Карэліччанін Мікалай Гагарын: «Я вярнуўся жывым, а не “грузам-200” на “чорным цюльпане”. 21.by

Карэліччанін Мікалай Гагарын: «Я вярнуўся жывым, а не “грузам-200” на “чорным цюльпане”

22.02.2020 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У жыцці карэліччаніна Мікалая Ягоравіча Гагарына люты – багаты на асаблівыя даты месяц. 17-га чысла наш герой адзначае дзень нараджэння, а 23-га – прымае віншаванні з нагоды прафесійнага свята – Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл.

Сёлета Мікалай Ягоравіч, увогуле, святкаваў юбілей. З 70-годдзем яго павіншавалі не толькі родныя, сябры і былыя калегі, але і асабіста ваенны камісар Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Бурак і начальнік адасобленай групы (Карэліцкага раёна) ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Сяргей Шалін. Якраз падчас святочнай сустрэчы мы і пачулі багатую на падзеі гісторыю жыцця Мікалая Ягоравіча.

Наш герой нарадзіўся ў Расіі на Урале ў Пермскім краі. Прыкладна ў пятым класе хлопчыка ўразіла гісторыя мужнага танкіста, які, хоць і на ўсё жыццё застаўся з інваліднасцю, але не здрадзіў свайму воінскаму доўгу ў палаючым танку. З жалезнымі пратэзамі замест рук, ён здзіўляў навакольных сваім аптымізмам і моцай духа. Мікалай Ягоравіч і зараз памятае, як удала танкіст прызвычаіўся да новых абставінаў у сваім жыцці, нават самастойна спраўна карыстаўся запалкамі.

– Тады нейкае рэле ў мяне ў галаве спрацавала, і я вырашыў, што стану толькі танкістам, – так узгадвае пачатак ваеннага шляху Мікалай Ягоравіч.

І хоць бацькі бачылі яго будучае на “грамадзянцы”, хлопец пайшоў за сваёй марай і паступіў у Омскае вышэйшае танкавае вучылішча (цяпер Омскі аўтабронетанкавы інжынерны інстытут). У 1970 годзе юнак скончыў установу ў ліку лепшых і на “выдатна”. Пасля чаго яго накіравалі на службу ў Польшчу ў Лешна-Гурнэ. Прыкладна ў гэты час Мікалай Ягоравіч якраз ажаніўся на выпускніцы літаратурнага факультэта Галіне. Такім чынам, і на прафесійным, і на асабістым франтах усё складвалася паспяхова. Паралельна наш герой завочна скончыў першы курс Ваеннай акадэміі бронетанкавых войск у Маскве. У сярэдзіне 1970-х гадоў Еўропу давялося змяніць на Азію, перспектыўнага танкіста перавялі у Казахстан. Але ўжо праз год службы малады чалавек вырашыў працягнуць вучобу ў Кіеве і паступіў туды на вочнае аддзяленне. У 1980 годзе атрымаў накіраванне ў Слонім, у Беларусь, якая стала для Мікалая Ягоравіча другой радзімай.

Але жыццё ваеннага непрадказальнае. Так, у 1981 годзе настаў час выпрабавання – нашага героя адправілі ў Афганістан: спачатку на тыдзень у Кабул, а затым ва ўезд Шынданд, што ў правінцыі Герат, у 5-ю гвардзейскую мотастралковую дывізію пад кіраўніцтвам будучага Героя Савецкага Саюза, знакамітага савецкага і расійскага военачальніка Барыса Громава. Мікалай Ягоравіч і зараз, нібы гэта было ўчора, памятае, як ставіў артылерыйскія дазоры, як ішоў у кожнае змаганне, як на апошні бой, як балюча перажываў страты баявых таварышаў, як атрымаў падчас абстрэлу кантузію і месяцы правёў у шпіталі.

Увесь гэты жах, як і сотням іншых ваенных у тыя часы, мне давялося прайсці. Яшчэ доўга пасля вяртання ў 1983 годзе ў Беларусь ува мне гучала рэха Афганістана. Але я заўжды памятаў пра тое, што боль болем, але варта жыць годна далей, бо я вярнуўся жывым, а не “грузам-200” на “чорным цюльпане”, – са смуткам у голасе паставіў кропку ў аповедзе пра Афганістан наш герой.

А, між тым, у Беларусі Мікалаю Ягоравічу хоць і ў званні маёра, але па стане здароўя давялося пачынаць у прафесіі ўсё практычна з нуля. Спрабаваў сябе выкладчыкам у Горках, нейкі час працаваў у Гродне. Пакуль, нарэшце, лёс не накіраваў Мікалая Ягоравіча ў Карэліцкі раён ваенным камісарам. На гэтай пасадзе ён быў з 1985 па 1990 год, пакуль не выйшаў на заслужаны адпачынак, дзе змог больш часу прысвяціць любімаму хобі – тапаніміцы.

Цікава тое, што Мікалай Ягоравіч хоць і рускі па нараджэнні, але за столькі часу ў Беларусі вывучыў мову і з задавальненнем чытае на ёй кнігі і перыёдыку, а яшчэ ўжо дзесяцігоддзі цікавіцца тутэйшай тапанімікай. Унікальным у нашай краіне ў гэтым плане лічыць Карэліцкі раён, дзе многія назвы мясцінаў, на яго думку,  захоўваюць у сабе яцвяжскія карані. Напрыклад, вёскі Шчонава (“цёплая вада”) ці Абессінія (раней знаходзілася на варанчанскіх землях, відавочна, паходзіць ад назвы “Абусіннея”, складаецца з двух слоў “няма” і “вока” і адсылае нас у часы Яраслава Мудрага).

Вядома, такое хобі для Мікалая Ягоравіча прыносіць вялікае задавальненне, а гонарам з’яўляецца той факт, што яго сын Канстанцін Гагарын стаў вядомым ваенным журналістам, прайшоў “гарачыя кропкі”, напісаў у суполцы аўтараў сцэнарый да беларускага фільма Дзяніса Скварцова “Не игра” і сёння займае пасаду галоўнага рэдактара тэлекампаніі “ВаенТБ”. А вось на пытанне, якая мара засталася яшчэ не ажыццёўленай, бо ўсё ж такі юбілей – добры час загадаць жаданне, наш герой з усмешкай адпавёў: “Шчыра кажучы, мары – гэта больш пра юнацтва, пра маладосць. А цяпер, у 70 гадоў, нічога асаблівага не планую, хіба толькі проста жыць. І, увогуле, што далей будзе, вядома толькі “вярхам”, а нам, “нізам”, застаецца ладна рабіць сваю няхітрую чалавечую справу – у любых сітуацыях быць сапраўднымі людзьмі”.

Марына КАЗЛОВІЧ

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У жыцці карэліччаніна Мікалая Ягоравіча Гагарына люты – багаты на асаблівыя даты месяц. 17-га чысла наш герой адзначае дзень нараджэння,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика