Новы год з АМАПам. Пагаварылі з турыстамі па-англійску, вызвалілі дэсантніка ад "пацука". 21.by

Новы год з АМАПам. Пагаварылі з турыстамі па-англійску, вызвалілі дэсантніка ад "пацука"

04.01.2017 09:58 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Карэспандэнт «Звязды» правёў навагоднюю ноч не за святочным сталом, а з віцебскімі амапаўцамі.


Знаёмыя здзіўляліся маёй задуме. Некаторыя пыталіся: няўжо пасварыўся з жонкай? Яна, дарэчы, да апошняга не верыла, што я не буду Дзедам Марозам, які ўручыць падарункі дзецям у першыя хвіліны новага года. Сыны ж адрэагавалі з разуменнем.

— Ты ж працаваць будзеш, — канстатаваў старэйшы, 12-гадовы Міхаіл. Малодшы Аляксей, якому хутка споўніцца 9, прамаўчаў.

У аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС аблвыканкама трохі здзівіліся настойліваму жаданню зрабіць рэпартаж менавіта ў ноч з 31 снежня на 1 студзеня. Патлумачылі, што традыцыйна навагодняя ноч спакойная: міліцыі больш, таму вельмі рэдка нехта хуліганіць. Ды і піць народ наш навучыўся: калі ўжо выходзяць на «ёлкі», дык вядуць сябе годна.

«Паліглоты» ў форме

А дванаццатай гадзіне ночы «УАЗ» з амапаўцамі пад’ехаў да майго дома.

Напрасіўся я ў нарад да старшага прапаршчыка Юрыя Юхневіча, прапаршчыка Уладзіслава Чыстабаева, старшыны Дзяніса Дзьячэнкі. Яны служаць у групе хуткага рэагавання АМАП.

Юрый носіць форму з 1990-га. Сказаў, што за ўвесь гэты час у навагоднюю ноч быў дома ўсяго два разы.

Спытаў у праваахоўнікаў, ці запомнілася ім нешта з таго, што адбывалася ў навагоднюю ноч у мінулыя гады. Хлопцы расчаравалі: адна «руціна». Напрыклад, аднойчы жанчына выклікала міліцыю, каб знайшлі скрадзеныя хатнія нарыхтоўкі: агуркі, памідоры.

— Бывала, што на масавых гуляннях дзеці губляліся. Але мы іх хутка знаходзілі па прыкметах, бо адзенне ў іх яркае, — распавялі міліцыянеры.

Да таго як «падабраць» мяне, яны выязджалі па выкліку. Жанчына, якая жыве ў прыватным доме, паведаміла па 102, што ў яе знікла сумачка з дакументамі, банкаўскай карткай і 500 расійскімі рублямі.

Пад’ехалі да плошчы Перамогі. На тратуары стаялі двое маладых мужчын. Яны падышлі да аўто і запыталі нешта… па-англійску. Сорамна, але я нічога не зразумеў. А вось мае спадарожнікі англійскай валодаюць. Хай і не без цяжкасцяў, але растлумачылі, калі пачнуць пускаць да галоўнай ёлкі. Бачылі б вы, як радаваліся госці і дзякавалі за дапамогу.

«Вы столік заказвалі?»

Мы павольна ехалі па горадзе. Глядзелі па баках, чакалі выкліку па рацыі. Заехалі на Прывакзальную плошчу.

Надвор’е было зусім не навагодняе. Плюсавая тэмпература, церусіў дождж. Працаваў грамадскі транспарт. Акрамя таксі, ездзілі дзясяткі прыватных легкавушак. Хто і куды спяшаецца ў навагоднюю ноч?! Таямніца…

Недалёка ад галоўнага корпуса Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта — вынік ДТЗ: легкавушка ўрэзалася ў агароджу каля трамвайных пуцей.

Зайшлі ў кавярню-клуб. Ахоўнік запытаў у мяне, ці заказваў я столік. Патлумачыў, што я прыйшоў з міліцыяй. Маіх спадарожнікаў тут ведаюць: яны не першы раз заходзяць сюды па службе. У зале танцавала пара дзясяткаў чалавек. Жанчын было значна больш. На мой погляд, людзі культурна адпачывалі.

А вось у кафэ-боўлінгу за сталом сядзела некалькі нецвярозых мужыкоў. Праўда, вялі сябе пры нас не агрэсіўна.

«Залез у… халадзільнік»

Па рацыі пачулі, што ў дом у прыватным сектары праніклі і нешта скралі, у тым ліку і з халадзільніка. Няўжо злодзеі вырашылі такім чынам выпіць шампанскага і закусіць аліўе?

Хутка прыехалі на месца. Дзверы адчыніў нецвярозы мужчына. У прыхожай быў яшчэ адзін, зусім «ніякі». Высветлілася, што першы — гаспадар дома, а другі - ягоны госць.

Гаспадар усё паказваў на госця пальцам і называў яго «пацуком». Растлумачыў, што дзвярэй сваёй хаты не замыкае ніколі. Нікога не баіцца, бо дэсантнік. «А вось гэты (нецэнзурныя словы) з’явіўся без дазволу».

Амапаўцы папрасілі госця паказаць кішэні. Дакумент, складзены пакет… Нічога з таго, што ён мог бы скрасці. Няўжо з’еў і выпіў да нашага прыезду? «Злодзей» у нецвярозым трызненні нешта спрабаваў гаварыць. Усміхаўся і смяяўся. Яго павялі да машыны.

У доме, дзе застаўся старшы прапаршчык, пачуўся шум. Кінуўся туды. Убачыў жанчыну. Высветлілася, што гэта жонка гаспадара. А чаму крычалі? Аказалася, «пацярпелы» правакаваў міліцыянера. Сцвярджаў, што той пагражаў яму пісталетам, хацеў яго застрэліць. Што толькі не з’явіцца ў галаве чалавека «пад мухай»!

Пакуль везлі «злодзея» на агляд у хіміка-таксікалагічную лабараторыю абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, паспрабаваў з ім пагаварыць. Адказваў мужчына са здзекам. Сказаў, што працуе «кольшчыкам». (Амапаўцы растлумачылі, што ён гаворыць пра наколкі на целе). Яшчэ ў савецкі час быў судзімы за крадзеж.

У лабараторыі, адказваючы на пытанні, распавёў, што працаваў рабочым на абутковым прадпрыемстве. Дадаў: халасты, дзяцей няма.

Прыбор зафіксаваў у мужчыны 2,64 праміле. Да мяжы ў 2,9, калі, як кажуць урачы, чалавек упадае ў ступар і страчвае здольнасць да разумення, было зусім недалёка.

* * *

Больш выклікаў у навагоднюю ноч не было — людзі святкавалі спакойна.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт "Звязды" правёў навагоднюю ноч не за святочным сталом, а з віцебскімі амапаўцамі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика