Набліжаецца да завяршэння перыяд саракадзённага велікапоснага пакаяння. 5 красавіка каталіцкія вернікі Пальмовай нядзеляй урачыста ўзгадваюць уваход Хрыста ў Ерузалем.
У гэты дзень у касцёлах ва ўсім свеце адбываецца працэсія або ўрачысты ўваход перад святой Імшою, а таксама асвячаюцца галінкі пальмаў і іншых дрэваў, напрыклад, аліўкавых. На нашых землях здаўна прынята прыходзіць у храм з упрыгожанымі вербамі. Адсюль папулярная ў народзе назва свята — Вербная нядзеля.
Гэтая традыцыя грунтуецца на евангельскім апісанні месіянскага ўваходу Хрыста за пяць дзён да Яго ўкрыжавання: “У той час мноства людзей, якія прыйшлі на свята, калі пачулі, што Езус ідзе ў Ерузалем, узялі пальмовая галінкі і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: “Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана, Валадар Ізраэля!” (пар. Ян 12, 12-13).
Дарэчы, гісторыя шырокага святкавання Пальмовай нядзелі пачынаецца ў VI стагоддзі таксама ў Ерузалеме. А звычай асвячаць пальмовыя і вербныя галінкі з’яўляецца ва ўсім Касцёле ў ХІ стагоддзі.
Пальмовая нядзеля распачынае ў Каталіцкім Касцёле Вялікі Тыдзень, дзе кожны дзень выключны і непаўторны. Асабліва выдзяляюць Святы Пасхальны Трыдуум як успамін мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста: Вялікі Чацвер, Вялікую Пятніцу і Вялікую Суботу.
Таксама варта звярнуць увагу на яшчэ адну адметнасць Пальмовай нядзелі, калі падчас святой Імшы чытаецца або спяваецца з падзелам на ролі апісанне Мукі Хрыста. Таму яшчэ адна назва свята – нядзеля Мукі Пана. І ўсё ж гэты дзень нясе нам найперш вялікую радасць і нязгасную надзею, бо асаблівым чынам рыхтуе і набліжае вернікаў да шчаслівага часу збаўлення – нядзелі Уваскрасення Пана.
Падрыхтавала Марына КАЗЛОВІЧ