе, дзе стаць. У горадзе толькі адзін сельскагаспадарчы базар. Чаму не зрабіць гандлёвыя пункты ў 6-м, 4-м мікрараёнах? Вось я сваё вырасціла, а прадаць не магу, — абураецца жанчына. — Месцаў не хапае, — пагаджаецца і іншая гандлярка, якая прадае бульбу, што не паспелі з’есці за год. За месца яна плаціць 15 тысяч рублёў. — Тыя, у каго тут павільёны, пайшлі на прылаўкі пад навес, а ў павільёнах зрабілі склады. Трэба іх назад перасяліць, тады б месца хапала. А то атрымліваецца, што, каб месца заняць, трэба ляцець. Я ў шэсць гадзін раніцы прыйшла, стала ў чаргу. Але якая там чарга — хто здаравейшы і дужэйшы, той і займае месца. — Перакупшчыкам месца хапае, стаяць ля прылаўкаў, — уключаюцца ў размову іншыя гандляры. — А простым людзям няма дзе — ні прылаўка, ні даху. — Чаму тут прадаюць анучы, калі нам сваё няма дзе прадаць? Тут жа сельскагаспадарчы рынак. — Я свае памідоры, перцы прадаю. Але яны за гэтыя анучы, пэўна, і жывуць. Аднак не ўсе пакупнікі скардзяцца на ўмовы. — Маглі б яшчэ прылавачкі паставіць, а так — усё нармальна. — Нам-то з расадай прылавачкі і не трэба. Каб яблыкі прадавалі, то так, а з расадай — ні да чаго. Гандляры пад дахамі: нам ніхто не замінаеПрадавец з крытага павільёна ўладкоўвае вінаград і яблыкі на прылаўку. Пра сітуацыю з калегамі кажа: — Хто рана ўстае, той месца і займае. Мы маем павільён і арэнду за месяц плацім крыху больш за мільён. На заявы, што рынак райспажыўтаварыства — не месца для продажу рэчаў, адказвае адна з гандлярак адзеннем: — Адведзенае месца і для прадуктаў, і для прамысловых тавараў. Рынак вялікі, месца павінна хапаць усім. Мы працуем шмат год, пакупнікі ведаюць, куды ісці. Суседства з сельскагаспадарчай прадукцыяй ніяк не замінае, нам нават вельмі добра. Калі гандлярам прадуктаў нязручна ці не хапае месца, няхай шукаюць іншае. Прамысловых тавараў тут усё ж больш, і нас усё задавальняе. Не вытрымала і перайшла на мінскі рынакДва гады таму гандлярка Таццяна Мікалаеўна перайшла з маладзечанскага рынку на сталічныя. — Цяпер мяне рэдка можна ўбачыць на рынку ў Маладзечне. Бывае, выберуся адзін ці два разы, а так увесь час у Мінску працую. Напрыклад, на Камароўцы проста — пішаш заяву, плаціш і табе даюць месца: на тыдзень, два ці на колькі трэба. Адзін дзень — 59 тысяч. Хочаш — у 7 раніцы прыходзь, а хочаш — пад заслону. Тваё месца ніхто не зойме, — кажа гандлярка. Яна ў гандлі ўжо 35 гадоў. Каля 25 з іх працавала ў Маладзечне, таму добра арыентуецца ў сітуацыі. — Памятаю, яшчэ да адкрыцця рынку людзі стаялі каля двух уваходаў. Каля шасці раніцы рынак адкрывалі - і пачынаўся забег. Не важна, ці ты тут ад дзвюх гадзін ночы стаіш, ці толькі што прыйшоў. Месца дастаецца тым, у каго ёсць здароўе і моцныя ногі. Прычым гэтыя шпарчэйшыя да таго часу, як ты дойдзеш, пазаймаюць яшчэ па тры-пяць ці болей месцаў для «сваіх». Даходзіла да таго, што праз агароджу пералазілі. І я так рабіла, бо, а як інакш? — ускліквае Таццяна Мікалаеўна. Яна прыгадвае тыя часы, калі на рынку не было ні павільёнаў з рэчамі, ні бакалеі. Тады была спецыяльная разметка, можна было заязджаць і гандляваць з машыны. — Вось тады было больш-менш цывілізавана. Цяпер жа — паспеў заняць месца на прылаўку, а ў 8 гадзін прыйшоў кантралёр і папрасіў памяняць. А за гэты час іншыя ўжо ўсё пазаймалі. Можа, таму і гандлююць пад рынкам, што проста няма магчымасці прадаваць тавар на самім рынку праз гэтыя праблемы, — выказвае здагадку гандлярка. На яе думку, адным з рашэнняў могуць быць вызначаныя месцы асобна для «расаднікаў», для тых, хто гандлюе кветкамі, і тых, хто прадае прадукты. Другім рашэннем — абілечванне пры ўваходзе на рынак у парадку жывой чаргі. Прыйшоў першы — значыць, і магчымасць заняць месца атрымаеш першым. Дзясятым — значыць, дзясятым. Адміністрацыя рынку: месца хопіць усімДырэктар маладзечанскага рынку райспажыўтаварыства Ганна Сіняўская ведае і пра забегі на хуткасць, і пра займанне адразу некалькіх месцаў. — Сёння пасля 8 раніцы кантралёр рынку прывёў усё ў належны стан, і палова прылаўкаў пуставала. Мы імкнёмся, каб зеляніна і іншая прадукцыя саду-агароду размяшчаліся на прылаўках. На зямлі пакідаем скрынкі з расадай — зямлю ж на стол не будзеш ставіць. Таму гандляры падчас адкрыцця рынку імкнуцца заняць лепшае месца, але кантралёр пасля можа падказаць, як зручней размясціць скрынкі, каб усім было дзе стаць. Пасля вылічваюць, якую плошчу займае гандляр, і той плаціць па вызначаным тарыфе. На рынку 254 месцы пад навесам і 120 гандлёвых месцаў за адкрытымі сталамі. Адзін метр складае адно месца за адкрытым прылаўкам, але некаторыя гандляркі займаюць толькі паўметра і каб плаціць менш, і таму што маюць няшмат прадукцыі. Для пенсіянераў і інвалідаў скідкі на арэнду гандлёвага месца не прадугледжаныя, таму для эканоміі проста займаюць менш месца. Ганна Канстанцінаўна ведае, што раніцай некаторыя спрабуюць пралезці пад варотамі. Ахова часта вяртае іх назад, але, як кажа дырэктар арганізацыі, змяніць менталітэт не ў сілах работнікаў рынку. Яна не падтрымлівае ідэю перадаплаты за канкрэтнае месца: — Прыйдзе іншы чалавек і скажа, што таксама хоча яго заняць. Як тады паступіць? Таксама адмоўна яна ставіцца да прапановы на ўваходзе выдаваць па чарзе квіткі, каб ужо з імі гандляры праходзілі на рынак і займалі месцы: — Рынак — гэта не тэатр. Ніхто асобна кожнага гандляра вадзіць і ўладкоўваць не будзе. А як купіць квіток, пакуль не ўладкаваўся і не ведаеш, колькі месца зоймеш? Ад гэтага ж і цана залежыць. Наконт прапановы выдзяляць асобна месцы для расады, кветак і іншай прадукцыі Ганна Канстанцінаўна адказвае, што нельга загадзя прадугледзець, колькі гандляроў якой прадукцыі з’явіцца ў пэўны дзень, і адпаведна, колькі месцаў пакідаць пад іх. Ёсць агульная класіфікацыя — «сельскагаспадарчая прадукцыя». Што тычыцца прапановы паставіць больш прылаўкаў і падрыхтаваць месцы для сядзення, адміністратар лічыць, што пры патрэбе можна з сабой узяць раскладны табурэт. Дырэктар ўпэўненая: размова аб тым, што на рынку не хапае месцаў і некаторыя вымушаныя прадаваць у неналежных, неабгрунтаваная. Усё прасцей: каб прадаваць на рынку, трэба мець пакет дакументаў: пасведчанне асобы, флюараграфію, даведку аб наяўнасці прысядзібнага ўчастка і даведку з ветэрынарнай лабараторыі. А калі зойме месца, то аплаціць кантралёру квіток. — Калі мы праходзім з праверкай, то ні ў воднага з тых, хто стаіць за рынкам, няма дакументаў. Кажуць, што вырасцілі расаду на падваконні. Там гандлююць кошыкамі, садовымі бусламі, расадай з падваконня, кілбасамі і салам — і без дакументаў, таму што, каб зайсці на рынак, трэба мець усе даведкі. Ганна Канстанцінаўна мяркуе, што адміністрацыя рынку аператыўна рэагуе на патрэбы гандляроў. Гэта натуральная справа для месца, дзе тавар залежыць ад сезона. Напрыклад, калі бывае вялікі наплыў садова-агароднай прадукцыі, то просяць гандляроў барахолкі часова не выходзіць, каб даць месца тым, чыю прадукцыю трэба тэрмінова і хутка распрадаць. Ці напрыклад, у перыяд сезоннага наплыву пэўнай прадукцыі, цяпер гэта расада, паміж крытымі радамі арганізоўваюць дадатковы рад са скрынак, каб змясціць як мага больш прадаўцоў. На маладзечанскім рынку няма прыярытэту для маладзечанцаў - адкуль бы ні прыехалі, усе роўныя, і ўсім адміністрацыя дапамагае знайсці добрае месца. — Такога, каб мы кагосьці прыбралі з рынку, не знайшоўшы месца, няма. Гэта ж для нас саміх выручка. Ганна Канстанцінаўна не лічыць, што прадаўцы рэчамі замінаюць тым, хто прадае сельгаспрадукцыю: — Я працую ўжо 12 год. Увесь гэты час тут прадавалі рэчы, і тып нашага рынку — змешаны. Мы ўсім знаходзім месца. Дырэктар рынку нагадвае, што калі ёсць праблема, варта звяртацца спачатку да кантралёраў, а калі пытанне не вырашаецца, наўпрост да яе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнты "РГ" прачнуліся зацемна, каб трапіць на рынак яшчэ да яго адкрыцця i праверыць, ці праўда, што тут у гандляроў штодзень забег на хуткасць і сваркі за...
|
|