Як у Вілейцы ўлада працуе з грантамі
29.08.2016 14:10
—
Новости Общества
|
Віллянін хутар, скейт-парк, пляцоўка для заняткаў гімнастыкай і трэнажоры на свежым паветры. Хто так клапоціцца пра добраўпарадкаванне Вілейкі і як гэта атрымліваецца? Па словах галоўнага архітэктара Галіны Кажарновіч, добраўпарадкаванне горада — гэта перш за ўсё вынік ініцыятывы людзей. Грошы — паняцце другаснае, Некалі ў мастака Барыса Цітовіча з’явілася ініцыятыва зрабіць капліцу ў гонар салдат Першай сусветнай вайны. Ладзілі суботнікі, звярталіся па дапамогу да прадпрыемстваў. І сёння капліца стаіць на вуліцы 1 Мая. ![]() Ініцыятыву калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава таксама падтрымалі. Цяпер помнік, прысвечаны падзеям 1812 года ўсталяваны ля дарогі «Вілейка-Маладзечна». Сюды прыязджаюць французкія і польскія дэлегацыі. Віллянін хутар цяпер вельмі папулярны ў моладзі, дзяцей, рыбакоў. А ў свой час яго стварэнне было ініцыятывай дырэктара Вілейскай службы занятасці Таццяны Цітуленкі. Скейт-парк замест пляцоўкі для чытанняАдкрыццё ў свой час фантана ў Вілейцы — гэта ўжо ініцыятыва мясцовых уладаў. — Хацелася, — кажа галоўны архітэктар, — прывабіць людзей на гарадскую плошчу. Доўгі час яна была пустой і разглядалася толькі як месца правядзення парадаў. Вырашылі, што жыхароў найбольш прывабіць фантан. І не памыліліся. На доўгі час плошча стала любімым месцам адпачынку моладзі. А архітэктары іншых гарадоў прыязджалі, каб пераняць досвед калег. Цяпер жа маладыя людзі «перайшлі» на скейт-пляцоўку. Па словах Галіны Кажарновіч, былі задумы на месцы скейт-парка зрабіць зону для чытання на свежым паветры. Або зладзіць пляцоўку для прагляду фільмаў. ![]() Але намеснік дырэктара Вілейскага палаца культуры Вольга Шляпо адчула, што маладым людзям патрэбна нешта іншае. Яна стала аўтарам і кіраўніком стварэння скейт-парку ў горадзе, выйграўшы грант ЕС/ПРААН. Пра тое, што добраўпарадкаваць горад можна з дапамогай грантаў, у Вілейцы даведаліся сем-восем год таму на адным з раённых мерапрыемстваў. Знайшліся зацікаўленныя людзі. Яны аб’ядналіся ў таварыства «ЗОВіК», што значыць «заўзятыя аптымісты Вілейшчыны і кампанія». Кіруе таварыствам дырэктар Вілейскага цэнтра занятасці Таццяна Цітуленка. Узяўшыся за працу з грантамі, жанчына зразумела: каб атрымаць грошы на родны горад, таварыства павінна напрацаваць сабе пэўную «гісторыю». Віляйчане пачалі ездзіць на тэматычныя семінары, заяўлялі пра сябе, свой горад, уласныя ідэі. І іх заўважылі. Праекты для вёскі і горада«Ачысцім малую раку Пляснянку — выратуем Балтыйскае мора» — так называўся адзін з праектаў, на які Вілейка выйграла грант. Пляснянка — прыток Віліі, Вілія ўпадае ў Нёман, а Нёман — у Балтыйскае мора. Прыток Віліі ачысцілі, умацавалі рэчышча. Пасля нават з’явілася настольная кніга па экалогіі. Як кажа Таццяна Цітуленка, экалагічныя праекты цяпер вельмі актуальныя. ![]() На грошы, атрыманыя на арганізацыю праекта «Ад ідэі кожнага — да развіцця Вілейскага рэгіёна» набылі ровары, распрацавалі турыстычныя маршруты для раварыстаў. Карысным для горада стаў праект па асобным зборы смецця. У Вілейцы з’явіліся спецыяльныя сметніцы. Сярод віляйчан зладзілі конкурсы малюнкаў і слоганаў на білборды. Зрабілі нават своеасаблівы марш «Ад сметніцы да сметніцы». Па словах Таццяны Цітуленкі, карысць грантаў у хуткім часе адчуюць і жыхары сельскай мясцовасці. Віляйчане выйгралі конкурс сумесных ініцыятыў, які зладзіла беларуская некамерцыйная ўстанова «Новая Еўразія». Конкурс праводзілі для таго, каб пашырыць эканамічныя магчымасці сельскіх тэрыторый краіны. Праект будуць запускаць у Крывасельскім сельскім савеце. І пэўныя работы ўжо праводзяць. З жыхарамі размаўлялі эксперты, як вяскоўцы бачаць эканамічнае развіццё сваёй мясцовасці. ![]() Хтосьці пажадаў разводзіць курэй, хтосьці авечак. А некаму патрэбныя веды і навучанне ў гандлі. На гэта і будуць накіраваны атрыманыя сродкі. — Галоўнае, — «запаліць» людзей сваёй ідэяй. І тады ўсё атрымаецца, — дзеліцца рэцэптам поспеху Таццяна Цітуленка. І ўсё ж для поўнага шчасця павінна чагосьці не хапаць. Больш «жывым», лічыць галоўны архітэктар, павінен стаць Віллянін хутар. І пачаць можна з адкрыцця кафэ з нацыянальнымі стравамі. Не хапае Вілейцы і добраўпарадкаванага прыбярэжжа Віліі. Каб гараджане маглі адпачыць ля вады. Каб было адкуль адправіць традыцыйную экспедыцыю па шляхах Тышкевіча. І вілейскія энтузіясты ўжо займаюцца гэтымі пытаннямі. — Была б ідэя, а грошы заўсёды знойдуцца, — пераканана Галіна Кажарновіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віллянін хутар, скейт-парк, пляцоўка для заняткаў гімнастыкай і трэнажоры на свежым паветры. Хто так клапоціцца пра добраўпарадкаванне Вілейкі і як гэта...
|
|