Руководство Шумилинского района обсудило с жителями Оболи актуальные для посёлка вопросы
18.12.2018
—
Новости Общества
|
Адбылася ўзважаная і зацікаўленая гаворка
13 снежня адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з жыхарамі гарадскога пасёлка Обаль. У сустрэчы ўдзельнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Быкаў, намеснікі старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка і Ірына Шалахава, кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, раённых службаў і арганізацый, ад якіх залежыць жыццезабеспячэнне насельніцтва.
Адкрываючы сустрэчу, на якую сабраліся больш за шэсцьдзясят абальчан, кіраўнік раёна падкрэсліў, што мэта сустрэчы ў тым, каб даведацца непасрэдна ад жыхароў пра хвалюючыя іх праблемы, расказаць пра тое, што зроблена па рашэнні ўзнікшых пытанняў, падзяліцца планамі, давесці да жыхароў пасёлка погляд улады на далейшае яго развіццё. Кіраўнік раёна адзначыў, што такія сустрэчы ў Обалі будуць праводзіцца штоквартальна. “Будзем удзяляць пасёлку пастаянную ўвагу, тым больш што г. п. Обаль уключаны ў праграму развіцця гарадскіх пасёлкаў і малых гарадоў на 2020 год”, – сказаў Алег Быкаў.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Цімашэнка расказала пра развіццё гандлёвага абслугоўвання жыхароў гарпасёлка, у прыватнасці, пра адкрыццё магазінаў гандлёвай сеткі “Еўраопт”. “У пасёлку вызначаны 5 участкаў для будаўніцтва гандлёвых аб’ектаў, рыхтуюцца дакументы на продаж былога гандлёвага цэнтра Шумілінскага райспажыўтаварыства. Усе гэтыя прапановы накіраваны кіраўніцтву “Еўрагандлю” і іншых гандлёвых сетак, якія ёсць на Віцебшчыне і ў Беларусі. Далейшае рашэнне залежыць ад іх”, – сказала Святлана Віктараўна.
Яна паведаміла, што кожны жадаючы можа купіць ці арандаваць любы былы гандлёвы аб’ект Шумілінскага райпо для арганізацыі сваёй дзейнасці.
Шэраг пытанняў па арганізацыі гандлёвага абслугоўвання і яго якасці быў адрасаваны дырэктару прыватнага прадпрыемства “Карына-гандаль” Аляксандру Мацуганаву. “Маё галоўнае патрабаванне да кожнага прадаўца ці загадчыка магазіна – гэта сумленнасць і якасць работы. З работнікамі, якія падманваюць пакупнікоў, мы развітваемся”, – сказаў Аляксандр Васільевіч, занатаваўшы выказаныя прэтэнзіі. Ён падзяліўся планамі арганізацыі самаабслугоўвання ў адным з магазінаў Обалі. Рэканструкцыя, якая вядзецца, ужо вясной дазволіць пашырыць гандлёвую залу і арганізаваць сучаснае абслугоўванне пакупнікоў. Плануецца пабудаваць гандлёвы аб’ект у мікрараёне “Даўмана”, які знаходзіцца ў аддаленасці ад цэнтра пасёлка. Таксама было абяцана ўсталяваць сучасныя касавыя апараты, якія друкуюць разгорнутыя чэкі і больш падабаюцца пакупнікам.
Намеснік галоўнага ўрача Шумілінскай ЦРБ Ала Карапузава запэўніла абальчан, што ўчастковая бальніца ў пасёлку захаваецца, расказала пра зроблены рамонт фізіятэрапеўтычнага абсталявання, новыя прыборы, якія куплены для бальніцы і дапамогуць праводзіць значны комплекс аздараўленчых працэдур для пацыентаў. З’явіўся ў Обалі і апарат для вымярэння вочнага ціску – цяпер не трэба ездзіць у райцэнтр. Была выказана прапанова аб набыцці глюкометра для мясцовай хуткай дапамогі, каб зняць праблемы пры выкліках да хворых на дыябет. Прапанова была прызнана слушнай.
Алег Быкаў дапоўніў інфармацыю планамі па рамонце Обальскай бальніцы.
Дырэктару УП ЖКГ Аляксею Шпакаву мясцовыя жыхары выказалі заўвагу наконт падсыпкі пяском у галалёд пешаходных дарожак – у цэнтры пасыпаюць, а ў дварах і аддаленых вуліцах – не. Былі скаргі на забітую каналізацыю, працякаючыя дахі, бадзяжных сабак. Пыталіся пра графік бягучага рамонту дамоў. Старшыня райвыканкама Алег Быкаў запатрабаваў аператыўна ліквідаваць выказаныя заўвагі і не дапускаць такіх хібаў у будучым. Тым больш, што выказаныя прэтэнзіі не патрабуюць значных выдаткаў.
Намеснік дырэктара філіяла “Полацкводаканал” Лёдзій Лысёнак расказаў пра работу, якая праводзіцца па наладцы станцыі абезжалезвання – утрыманне жалеза ў вадзе знізілася ў некалькі разоў, вызначыў праблемы, што перашкаджаюць у рабоце, і тыя меры, што прымаюцца па іх ліквідацыі. У прыватнасці, адной з галоўных праблем ён назваў зношанасць вода-праводных сетак у пасёлку – гэта выклікае шматлікія парывы, пагаршае якасць вады. Прадстаўнік водаканала запэўніў, што работа па забеспячэнні абальчан якаснай вадой будзе весціся штодня, на наступны год будуць абнаўляцца і сеткі.
Да начальніка РЭС Дзмітрыя Муркова былі скаргі на частыя перабоі з электрычнасцю. Дзмітрый Ва-сільевіч запэўніў, што электрыкі робяць усё магчымае, каб аператыўна ліквідаваць аварыі. Ён па-прасіў з разуменнем аднесціся да перапынкаў у падачы электраэнергіі летам 2019 года, калі будзе весціся планавая замена зношаных электрасетак, гэта дазволіць пазбегнуць аварыйных перабояў у будучым.
На сходзе выступілі начальнік аддзела па землеўпарадкаванні Зоя Гарэленкава, начальнік РАУС Аляксей Захаранкаў, начальнік участка паштовай сувязі Алеся Новікава, старшыня Обальскага сельвыканкама Мікалай Будневіч.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Алег Быкаў падзякаваў за канструктыўную і плённую сустрэчу, выказаў упэўненасць, што сумесныя намаганні прывядуць да станоўчых зрухаў у развіцці пасёлка.
Пасля агульнага пасяджэння жыхары Обалі мелі магчымасць задаць свае пытанні прысутным кіраўнікам у індывідуальным парадку.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №98 ад 18. 12.2018 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адбылася ўзважаная і зацікаўленая гаворка 13 снежня адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з жыхарамі гарадскога пасёлка Обаль. У сустрэчы ўдзельнічалі старшыня...
|
|