Рэдакцыя падвяла вынiкi творчага конкурса да Году малой радзiмы
13.01.2019
—
Новости Общества
|
>
З вясны па восень рэдакцыя прымала творчыя работы ў трох намінацыях: Па рашэнні рэдкалегіі і па выніках галасавання на сайце газеты вызначыліся пераможцы – Ганна Бажко, навучэнка Пінскага дзяржаўнага ліцэя будаўнікоў, Святлана Сухаверхая з Мінска і педагог Марына Варабей з Бярозавіч. Сёння называем імёны ўдзельнікаў, чые работы прызнаны аднымі з лепшых. Гэта навучэнкі ліцэя будаўнікоў Наталля Літвінчук і Дзіяна Лемяшэўская (эсэ), Анатоль Козіч і Жанна Верыч (вершы), Сяргей Казак і Ілля Вакуліч (фотаздымкі). Некаторыя іх работы надрукаваны ў сёняшнім нумары «Палескай праўды», з іншымі чытачы змогуць пазнаёміцца ў бліжэйшы час. Нагадаем, што творчы конкурс быў аб’яўлены рэдакцыяй газеты «Палеская праўда» сумесна з раённай арганізацыяй РГА «Белая Русь». У цырымоніі ўзнагароджання, якая прайшла ў нязмушанай, цёплай атмасферы, узялі ўдзел галоўны рэдактар «Палескай праўды» Віялета Падлужная і старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Рыгор Прыгодзіч, якія ўручылі прызы і сувеніры. Віншуючы ўсіх прысутных, Рыгор Якаўлевіч асаблівую ўвагу звярнуў на моладзь. Сапраўды, першыя крокі ў творчасці, ды такія ўдалыя, здольнасць заўважаць і прымаць сапраўдныя каштоўнасці, як то любоў да сям’і і Радзімы, адкрываюць перад пачынаючымі творцамі неабсяжныя далягляды. І выдатна, калі маладыя людзі сустракаюць добрага дарадчыка, які падтрымае іх, дзе трэба падштурхне і падкажа. Прыклад таго – вось ён, побач: на творчую сустрэчу навучэнак ліцэя будаўнікоў (як уважлівы чытач паспеў зазначыць, тройку лепшых у намінацыі «эсэ» склалі тры дзяўчыны, што атрымліваюць адукацыю ў гэтай навучальнай установе) прывяла іх творчы кіраўнік – педагог Наталля Паўлавец. Наталля Мікалаеўна вядзе актыўную творчую дзейнасць і шмат часу прысвячае працы з творча адоранымі дзецьмі. Якасць гэтай працы навідавоку – шмат грамат і дыпломаў, перамог у шматлікіх конкурсах, да якіх дадаецца і бліскучы вынік па нашаму конкурсу. На сустрэчы кожнаму было прапанавана высказацца. Відавочна, што творчыя людзі знайшлі ў сваім вобразе жыцця шмат агульнага. Напрыклад, многія з іх заўсёды побач з сабой трымаюць аўтаручку і аркуш паперы ці блакнот. Усіх заварожвае прыгажосць прыроды. Марыне Варабей, настаўніцы матэматыкі Бярозавіцкай СШ, асабліва падабаюцца палі. Аднойчы ў полі, куды выйшлі на шпацыр Марына Макараўна з сястрой Верай, і быў зроблены здымак, што перамог у творчым конкурсе. Марына Варабей таксама піша вершы, на яе начным століку заўсёды ляжыць ручка з блакнотам. «Балада пра лета ў вёсцы» мінчанкі Святланы Сухаверхай была напісана па ўспамінах дзяцінства, калі лета яна праводзіла ў бабулі з дзядуляй. Анатоль Козіч, дарэчы, сябра літаратурнага клуба «Пінчукі», свой верш «Малая радзіма» напісаў яшчэ да таго, як у краіне быў абвешчаны Год малой радзімы. Медык і гісторык, ён жыве і працуе ў родным Гарадзішчы, піша вершы з дзявятага класа, не так даўно асвойвае гітару, бо паэзія час ад часу добра кладзецца на музыку. Дарэчы, і ў пераможнага верша ёсць музычная версія. Жанна Верыч добра вядома нашым чытачам, таму што часта друкуецца ў нашай газеце, яна прысвяціла свой «Паланэз малой радзіме» роднаму Лышча. Што датычыцца здымкаў, то імёны Сяргея Казака і Іллі Вакуліча таксама знаёмы аматарам «Палескай праўды», бо гэта нашы пастаянныя пазаштатныя аўтары. Іх здымкі не пакінулі абыякавымі і ўдзельнікаў галасавання за лепшыя творчыя работы. Што ж, вынікі конкурса падведзены, мы віншуем удзельнікаў і пераможцаў і жадаем усім поспехаў. І звяртаем увагу на тое, што Год малой радзімы прадаўжаецца. Вядома, што і 2019-ы, і 2020-ы гады таксама пройдуць пад знакам вяртання да родных крыніц. Таму наша рэдакцыя вырашыла прадоўжыць і творчы конкурс. Хутка будуць абвешчаны адноўленыя ўмовы, і, спадзяемся, рэдакцыйная пошта будзе поўніцца вашымі творамі аб сапраўднай каштоўнасці чалавечага жыцця. Людміла РЭБКАВЕЦ.
|
|