Мне пашчасціла ў жыцці. Да такой высновы прыйшла пасля трэнінгу з псіхолагам, які праводзілі для бацькоў першакласнікаў у адной з мінскіх гімназій. Расказавалі пра тое, як малым складана адразу пасля дзіцячага садка ўліцца ў школьнае жыццё і што патрэбна ведаць дарослым, каб зрабіць адаптацыю лягчэйшай. Потым папрасілі ўзгадаць непрыемны выпадак са свайго школьнага жыцця. Хтосьці прыгадаў, як выганялі з класа за непаслухмяныя паводзіны, нехта гаварыў пра разбітае тэнісным мячыкам акно ў школьным калідоры. Калі я паспрабавала ўспомніць нешта такое негатыўнае, не атрымалася.
“Можаце ўпэўнена сказаць, што вам пашанцавала з настаўнікамі?” – са здзіўленнем запытала сямейны псіхолаг.
Зірнуўшы ў мае вочы, можна было адразу здагадацца, пытанне гэта рытарычнае. Таму што пасля заканчэння Карэліцкай школы №2 засталіся не толькі веды, сфарміраваны светапогляд, але і прыемныя ўражанні.
Словы настаўніцы матэматыкі і класнага кіраўніка Ірыны Віктараўны Турок узгадваю штодзень. Памятаю, як яна папярэджвала нас: “Можа, для паступлення ў ВНУ мой прадмет і не спатрэбіцца, але як, калі не будзеце ведаць самі, дапаможаце ў будучым сваім дзецям? Прыйдзе сын ці дачка з просьбай разабрацца ў задачцы, а ты скажаш: выбачайце, дрэнна ў школе вучылася, не падкажу”.
Вось ён, адзін са складнікаў бацькоўскага аўтарытэту – асабісты прыклад. Лянота адразу адыходзіла ўбок. З’яўляўся новы стымул – спасцігаць веды і не дзяліць іх на патрэбныя і непатрэбныя. Пра тое ж зараз кажу і свайму сыну-школьніку: уменні за плячыма не насіць, а прадказаць, якія з іх спатрэбяцца ці не, немагчыма.
Вось, напрыклад, ці ведала я, што, паступіўшы на факультэт журналістыкі БДУ, прыдзецца здаваць залік па вышэйшай матэматыцы? Калі ў аднакурснікаў, што лічылі сябе заядлымі гуманітарыямі, падкошваліся каленкі перад іспытам, то мне, дзякуючы школьнай падрыхтоўцы Ірыны Віктараўны, удалося здаць на “выдатна” адной з першых!
Калі ўспамінаю ўрокі беларускай мовы і літаратуры Марыны Антонаўны Горбач, Валянціны Уладзіміраўны Уласевіч, усведамляю, што менавіта дзякуючы ім вучылася шанаваць роднае слова, месца, дзе нарадзілася і вырасла.
Любоў да Радзімы пачынаецца і з ведання гісторыі. Спасцігала гэту ісціну на ўроках Марыі Уладзіміраўны Беляновай. Настаўніца не толькі патрабавала веданне фактаў, постацей, храналогіі падзей, ставіла за гэта адзнакі, але і ўмела заахвоціць прадметам, прапанаваць літаратуру для паглыбленага вувычэння тэмы. Можа быць, таму, калі еду дамоў, каб пабачыцца з мамай, абавязкова наведваем з дзецьмі якую-небудзь мясціну, дзе дагэтуль ніколі не былі. Сёлета паказала малым гарадзішча каля вёскі Бярозавец, якое сведчыць аб рассяленні славяскіх і балцкіх плямёнаў, Любаніцкую царкву, у якую хадзіла яшчэ мая прабабуля, Графскую пушчу князёў Радзівілаў, што мяжуе з Навагрудскім раёнам.
Калі сустракаюся са сваімі настаўнікамі, дзякую ім, сціпла адказваюць: “Гэта ваш клас быў такім сумленным, самі хацелі вучыцца. Якая тут наша заслуга?” За цёплай гутаркай на вуліцы ўважліва сочаць дзеці. Калі потым тлумачу, што гэта мае школьныя настаўнікі, не вераць, што, убачыўшыся праз доўгі час пасля атрымання атэстата, можна вось так цёпла вітацца і размаўляць, нібыта блізкія родзічы, як быццам і не было гэтых дваццаці гадоў. Прызнаюся ім: можна, проста мне ў жыцці пашанцавала.
Марына КУЗЬМІЧ