Што нашым хлопчыкам і дзяўчынкам капрызы снежаньскага надвор’я, калі ў іх маленькіх сэрцах жыве навагодні настрой. Зімовая казка завітала 24 снежня і ў Карэліцкі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Зладзілі святочныя цуды для дзяцей творчыя і таленавітыя работнікі ўстановы, а дапамаглі ім ў гэтым шаноўныя госці – намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА “Белая Русь” Руслан Абрамчык, загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБП № 411 ААТ «ААБ Беларусбанк» у г.п. Карэлічы Наталля Крывапуст, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі райвыканкама Ала Шэўка.
– Бягучы год прынёс вашай установе шмат запамінальных падзей і падарункаў, таму хочацца пажадаць, каб і ў будучым гэтая прыемная тэндэнцыя захавалася. Вы, супрацоўнікі, дзеці і бацькі, у цэнтры жывяце адной дружнай сям’ёй. Заўжды радасна наглядаць за вашымі поспехамі і дасягненнямі. А каб іх станавілася больш, мы, як прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх аб’яднанняў, заўжды гатовыя вас падтрымаць і дапамагчы, – пры перадачы падарачнага грашовага сертыфіката ад РА ГА “Беларускі фонд міру” дырэктару ўстановы Алене Ашманкевіч адзначыў Руслан Абрамчык.
Наталля Крывапуст таксама прыядналася да віншаванняў і падкрэсліла: “ААТ «ААБ Беларусбанк» традыцыйна клапоціцца пра тое, каб не толькі ўзрастаў дабрабыт дарослых, але абавязкова здзяйсняліся дзіцячыя мары. А дапаможа ў гэтым ЦКРНіР у новым годзе грашовы сертыфікат ад нашага банка”.
Падтрымаў свята ў якасці спонсара і дырэктар ТАА «ВІВАКА ТЭХНА», дэпутат раённага Савета дэпутатаў Мікалай Вырка.
Хлопчыкі і дзяўчынкі разам з Дзядулем Марозам і гарэзлівымі мышкамі ў адказ падарылі гасцям усмешкі, гульні, карагоды і танцы.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара