Жытло для сіраты. «Дом з дзіравым дахам, прагнілай падлогай...». 21.by

Жытло для сіраты. «Дом з дзіравым дахам, прагнілай падлогай...»

21.07.2016 12:43 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Дзіравы дах, прагнілая падлога, трухлявыя вокны — такую кватэру дала беларуская дзяржава 18-гадовай сіраце Наталлі Чарновай у вёсцы Шчэжар Магілёўскага раёну.

Райвыканкам адмовіўся ўнесці дзяўчыну ў спіс тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Адпісалі, што метражу хапае. Пасля візіту роднай цёткі Наталлі да кіраўніка раённай улады чыноўнік загадаў падначаленым абследаваць жытло. 


 
Адзін з пакояў у доме для сіраты


«Лепш бы далі пакой у інтэрнаце»

Пра сірочую долю Наталлі Чарновай апавяла яе цётка Ганна Кухарава. Кажа, што маці пляменніцы памерла ў 2014 годзе ад атручання. Разам з маці атруціўся невядомым рэчывам і бацька Наталлі, але выжыў. Праз год, аднак, скончыў жыццё самагубствам.

Пасля смерці маці Наталля некалькі месяцаў жыла ў цётчынай сям’і ў Горацкім раёне.

Ганна Паўлаўна перакананая, што органы апекі і каледж, у якім вучылася Наталля, зрабілі памылку, калі адправілі яе па месцы прапіскі ў Шчэжар. На думку Кухаравай, пляменніцы як сіраце маглі выдзеліць пакой у інтэрнаце, а не ў разбітым доме. Жанчына спасылаецца на словы супрацоўніцы раённай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая сказала, што знос дома даходзіць да сямідзесяці працэнтаў, таму жыць у ім нельга.

«Калі б далі пакой у інтэрнаце, то ў Наталлі зʼявіўся б стымул для самастойнага жыцця. Яна б імкнулася жыць. Як яна будзе жыць у доме, не прыстасаваным для жыцця чалавека? Яна перанесла эпілепсію, і любы стрэс можа вярнуць хваробу», — кажа Ганна Кухарава.

«Яе трэба было б пакласці ў бальніцу на грунтоўнае абследаванне, — дадае яна. — І гэта, прызнаю, мая памылка, бо я не настаяла ў свой час. Дарма, што ёй васямнаццаць гадоў, яна яшчэ дзіця».


«Усё ўпіраецца ў прапіску»

Шчэжар за пятнаццаць кіламетраў ад Магілёва. Гэта даволі вялікае паселішча з карцінна ўзведзенымі ля шашы катэджамі для маладых сямей. Дом, у якім мусіць жыць Наталля, на ўскрайку вёскі. 


 
Ля шашы карцінна ўзьведзеныя катэджы для маладых сямей

З Наталляй гутару на прызбе старой хаты, у якой яна жыве разам з сям’ёй сястры Насты. Дзяўчына саромеецца журналіста і ад пытанняў адгаворваецца адным-двума кароткімі сказамі. Адказваць ёй дапамагае сястра.

Пра дом, у якім давядзецца жыць Наталлі, яе сястра кажа: ён не прыдатны для пражывання.

«У доме трэба рамантаваць дах, бо цячэ, падлогу, бо месцамі згніла. Такія працы пазначыла адна з камісіяў, якая прыязджала аглядаць дом. Наагул, сітуацыя ненармальная, — кажа Наста. — Для сіраты маглі б падшукаць іншае жытло. Усё ўпіраецца ў прапіску. Калі б Наталля была прапісаная ў горадзе, дык сітуацыя была б, відаць, іншая». 


 
Столь аднаго з пакояў у доме для сіраты

Сама Наталля ня супраць застацца ў Шчэжары, але разлічвае на дапамогу дзяржавы ў рамонце дому. Сваімі сіламі яна рады ня дасць.

Наталля вучылася ў школе суседняй вёскі Раманавічы. Сёлета скончыла Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, і ёй знайшлі працу сарціроўшчыцы на птушкафабрыцы ў тых жа Раманавічах. Занятак дапамагла знайсці, кажа Наталля, адміністрацыя каледжа. Дзяўчына заўважыла, што як пачне працаваць, то атрымае 9 мільёнаў рублёў дапамогі.

У каледжы Наталля вучылася пры цэнтры прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. З неахвотай, сарамліва дзяўчына прызналася, што раней яе даймалі эпілептычныя прыпадкі. Аднак, як яна сцвярджае, немач адступіла, і дыягназ «эпілепсія» нібыта скасавалі.


«Дзяўчына тут нават адной зімы не пражыве»

Дом, у якім мусіць жыць Наталля, непадалёк. Абкладзеная цэглай будыніна звонку выглядае няблага. Акрамя Наталлі, у доме прапісаныя Наста і двое ейных дзяцей. Тут два жылыя пакоі, кухня і сенцы.

Апошнія дзесяць год у гэтым доме жыве чужая сёстрам жанчына, якую часова ўсяліў сюды сельсавет, пасля таго як ейны дом згарэў. Цяпер Валянціне Канстанцінаўне, гэтак завуць жанчыну, загадалі зʼехаць. Рэчы ўжо спакаваныя: 


 
Часовая гаспадыня выяжджае. Ейны скарб умясьціўся ў КамАЗ

«Прыехала неяк камісія і з парогу заявіла: «Вы мусіце пакінуць жытло!» Я ўзмалілася ды прашу: «Я ж ня супраць, але дайце крыху часу, каб знайсці іншы прытулак». Далі, дзякуй ім, і дачка падшукала дом у іншай вёсцы. Усё, што набывалася за мае грошы ў доме, я забіраю».

Калі Валянціна Канстанцінаўна зʼедзе з хаты, тут, акрамя сцен з рудымі ад вільгаці шпалерамі, падгнілай падлогай ды печкай, не застанецца амаль нічога. Жанчына нават пазрывала разеткі і выключальнікі. Журналісту сказала, што разбярэ і агароджу, бо яе таксама ставіла за свае грошы.

У адным з пакояў — рэчы Наталлі. Паводле Валянціны Канстанцінаўны, іх прывезлі з каледжа, і яна вымушана, пакуль у хаце, іх пільнаваць. Кажа, што Наталля ўжо забрала да сястры халадзільнік. 


 
Сірочы скарб

Былая гаспадыня ахвотна паказвае пакоі і прыгаворвае: калі яго не адрамантуюць, то Наталля не перажыве ў ім і адной зімы.

«Дзяўчына тут ня зможа жыць. Гэта я за дзесяць год прызвычаілася», — кажа Валянціна Канстанцінаўна.

«Я на зіму аббівала вокны цэлафанавай плёнкай, бо цеплыню яны не трымалі. Наверх завешвала коўдраю. Рамы пагнілі. Печка цячэ па коміне. Як дажджы, то хату залівае. Дзверы ўваходныя са шчылінамі. Я тут не прапісаная, дык рамонту ў хаце не рабіла. Для каго яго рабіць?» 


 
Па коміну таксама вада цячэ

Столь — у рудых плямінах ад вільгаці. Падлога пад нагамі прагінаецца, бо прагнілі, як кажа кабета, лагі. Уваходныя дзверы са шчылінамі, ледзь трымаюцца. 


 
Столь яшчэ аднаго пакою. І гэта ўжо пасля рамонту

Па словах Ганны Кухаравай, дакументацыі на дом, куды засяляюць Наталлю, няма. Паводле яе, сям’я сястры ў ім пражыла ня больш за два гады. Апошнія сямнаццаць год гэты дом выдзялялі пад часовае пражыванне.

«У 1999 гадзе бацьку Наталлі звольнілі за п’янку з калгасу. Паколькі дом належаў гэтай гаспадарцы, яе кіраўніцтва загадала сям’і Чарновых пакінуць яго», — апавядае Ганна Кухарава.

Яны перабраліся ў тую хату, у якой жыве цяпер сястра Наталлі, але са старога жытла сям’я ня выпісалася, бо не было куды прапісацца. Гэтак і засталіся сёстры прапісаныя ў доме, у які цяпер усяляюць Наталлю.


Каледж кажа: зрабіў, што мог

Два гады ў каледжы Наталля Чарнова была пад дзяржаўнай апекай. За год да дыплом адміністрацыя каледжа пачала звяртацца ў раённыя ведамствы, каб тыя далі звесткі пра замацаванае за сіратой жыллё.

Паводле супрацоўніцы каледжа, 12 ліпеня 2016 году прыйшоў ліст, што жанчына, якая часова жыла па месцы прапіскі Чарновай, выехала 4 ліпеня:

«Пакуль гэтая жанчына там пражывала, яна зрабіла касметычны рамонт за свае сродкі. Паставіла вокны, зрабіла рамонт у пакоях, паклеіла шпалерамі сцены, столь, адрамантавала паравое ацяпленне, памяняла лічыльнік і разеткі. Гэтак пазначана ў паперах», — сказала супрацоўніца каледжа.

Паводле яе, кіраўніцтва навучальнай установы 18 траўня 2016 году звярталася з хадайніцтвам, каб навучэнку Чарнову паставілі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Рашэнне было адмоўнае.

«30 траўня 2016 году нам прыйшло рашэнне пра адмову ў ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры, — сказала супрацоўніца каледжа. — Было напісана: «Адмовіць Чарновай Наталлі ў пастаноўцы на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, у сувязі з забяспечанасцю агульнай плошчай замацаванага жылля больш за 15 квадратных метраў на аднаго чалавека».

«Зразумейце, у нас свайго жылля няма, таму засяляем выпускнікоў туды, дзе яно ёсць», — дадала суразмоўніца.

Нямала намаганняў, паведаміла яна, кіраўніцтва навучальнай установы прыклала, каб знайсці працу для Чарновай. «Дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ня дужа хочуць браць на працу», — сказала супрацоўніца каледжа.

«Нам давялося нямала абыйсці парогаў, каб знайсці працу непадалёк ад месца пражывання Наталлі. Знайшлі на Прыдняпроўскай птушкафабрыцы сарціроўшчыцай яек, — апавяла педагог. — Як выйдзе на працу, то ёй выплацяць пад’ёмныя грошы, гэта блізу 10 мільёнаў. На працягу двух гадоў раённыя сацыяльныя службы і мы будзем ажыццяўляць патранат над ёю. І сацыяльныя службы ўжо звярнуліся ў райвыканкам, каб дапамаглі зрабіць рамонт дома. Мы зрабілі ўсё, што маглі ў гэтай сітуацыі».

Паводле суразмоўніцы, каледж дапамог Наталлі Чарновай набыць неабходныя рэчы для самастойнага жыцця: халадзільнік, тэлевізар, талеркі, бялізну.


Праблема не забытая, але грошаў няма

Днямі цётка Наталлі Ганна Кухарава сама пабывала на прыёме ў старшыні Магілёўскага райвыканкаму Анатоля Дуцька. Ён даручыў падначаленым правесці абследаванне дома і разгледзець варыянты паляпшэння жыллёвых умоваў сіраты. 


 
Уваход у дом. Не пасьпелі дабудаваць

У райвыканкаме на пытанне, ці выкананае даручэнне яго кіраўніка, адказалі, што ўзнятая падчас прыёму праблема зь сіратой не забытая і бліжэйшым часам камісія выедзе ў Шчэжар, каб абследаваць дом.

У раённай жыллёва-камунальнай гаспадарцы пакуль не займаліся домам, у які засялілі сірату. Супрацоўнік арганізацыі сказаў, што лішніх сродкаў на рамонт няма.

«Укладаць свае сродкі ў рамонт кватэраў мы ня маем права. Што тычыцца прац звонку дома, то мы можам іх зрабіць. Пасля абследавання камісія вызначыць, хто і за якія сродкі будзе рамантаваць дом», — сказаў супрацоўнік раённай ЖКГ.



Адег АСІПЦОЎ
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Магілёўскі райвыканкам адмовіўся ўнесці дзяўчыну, што засталася без бацькоў, у спіс тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика