Напярэдадні паступлення сёлетнія петрыкаўскія выпускнікі расказалі пра свае планы. 21.by

Напярэдадні паступлення сёлетнія петрыкаўскія выпускнікі расказалі пра свае планы

14.07.2018 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Лета для кагосьці – час адпачынку. Не ўсім так шанцуе. Клопаты, хваляванні, бяссонныя ночы з дапаможнікамі па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.  Сёння ў нашым нумары выпускнікі   расказваюць пра свае захапленні, выбар спецыяльнасці і дзякуюць настаўнікам.

 

Мікіта Траяноўскі, выпускнік школы № 2:

IMG_5034_1

– Паступаю ў БНТУ на спецыяльнасць “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”. Не ведаю, наколькі гэта выгадна, проста ў школе па фізіцы былі поспехі. І па балах туды праходжу. Практычна кожны год удзельнічаў у алімпіядах, займаў прызавыя месцы. У апошні раз – другое месца ў вобласці.

У 2017 годзе перамог у конкурсе “Юны фізік” у Гомелі. Выступілі на высокім узроўні. Рыхтаваў нас настаўнік Ігар Ліпскі.

Вызначыцца з факультэтам мне дапамагла мама. Рэпетытара ніколі не наведваў, толькі на факультатывы. Дома рыхтаваўся па дапаможніках. У час падрыхтоўкі склаў план: у дзень вырашыць тры варыянты па матэматыцы з экзаменацыйнага зборніка.

 

Вадзім Хачыкян, выпускнік школы № 2:

IMG_5048_1

– Са спецыяльнасцю вызначыўся: “Мытная справа”. А вось з універсітэтам пакуль не. БДУ або БНТУ. Першы варыянт – малаверагодны, таму што высокія прахадныя балы, але я не губляю надзеі.

Спецыяльнасць выбіраў, грунтуючыся па сваіх інтарэсах. Тата марыў, каб я пайшоў у МНС або ў міліцыю. Мама выбар цалкам падтрымлівае.

Як толькі ў школе з'явілася фізіка, я адразу да яе праявіў цікавасць. Хоць думаў, што гэта вельмі цяжкі прадмет.

На конкурсе “Юны фізік” разам з нашай камандай мы ўзялі дыплом III ступені. Мне таксама ўручылі дыплом асобна за тое, што добра абараніў рашэнне задачы. Чаго не хапіла да першага месца? Канкурэнты – гомельскія каманды, у іх абсталяванне значна лепшае.

На конкурсе ў мінулым годзе яшчэ да абвяшчэння вынікаў мужчына, які вёў экскурсію па ўстанове, расказваў, што ён працуе па гэтай спецыяльнасці, запрасіў у свой кабінет. Там было шмат камп’ютараў, нават сябе можна было пабачыць з усіх бакоў. Паказаў, што, дзе і як працуе. Аднойчы ён абараніў паспяхова вытворчасць ад кібератакі. За што нават атрымаў падзяку ад Прэзідэнта. Я тады гэтым вельмі зацікавіўся. Мая будучая прафесія будзе звязана з IT-тэхналогіямі.

 

Настасся Кліменка, выпускніца гімназіі:

IMG_5061_1

– Школьны час прайшоў хутка, але і цікава, у тым ліку дзякуючы розным конкурсам, шматлікім мерапрыемствам школы і раёна. Я з задавальненнем выступала ў вакальных спаборніцтвах – з дзяцінства спяваю.

Ёсць чым ганарыцца. Прызавое месца заняла ў конкурсе “Звонкая раніца” па падтрымцы юных вакалістаў, які стартаваў у 2011 годзе ў Беларусі. У гэтым годзе ездзіла на абласны этап “Разам з песняй”. У Кобрыне на фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці “Пад крыламі Арыёна” атрымала Дыплом ІІ ступені.

Буду паступаць у Мінск ва ўніверсітэт імя Максіма Танка. З факультэтам яшчэ пакуль не вызначылася.

Тэатральны калектыў гімназіі “Купалінка” пад кіраўніцтвам Вольгі Марцынкевіч для нас – чарговая магчымасць праявіць свае таленты. Наведвалі шмат конкурсаў. І неаднаразова былі ў прызёрах.

Многія настаўнікі дапамагалі і падтрымлівалі мяне. Хочацца сказаць вялікі дзякуй нашаму намесніку дырэктара  па выхаваўчай рабоце Наталлі  Несцярчук, Галіне Туравец – за падрыхтоўку да здачы цэнтралізаванага тэсціравання,  Настассі Андрук – за творчы і крэатыўны падыход да раённага конкурсу вальса, у якім наша школа заняла другое месца. Да Настассі Валер’еўны хадзіла тры гады ў калектыў “Эдэльгія”.

Усе сказалі, што наш выпускны быў самі лепшы за апошнія часы – яго рыхтавалі самі дзеці. Аднакласнікам пажадаю добра здаць тэсціраванне і паступіць.

 

Ксенія Грыцкевіч, выпускніца гімназіі:

IMG_5239_1

– Усё пачалося з дзіцячага садка. На ранішніках заўсёды спявала, удзельнічала ў спектаклях. Магла вывучыць песню, праслухаўшы яе адзін раз. Памятаю, выхавальнікі ў дзіцячым садзе казалі: “Як жа мы цяпер без нашай зорачкі?”

Выступала аднойчы у доме культуры, песеньку пра маму спявала, тады трапіла з фота ў вашу газету, нумар дагэтуль захаваўся.

У другім класе пачатковай школы пачала наведваць музычную школу, але гэта доўжылася зусім нядоўга. Настаўніца часта прымала ўдзел у сесіях, а мне не падабалася, што кожны ўрок новы настаўнік. Пазней, калі ў горадзе адкрылася мастацкая школа, захацела маляваць. Праз 5 гадоў паспяхова яе скончыла. Захаваўся нават самы першы малюнак.

А калі мне было 14, запісалася на вакал. Дзякуючы педагогу, які накіраваў мяне і мой голас у належнае рэчышча, без музыкі сябе ўявіць не магла. Потым пачаліся выступленні. І з кожным разам іх было ўсё больш і больш.

У мінулым годзе выступіла на адкрытым фестывалі-конкурсе “Крокi”, дзе ўзяла намінацыю “Хіт фестывалю-конкурсу”.

Там, дарэчы, па чыстай выпадковасці мяне таксама заўважылі як вакаліста, і я знайшла свайго новага выкладчыка, з якім прыняла ўдзел у фестывалі.

З 15 гадоў пачала пісаць вершы, тэксты. Думаю, што гэта толькі пачатак.

Збіраюся паступаць у БДТУ на інжынера. А як сцэна? Закідваць спевы не збіраюся. Упэўнена, па месцы вучобы будзе шмат розных мерапрыемстваў, у якіх змагу праявіць сябе. Ды і тым больш, жыццё толькі пачынаецца!

Н. ЧАРНЯЎСКАЯ.

Фота А. ГУСЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лета для кагосьці – час адпачынку. Не ўсім так шанцуе. Клопаты, хваляванні, бяссонныя ночы з дапаможнікамі па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання.  Сёння...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика