Восень – самая шчодрая пара на вяселлі. Ганна і Міхаіл Грыбы з аграгарадка Альшаны таксама вырашылі пажаніцца ў верасні і хутка восем гадоў, як яны крочаць па адной дарозе.
А яшчэ за гэты час Ганна і Міхаіл сталі бацькамі шасці дачушак. Што і стала нагодай для нашай сустрэчы ў час уручэння ордэна Маці, якое адбылося ў Альшанскім сельскім выканаўчым камітэце. Разам з жонкай прыйшоў і гаспадар дзявочага каралеўства. Маючы ў сям’і адных прадстаўніц слабой паловы чалавецтва, мужчына добра ведае толк у сукенках і заколках, ляльках і іншых дзявочых справах.
Першай дачушцы Святлане – сем гадоў, ужо вучаніца. Як падабае самай старэйшай сястры, надта самастойная і кіруе малодшымі. Другой у сям’і – Наталіі — пяць гадочкаў. А далей – кожная праз год – нарадзіліся Алеся, Сняжана, Авеліна і Вольга, якой яшчэ няма двух месяцаў. Міхаіл для Ганны – першае каханне. Пазнаёміліся, калі яна была вучаніцай. Сур’ёзны, адказны хлопец пакарыў дзяўчыну, таму на прапанову рукі і сэрца адказала згодай і хутка пажаніліся.
Удзячна Ганна сваёй свекрыві Наталіі Мікалаеўне за дапамогу і дарэчныя парады. Жанчына таксама мнагадзетная маці, нарадзіла і выхавала восем дзяцей. Ганна ведае, што можа паспадзявацца на яе ў любым выпадку.
Родная маці для Ганны – Святлана Фёдараўна – прыклад прафесійнай самааддачы, бо многа гадоў працуе з дзецьмі ў Столінскім дзяржаўным раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі на базе сярэдняй школы № 1 аг. Альшаны.
Нягледзячы на тое, што кожны дзень мнагадзетнай маці распісаны літаральна па хвілінах і адпачываць не заўсёды атрымліваецца, Ганна лічыць сябе абсалютна шчаслівым чалавекам. Устае жанчына ў пяць гадзін раніцы. Гатуе ежу на цэлы дзень, займаецца хатнімі справамі, а далей з мужам едуць працаваць на поле. Сям’я займаецца вырошчваннем і продажам сельскагаспадарчай прадукцыі, якая расце на 70 сотках.
– Бывае, за дзень так стомішся, што, здаецца, прыйдзеш дахаты і ўпадзеш на ложак, – шчыра прызнаецца Ганна. – А як толькі пераступаю парог дома і бачу сваіх дзяўчынак, стому адразу бы рукой здымае. Гэта такое шчасце, калі цябе абдымаюць дзіцячыя ручкі, гладзяць па валасах і прыціскаюцца да грудзей. Дзеці заўсёды павінны стаяць на першым месцы, колькі б работы не было. Бо кожны чалавек сваё дзяцінства праносіць праз усё жыццё. Таму важна, каб яно было напоўнена прыемнымі момантамі, якія для нашых дачушак ствараем разам з мужам. Мы нават на яго любімы занятак – рыбалку.–.едзем усе разам. У кожнай ёсць свая маленькая вудачка.
Хутка сям’я будзе адзначаць наваселле ў новым доме, які пабудавалі дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы мнагадзетных сем’яў. Зараз Ганна і Міхаіл якраз выбіраюць мэблю, раяцца, параўноўваюць.
– Мы заўсёды ўсё робім разам і ў гэтым бачу сакрэт сямейнага шчасця, – дзеліцца жанчына. – У нашай сям’і няма месца гонару, калі адзін лічыць сябе разумнейшым за другога. На мой погляд, у такім выпадку доўга нельга пражыць разам. Я чую свайго мужа, ён чуе мяне. Не паверыце, за восем гадоў мы ні разу не пасварыліся! Хачу, каб і ў дачок былі такія мужы, як мой Міхаіл. Якая б ні была цудоўная кар’ера і фінансавае становішча, для жанчыны важна, каб побач было моцнае мужчынскае плячо.
– Ёсць выказванне, што сапраўдны мужчына павінен зрабіць тры справы: пабудаваць дом, пасадзіць дрэва і выгадаваць сына.
– Я разумею, да чаго вя-дзеце гутарку, – смяецца Ганна. – Канешне, многія здзіўляюцца, калі чуюць, што ў нас шэсць дзяўчынак. Але скажу вам шчыра, мой муж, пэўна, адзін з нямногіх, якому было без розніцы, хто народзіцца, галоўнае, каб дзіця было здаровае. З апошняй дачкой ён нават лепш мяне сустракаў з раддома, чым з першай. Ён іх вельмі любіць і песціць больш за мяне. А сыночка мы хочам узяць з дзіцячага дома і ўжо неаднойчы абмяркоўвалі гэтае пытанне. У мяне сэрца шчыміць, калі думаю, што ёсць дзеці, якія гадуюцца без бацькоў. На мой погляд, гэта найбольшая несправядлівасць у свеце. А ў нашай сям’і яму абавязкова хопіць кахання і пяшчоты. І, канешне, вудачкі для рыбалкі.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара