Людзі Смаргоншчыны: Васіль Карнілавіч Церабун
18.02.2019
—
Новости Общества
|
Пасля шматлікіх вандраванняў па свеце, пакінуўшы ў самым канцы вайны Польшчу, мы знайшлі свой прытулак у Беларусі, якая гасцінна прыняла нас і дала магчымасць выжыць.
Як аднаму з лепшых рабочых Смаргонскага лесазавода, нашаму бацьку Васілю Карнілавічу Церабуну выдзелілі пазыку ў выглядзе пэўнай колькасці бярвенняў для будаўніцтва сваёй невялічкай хаткі. Ён пабудаваў яе на вуліцы Багушэвіча, і так мы сталі смаргонцамі. Бацька быў вопытным спецыялістам па распрацоўцы лесу і працаваў на вялікіх польскіх тартаках. На лесазаводзе быў піларамшчыкам. Карыстаўся заслужаным аўтарытэтам. На завод лес прыходзіў па Віліі. Туды была пракладзена вузкакалейка, па якой ездзіў матавоз з некалькімі ваганеткамі. Бывала, што група рабочых ездзіла ў Трабы альбо Катлоўку для нарыхтоўкі лесу, які потым машынамі-тралерамі прывозілі на завод. Вялікі паравы рухавік замежнай вытворчасці «LANG» быў на заводзе галоўнай крыніцай энергіі. Вялізныя горы таварнага лесу чакалі распілоўкі, мноства вагонаў з піламатэрыяламі адпраўлялася па чыгунцы. Была свая паравая сушылка для дошак. На ўліку былі кожная дошка і бервяно. Рэнтабельны завод лічыўся вядучым прадпрыемствам горада. Аднойчы, займаючыся гаспадарчымі справамі каля хлява сваёй гарадской хаты, мы пачулі сярод белага дня кароткія гудкі завода.
Бацька перанёс шмат складаных аперацый і па стану здароўя быў вымушаны перайсці ў пілаточны цэх. Мне вельмі падабалася быць у яго на заводзе. У пілаточцы стаялі паўаўтаматычныя станкі для доўгіх піл і звычайныя наждакі для круглых. Бацька хадзіў у брызентавым фартуху, рукавіцах і спецыяльных акулярах. Пілы для піларам стаялі наточаныя камплектамі, а вось круглую станочніца магла прынесці ў любы момант. Бацька за лічаныя хвіліны па-майстэрску тачыў яе. Потым праглядаў кожны зуб і папраўляў развод. Пасляваенны лес амаль увесь быў “паранены” асколкамі. Бывала, нават пілараму даводзілася спыняць, каб вызваліць пілы, заціснутыя ў бервяне з франтавым жалезам. Тады хуценька прыбягалі за бацькавай дапамогай. Васіль Карнілавіч Церабун. Жылі мы вельмі сціпла. Бацька атрымліваў зусім невялікі заробак. Дома варылі ежу і грэліся толькі печкамі. А для печкі, як вядома, патрэбны дроўцы. Бацька прасіў некага з нас напісаць заяву: “Дырэктару Смаргонскага лесазавода Кулькову І. В. ад рабочага Церабуна В. К. Прашу вашага дазволу выпісаць мне два з паловай кубаметры дрывяных адыходаў. У маёй просьбе прашу не адмовіць”. Бацька ставіў свой подпіс і ішоў у кантору. Калі дазвол атрымлівалі, дроўцы трэба было нарыхтаваць. Са станочніцамі была дамова, каб розныя абрэзкі складалі бацьку на ваганеткі. Потым ён вывозіў іх з цэху да машыны. Пагрузіць трэба было ўсё да апошняй палачкі і падабраць кару. Прывёзшы дроўцы да сваёй хаты, мы з братам Уладзімірам мелі шмат багацця. Рабілі сабе цымбалы, набіўшы ў тарцы дошчачкі цвічкі для струн. Струнамі была раскручаная лінка, якой карысталіся ў студнях. Потым струны падымалі на падстаўкі і цымбалілі, пакуль Аляксандр Дзяруга не выдаў нам сапраўдныя цымбалы. Маці, гледзячы на мяне, казала: “Ну, гэты будзе цымбалістам”. І не памылілася. На заводзе быў свой драўляны клуб, у якім мы глядзелі кіно і слухалі канцэрты заводскай мастацкай самадзейнасці. На адным з іх рабочы Іван Размысловіч на старэнькай сяміструннай гітары іграў марш, магчыма, нават уласны, “Памяці 1812 года”. Было мне тады дзевяць гадоў. Як вобразна выканаў самадзейны артыст гэты твор, я не магу забыць і па сённяшні дзень. У нейкі момант сваёй кампазіцыі ён згарнуў струны разам і нагадаў крокі салдат, якія прыбліжаліся, былі зусім побач і аддаляліся. Тады зноў, як напамін, толькі ціха-ціха, прагучаў пачатак твора. Па сваёй форме кампазіцыя была проста бездакорнай. Раптам з залы выкрык нейкага нявыхаванага чалавека: “Размысловіч! Я на цвіках лепш сыграю”. Але ніхто не засмяяўся, бо ўсім твор вельмі спадабаўся, раздаліся заслужаныя апладысменты. Калі я стаў больш дарослым і ў музыцы пачаў нешта разумець, захапіўся ігрой Івана Размысловіча на барытоне ў гарадскім духавым аркестры пад кіраўніцтвам Сяргея Паўлавіча Кар’янскага. У ім аркестранты ігралі па сваіх зашмальцаваных кніжачках з нотамі. Каб пачаць іграць, твор не называлі, а толькі яго нумар. У Івана Размысловіча барытон спяваў. У яго была цудоўная інтанацыя, прыгожы гук па ўсім дыяпазоне інструмента і прафесійная вібрацыя. Можна было падумаць, што гэта іграе артыст акадэмічнага аркестра, а не лесазаводскі рабочы. На заводзе была невялічкая хлебапякарня. Нам, дзецям, пекар у белым адзенні і шапачцы здаваўся нейкім смешным. Цёплы, вельмі смачны хлеб разам з іншымі прадуктамі прадавала цёця Надзя, Надзея Кабетава. За выхаванасць і добрыя паводзіны, а яна ўсіх нас ведала, магла цукерачку даць. На тэрыторыі завода быў невялічкі вадаём для супрацьпажарных мэтаў. У гонар начальніка службы аховы гэтае азярцо мы называлі “Кірсанкай”. Баяліся, каб строгі Кірсанаў не надраў нам вушы, але карцела, і рызыкавалі, баязліва азіраючыся па баках, з розных дошак рабілі плот і на ім плавалі. А дно там было балоцістае… Завод здаваўся нам родным домам. Яго вельмі любіў працавіты, таленавіты і ўдумлівы бацька. На выгляд строгі, але вельмі мілы. Нам падабалася, калі маці ласкава называла яго Васілёк. У сваіх бацькоў нам і цяпер ёсць чаму вучыцца. У сям’і выхоўвалася шасцёра дзяцей, але ўсе былі абутыя, апранутыя і накормленыя. Маці Антаніна Антонаўна – жанчына таленавітая. Ткала ручнікі, посцілкі, магла рабіць любую працу на полі, была цудоўнай спявачкай і танцоркай. Сваіх дзяцей нашы бацькі выхоўвалі уласнай культурай з прыкладам і прыгажосцю. У нас былі музычныя інструменты, фарбы і пэндзлікі. Па святах прыгожа гучаў шматгалосы сямейны хор, потым бацька спяваў свой любімы раманс-серэнаду «Накинув плащ с гитарой под полою». Сёння мы з гонарам можам сказаць: “Калі што ёсць, то толькі ад бацькоў, і шчыры дзякуй ім за гэта”. Ульян Церабун, пенсіянер, г. Маладзечна. Фота Уладзіміра ЦЕРАБУНА (з сямейнага архіва скульптара). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля шматлікіх вандраванняў па свеце, пакінуўшы ў самым канцы вайны Польшчу, мы знайшлі свой прытулак у Беларусі, якая гасцінна прыняла нас і дала магчымасць...
|
|