Да дня бібліятэк: Аматары друкаванага слова. 21.by

Да дня бібліятэк: Аматары друкаванага слова

13.09.2019 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ларыса Коўка і Ганна Немчанка

Ларыса Коўка і Ганна Немчанка

Штогод 15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк.

Гэта свята работнікаў, якія кожную раніцу спяшаюцца на работу ў “царства” пухлых томікаў, тых, хто ідзе сюды, каб узяць новы твор. Ды і ўвогуле ўсіх, хто любіць і паважае кнігу, атрымлівае асаблівую асалоду ад чытання. Зараз у бібліятэку людзі ходзяць радзей, чым раней. Папяровую кнігу замяняюць партатыўныя тэхнічныя навінкі. Але верныя прыхільнікі друкаванага слова ёсць і заўсёды будуць. Атрымаўшы незабыўныя перажыванні і ўражанні ад цікавага твора, шукаеш іх зноў і зноў.
Напярэдадні свята карэспандэнт “НП” завітала ў Давыд-Гарадоцкую гарадскую бібліятэку. Некалькі гадоў назад яна змяніла месца “прапіскі” – цяпер “дом кніг” займае памяшканне ў новым Доме культуры. Яно – светлае, утульнае, абсталяванае новай мэбляй. Створаны камфорт задавальняе і пастаянных наведвальнікаў бібліятэкі, і яе работнікаў.
А працуюць тут ветлівыя і старанныя жанчыны. Усе прыйшлі на работу ў 2007 годзе. Таццяна Стахейка – загадчыца бібліятэкі. Пасля школы паступіла ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Пачынала працоўную дзейнасць у в. Турское. Год працавала там і паралельна завочна атрымлівала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Пасля перайшла працаваць у Давыд-Гарадок.
Ганна Немчанка мае бухгалтарскую адукацыю. Але калегі ў адзін голас гавораць: “Бібліятэкар – яе прызванне”. Ганна Мікалаеўна – генератар ідэй, актыўна і лёгка прыдумвае “разынкі”, якія ўносяць у жыццё бібліятэкі разнастайнасць і асаблівыя ноты настрою. Гэта прыходзіцца даспадобы чытачам.
Напрыклад, калі вы прыйдзеце ў бібліятэку, вам прапануюць наведаць “бібліякафэ”. На асобным стэлажы сабраны творы, якія сёлета адзначаць юбілей выхаду у свет. На кожнай вокладцы – “кубак”, дзе ўказана важная інфармацыя аб творы.

Таццяна Стахейка

Таццяна Стахейка

Не застаюцца незаўважанымі паліцы з лялькамі розных эпох – галоўнымі гераінямі раманаў Міхаіла Лермантава, Аляксандра Грыбаедава, Джэйн Осцін, Оскара Уайльда, Генрыка Ібсэна і іншых. Каля друкаванага тома – “ажыўшы” галоўны персанаж. Можна з ім азнаёміцца і твор узяць прачытаць.
Сустракае наведвальнікаў таксама бібліятэкар Ларыса Коўка. Спачатку яна працавала ў дзіцячай бібліятэцы Давыд-Гарадка, потым – у гарадской. Густы кожнага, хто прыходзіць за кнігай, стараецца задаволіць. Калі няма патрэбнага экзэмпляра, заказваюць у раённай бібліятэцы. Адзін час студэнты-завочнікі часта пыталі даведнікі па бухгалтарскай справе, эканоміцы, сельскай гаспадарцы.
На сёння фонд бібліятэкі складае больш за 13,5 тысячы экзэмпляраў. У зале ўсталяваны мабільны стэлаж на рэльсах, які эканоміць месца. Гэта даволі зручна. Аналагічныя прыстасаванні ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
У шырокім асартыменце прадстаўлена мастацкая, праваслаўная літаратура. Ёсць кнігі па псіхалогіі, даведнікі, дапаможнікі. Вялікі выбар жаночых раманаў, дэтэктываў, фантастыкі. Хацелася б, каб больш было сучаснай літаратуры. Яе часта пытае моладзь.
У бібліятэцы ёсць камп’ютар з выхадам у інтэрнэт. У чытальнай зале за пісьмовым сталом можна пасядзець, пагартаць свежыя газеты і часопісы, а таксама азнаёміцца з артыкуламі энцыклапедый, прававой літаратурай. Самы дарагі і каштоўны экзэмпляр, кніга ўсіх кніг – Біблія на царкоўнаславянскай мове. Яе работнікі акуратна захоўваюць. Яна вялікага памеру, з глянцавымі старонкамі, чырвонай вокладкай. Але галоўнае, вядома ж, – змест.
Мясцовыя жыхары цікавяцца навінкамі пяра знакамітых пісьменнікаў – выхадцаў з Давыд-Гарадка. Падтрымліваюць цёплыя, сяброўскія адносіны з Георгіем Марчуком. У мінулым годзе арганізавалі творчую сустрэчу Георгія Васільевіча з землякамі. Часта наведвае “дом кніг” Віктар Вабішчэвіч. У планах – запрашаць на сустрэчы і другіх творчых людзей. Праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, размовы на тэму здаровага ладу жыцця з юнакамі і дзяўчатамі.
Ёсць, безумоўна, і актыўныя чытачы. Калі задала гэтае пытанне бібліятэкарам, яны разам адказалі: “У нас такіх многа! Большая частка чытачоў – людзі пенсіённага ўзросту”. Гэта Раіса Кузьміч, Валянціна Мукоўніна, Лідзія Басавец, сям’я Калько. Марыя Вабішчэвіч, якой споўнілася 90 гадоў, часта заходзіць і бярэ дэтэктывы, часопісы. Антаніна Асауленка, якой таксама больш за 90 гадоў, прыходзіць кожны тыдзень, цікавіцца перыёдыкай і творамі мясцовых пісьменнікаў.
Работнікі бібліятэкі сцвярджаюць, што працаваць лёгка, калі ты любіш сваю справу і тое, чым займаешся. А яшчэ дадаюць: кніга заўсёды будзе займаць сваё асаблівае месца, нягледзячы на ўплыў інфармацыйных тэхналогій. Яны ўпэўнены, што ў хуткім часе модным трэндам стане чытанне кніг – звычайных, папяровых.
Мы ў сваю чаргу віншуем усіх работнікаў бібліятэчнай сістэмы з прафесійным святам. Жадаем здароўя, дабрабыту, міру і дабра!

Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Штогод 15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк. Гэта свята работнікаў, якія кожную раніцу спяшаюцца на работу ў “царства” пухлых
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика