Сям’я – гэта святло і хлеб
20.04.2018
—
Новости Общества
|
Напярэдадні Вялікадня завіталі ў Бабунічы, дзе разам з бібліятэкарам Наталляй Стракач наведалі сям’ю Бойка. Наталля Мікітаўна параіла наведацца сюды, бо гаспадары заслугоўваюць увагі і некалькіх цёплых радкоў у раённай газеце. Мы з задавальненнем пакрочылі ў госці. У двары дома ўвіхалася маленькая Ксюшка: паўтараючы за дарослымі, дзяўчынка старалася выбіваць дыванкі, якія віселі на плоце. Маленькай кволай рукой трымала галіну з дрэва і стукала па дыванах. Пралепятала, што бабуля з дзядулем у хаце. Фёдар Уладзіміравіч за-дзелваў у паперку тытунь, які сам вырасціў. Гаспадыня Ніна Уладзіміраўна шчыра запрасіла прысесці на канапу. Разумеючы, што часу няшмат, не хацелася перашкаджаць людзям рыхтавацца да свята, адразу пачала задаваць пытанні. Шмат населеных пунктаў розных рэгіёнаў Гомельшчыны давялося змяніць сям’і, перш чым асесці ў Бабунічах. І гэта прытым, што Ніна Уладзіміраўна родам з Міхедавіч, а Фёдар Уладзіміравіч – з Бабрэчча. – Пазнаёміліся ў Мазыры, калі я працавала на мастацкай фабрыцы, а Федзя – на чыгунцы, – паведаміла Ніна Уладзіміраўна. – Стварыўшы сям’ю, жылі на кватэры, але трэба было набываць свой куток. Даведаліся, што на Жыткаўшчыне, у сельгаспрадпрыемстве “Чырвоны бор” даюць кватэры. Паехалі туды. Першапачаткова засялілі нас у пакой пажарнага дэпо, там пяць гадоў і адмучыліся, ніякай кватэры не дачакаліся. Былі ўжо дачушкі Наташа і Галя. Оля нарадзілася там. Марынка – у Вусаве, а Валодзя ўжо тут, у Бабунічах, куды мы пасля доўгіх блуканняў перабраліся ў 1990 годзе. Дарэчы, вёска Вусаў Лельчыцкага раёна трапіла ў спіс забру-джаных пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Там я працавала першапачаткова ў дзіцячым садку, затым пайшла фуражырам. Муж быў камбайнерам, трактарыстам, затым даглядчыкам цялятак. Спачатку высяленне з вёскі было абавязковым, затым паведамілі, што можна пакідаць населены пункт па жаданні. Калі здарылася аварыя, то мяне і іншых жанчын з дзецьмі адправілі ў санаторый “Прыдня-проўскі”. Мужчыны засталіся, бо была ўборачная. Частку дамоў у Вусаве пахавалі, некаторыя вяскоўцы засталіся там жыць. У Бабунічы запрасіла сястра Фёдара. Саўгас выдзеліў нам зруб, які дабудоўвалі самі. Так што мы перасяленцы. Я працавала тут у паляводчай брыгадзе, на вагавай, потым на цялятах. У 44 гады аформілася на заслужаны адпачынак як шматдзетная маці. Фёдар Уладзімравіч мой быў трактарыстам і таксама пайшоў па льгоце на пенсію ў 55 гадоў. Маю ордэн Маці. Дзве дачкі тут, у Бабунічах, адна – у Капаткевічах, адна – у Аголіцкай Рудні, сын тут. У мяне адзіннаццаць унукаў: у Вольгі чацвёра дзетак, чакае пятае, у Марыны тры хлопчыкі, у Наташы адзін хлопец, у Галі дзве дзеўкі. Старэйшаму ўнуку ўжо 21 год. Трэба сказаць, што дзецям нашым дапамога ўжо ёсць, мы заўсёды іх падтрымаем, а нам ніхто на дапамагаў, усе праблемы вырашалі самі. Але ж неяк спраўляліся. Вялікіх багаццяў не нажылі, але працавалі, не шкадуючы сябе. Хапала часу на наведванне клуба, дзе спявала ў мастацкай самадзейнасці. Пасля смерці залвіцы больш не спяваю. Пакуль мы размаўлялі з Нінай Уладзіміраўнай, то Ксюша, седзячы ў мяне на руках, стала драмаць. Пасля спахапілася і спытала, калі ўжо булкі будзе з бабуляй рабіць? Гэта, дарэчы, вельмі важны атрыбут Вялікадня, так што кулічы чакаць не будуць. Здароўя і поспеху гэтай сям’і! Інга ГІЛЕНКА. Фота Арцёма ГУСЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні Вялікадня завіталі ў Бабунічы, дзе разам з бібліятэкарам Наталляй Стракач наведалі сям’ю Бойка. Наталля Мікітаўна параіла наведацца сюды, бо... |
|