Аддзел унутраных спраў Сенненскага райвыканкама па выніках работы за 2019 год прызнаны лепшым сярод аддзелаў другой, самай канкурэнтнай катэгорыі, у якую ўваходзіць 15 РАУС, і ўзнагароджаны пераходным ганаровым прызам “Святы Георгій” УУС аблвыканкама – за высокія паказчыкі ў аператыўна-службовай дзейнасці.
Бронзавая статуэтка начальніку РАУС была ўручана на калегі ўпраўлення ўнутраных спраў, на якой прысутнічаў міністр Юрый Караеў. Разам з прызам Віктар Пракаповіч атрымаў ключы ад новага службовага аўтамабіля.
— Безумоўна, прыемна, што наша работа так высока ацэнена, а галоўнае, што яна прынесла плён сенненцам. На выніковую калегію былі запрошаны намеснікі, начальнікі аддзелаў і службаў. А мне хочацца, каб усе супрацоўнікі аддзела перажылі прыемныя эмоцыі, каб яны дапамагалі нам працаваць яшчэ лепш, — выказаўся Віктар Пракаповіч перад тым, як аб’явіць усяму саставу РАУС падзяку ад кіраўніцтва ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама.
У 2019 годзе ў Сенненскім раёне зафіксавана зніжэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў з 241 да 235, незарэгістравана прычыненняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, разбойных нападаў. Сенненскія міліцыянеры актыўна супрацьстаялі алкагалізацыі грамадства. З незаконнага абароту выведзена 247,5 літра фальсіфікаваных спіртных напіткаў, за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў ці піва ў грамадскіх месцах, за з’яўленне ў іх, а таксама на працы ў нецвярозым стане жыхары раёна прыцягваліся да адказнасці 929 разоў. У той жа час колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам нецвярозых вадзіцеляў вырасла з 0 да 3.
У раёне не дапушчана росту здарэнняў на дарогах па віне пешаходаў, не рэгістраваліся ДТЗ з удзелам непаўналетніх. Інспектары ДАІ актыўна працавалі па выяўленні грубых парушэнняў правілаў дарожнага руху.
Зніжана колькасць злачынстваў, учыненых у паўсядзённым побыце. Павысіўся працэнт раскрывальнасці злачынстваў.
На сходзе з нагоды ўручэння ганаровага прыза прысутнічаў амаль увесь калектыў раённага аддзела. У ім прыкметна стала больш маладых асоб. І не толькі мужчын. Як правіла, у калектыў уліваюцца асобы, якія скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства унутраных спраў, ці маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю.
— Маладая кроў, спецыяльная падрыхтоўка, безумоўна на карысць справе, бо ўносяць навізну, крэатыў у аператыўную работу, павышаюць канкурэнтную базу, — лічыць Віктар Пракаповіч. Але галоўнае, на яго думку, у тым, што работа ў аддзеле праводзіцца сістэмна, пастаянна ўдасканальваецца. Добры вынік дае зладжанае ўзаемадзеянне з органамі ўлады і грамадскімі арганізацыямі па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў. Так што поспех сенненскіх міліцыянераў – гэта і іх поспех.
Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
Фота аўтара.