Дваццаць тры вясны. 21.by

Дваццаць тры вясны

15.05.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ctvmz

Цяпер, у час нядаўняй нашай сустрэчы, я ўзгадала тую, першую, мімахадзь. На дзень турызму карэспандэнта рэдакцыі запрасілі паўдзельнічаць у мерапрыемстве, арганізаваным для аматараў актыўнага адпачынку, школьнікаў і іх бацькоў, з Капаткевіцкай школай. Маю ўвагу знаёмая звярнула на дробную вясёлую жанчыну, дадаўшы некаторыя факты яе жыцця і пазначыўшы, што гэты мужчына, што варыць юшку для ўсёй нашай брыгады – яе муж, а тыя ладныя юнакі і падлеткі – сыны.

І вось праз чатыры гады я ў вялікім доме Ірыны і Віктара Пустоціных у Капаткевічах. Праўда, гаспадара дома ўжо другі месяц няма – працуе будаўніком у сталіцы. Таму расказаць пра сям’ю выпала самой гаспадыні. 

Абодва капаткевіцкія, але пазнаёміліся, калі вучыліся ў жыткавіцкім вучылішчы. Хутка і ажаніліся. І “пасыпаліся” дзеткі-пагодкі – Арцём, Косцік, Віталя, Мікіта. Муж працаваў у мясцовым ПМК, калі дзеці пайшлі ў садок, Ірына Уладзіміраўна, па спецыяльнасці лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу, змагла ўладкавацца санітаркай у Капаткевіцкую гарбальніцу. Шматдзетнай сям’і ў 2002 годзе далі пуставалы дом, які некалі быў дзіцячай кансультацыяй. У Віктара Станіслававіча “залатыя рукі”, таму не новая ўжо будыніна хутка стала ўтульным прасторным домам.

– Некалі вельмі любіла шыць, нешта ствараць сваімі рукамі, думала, што і прафесію абяру такую, – тлумачыць гаспадыня, чаму пяць гадоў таму карэнным чынам памяняла прафесію. –Праз васямнаццаць гадоў мая сяброўка Надзея Сігай, былая медсястра, на той час педагог, стала апантана займацца радаводам, і мяне гэты занятак захапіў. Даследчая праца, якую стварылі мы з сынамі, нават удзельнічала  ў ток-шоу “Перакрыжаванне” гомельскага тэлебачання. Там мяне назвалі “педагогам у душы”. Тады я і вырашыла паступаць у педуніверсітэт. Паступіла, а тут нечакана Бог даў яшчэ сыночка. Так з мужам і Васькам ездзілі ўтрох на сесіі. Летась разам атрымалі дыплом. Праз тыдзень ужо выходжу з дэкрэтнага водпуску на працу ў школу на пасаду педагога сацыяльнага. Да гэтага паспела два гады ў школе адпрацаваць педагогам-арганізатарам і зразумела, што ніколечкі не памылілася. Быць побач з дзецьмі, у калектыве, дзе ўсё бруіцца, ствараецца, ні на імгненне не спыняецца – гэта тое, чаго я хацела ўсё жыццё.

І ўсё адразу ў яе атрымалася. Ірына Пустоціна стала пераможцай раённага прафесійнага конкурсу і ўвайшла ў пяцёрку лепшых у абласным яго этапе. Гэта ўжо пра многае гаворыць. Хаця ў сваіх магчымасцях, грашыць, сумняваецца. Некалі, калі ўжо паступіла ва ўніверсітэт, прапанова ісці працаваць у школу была для яе нечаканасцю. Маўляў, няма ж яшчэ адукацыі. Але дырэктар школы Наталля Камнацкая ў ёй не сумнявалася: “Ваша адукацыя – чацвёра дзяцей. Астатняе – па ходзе справы.”

З новай працай да Ірыны Уладзіміраўны прыйшло і новае захапленне – пляценне з паперы. Яе творы, іначай і назваць нельга, не толькі ўпрыгожваюць дом, іх сыны возяць для аздаблення інтэр’еру ў Калінкавіцкі каледж, дзе вучацца. Сяброўкі просяць зрабіць нешта ў падарунак. Ды як толькі часу хапае, маючы на руках малое дзіця? Спраўляецца, бо заўсёды ёсць дапамога. Усе сыны вучацца, але дадому едуць амаль кожныя выхадныя. У кожнага свае абавязкі, так было заўсёды. Маці прызнаецца, што ніколі не заставала на кухні вораху посуду – кожны за сабою памые і прыбярэ.

– Яны ў бацьку такія ўдаліся, – упэўнена яна. – Той ніколі не дзеліць, дзе жаночая праца, а дзе мужчынская. Усё робім разам. Таму і гадаваць дзяцей з ім лёгка і прыемна. І сыны, бачу ўжо, умеюць клапаціцца не толькі адзін пра аднаго і нас з бацькам і Васьком, але і пра сваіх сябровак. Упэўнена, што будуць добрымі мужамі і бацькамі.

Усякае ў жыцці здараецца, і гэта сям’я не выключэнне. Хаця пра тое, як даводзілася і даводзіцца спраўляцца матэрыяльна, Ірына Уладзіміраўна не расказвае. Калі вельмі цяжка, дапамагаюць яе бацькі Уладзімір Сямёнавіч і Кацярына Мікалаеўна. Шчыра не разумее жанчына тых, хто нібы з папрокам рабіў ім заўвагі, як яны збіраюцца гадаваць і вучыць дзяцей на мізэрныя зарплаты. А вось жа выраслі, спецыяльнасці атрымоўваюць. Плануюць па-першасці вярнуцца ў Капаткевічы ўжо электрыкамі, механікамі і леснікамі.

У мінулую нядзелю Ірына Уладзіміраўна адзначала дзень народзінаў. Праз тыдзень – свята ў Віктара Станіслававіча. А яшчэ праз два дні Васільку будзе тры гады.

– Позняе дзіця – гэта шчасце, – здымаючы гарэзу-Ваську са спіны, кажа матуля. – Калі паехалі старэйшыя сыны, толькі ён, маленькі, ратаваў нас ад роспачы і суму па іх. Не ведаю, як бы мы з бацькам без яго цяпер жылі. Глыбока ўпэўнена, што дзяцей людзям дае Бог, на шчасце. І нельга ад гэтага адмаўляцца. Некалі выйду на вуліцу з малымі сынамі. А яны ўсе пабяруцца за ручкі і ідуць дарогаю. Сэрца заходзіцца ад замілавання: гэтулькі шчасця мне. Галоўнае, адчуваць гэты дар, гэта шчасце ўсёй душою. І не замінаць дзіцяці быць самім сабою. Не хоча прыносіць са школы добрыя адзнакі, няхай у іншым сябе раскрые. Не ўсім быць кіраўнікамі ці інжынерамі, нехта павінен і рукамі працаваць. Мае дзеці так вырашылі. А ў іх добрасумленнасці я не сумняваюся, яны ўмеюць знаходзіць рашэнне любых жыццёвых задач, часам лепш за сваіх аднагодак.

Напрыканцы красавіка Пустоціны адзначалі дваццаць тры гады сямейнага жыцця, чарговы дзень нараджэння іх сям’і. І няхай Ірына і Віктар у той дзень былі далёка адзін ад аднаго, дзень гэты для іх важны, святочны. На розных канцах тэлефоннай сувязі гучалі шчырыя віншаванні і прызнанні адзін аднаму. Няхай так будзе заўсёды!

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяпер, у час нядаўняй нашай сустрэчы, я ўзгадала тую, першую, мімахадзь. На дзень турызму карэспандэнта рэдакцыі запрасілі паўдзельнічаць у мерапрыемстве,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика