Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зацверджана рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў аб заахвочванні грашовымі прэміямі пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў работ даследчага характару (канферэнцый) навучэнцаў па вучэбных прадметах 2019 года.
Сярод узнагароджаных – і прадстаўнікі Століншчыны. Другой прэміяй у памеры 127,5 рубля заахвочаны навучэнкі 11 класа сярэдняй школы № 2 г. Століна Анастасія Домніч і Анастасія Саўчук. “Выяўленчыя функцыі касцюмнай дэталі ў рамане Міхаіла Булгакава “Майстар і Маргарыта” – так называлася работа, за якую ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па рускай літаратуры ў секцыі “Літаратуразнаўства” дзяўчаты атрымалі дыплом ІІ ступені.
Дарэчы будзе сказаць, што сёлета Анастасія Домніч удастоена дыплома І ступені ў ХХVI Усерасійскіх юнацкіх чытаннях імя У. І. Вярнадскага ў Маскве.
Сёлета дзяўчаты закончылі школу. Жадаем ім ажыццявіць свае мары!
Галіна ГАШЧУК