Жыхарку вёскі Забердава Феафанію Міхайлаўну Яўсей мясцовыя людзі добра ведаюць як фельчара з вялікім стажам, якая адпрацавала ў бальніцы ў Райцы з 1958 па 1996 гады. А ў Міратычах і зараз старажылы пакажуць дом яе таты – Міхаіла Мацвеевіча Урбановіча, які падчас Вялікай Айчыннай вайны дайшоў да Берліна.
– Гісторыя, якой я хачу падзяліцца, пачынаецца ў 1907 годзе, калі ў Міратычах у сялянскай сям’і Мацвея і Агаты Урбановіч нарадзіўся мой тата Міхаіл, – распачынае свой аповед Феафанія Міхайлаўна. – Людзі яны былі надзвычай руплівыя і працавітыя. Да гэтага з малых гадоў прывучылі і майго тату. Ён рана пачаў працаваць на пана. І хутка ўжо ўсе ў вёсцы ведалі, што Міхаіл Урбановіч, хоць і меў толькі два класы польскай школы, але быў чалавек разважлівы і спакойны ды гаспадар добры і спраўны. Гэта якраз спадабалася мясцовай прыгажуні Марыі. Тата быў старэйшы за яе на 12 гадоў, але дзяўчына адказала яму згодай на прапанову выйсці замуж. Жылі маладыя ладна, а хутка Бог паслаў ім і нас, дачок. Але ж тату забралі ў польскую армію. Праўда, прабыў ён там нядоўга. Відаць, пашкадавалі ваенныя начальнікі сям’ю і нас, малых дзяцей. Затым прыйшлі Саветы. Думалі, хоць крыху пажывём спакойна. Але раптам грымнула Вялікая Айчынная вайна. Зноў майго тату чакала служба. Дзесьці ў канцы 1942 года яго адправілі на вадзіцельскія курсы. Пасля іх заканчэння на трафейнай машыне Steyr тата падвозіў баявым таварышам і зброю, і прадукты. Франтавыя дарогі давялі яго да Берліна. Рэдка, але ён узгадваў, як, бывала, едзе па заданні, а вакол ляцяць кулі і снарады, адным словам, пекла. Але, відаць, Бог ратаваў яго ад бяды. Памятаю, настаў Дзень Перамогі. Як жа мы чакалі яго, нашага героя! Але ж тату давялося яшчэ паслужыць на Далёкім Усходзе. Вярнуўся ён дахаты толькі ў канцы 1946 года.
Феафанія Міхайлаўна ўзгадвае, што і праз дзесяцігоддзі Міхаіл Мацвеевіч пранёс жывыя ўспаміны пра вайну. Праўда, расказваць пра гэта не любіў. Рабіў выключэнне, калі прасілі выступіць перад школьнікамі. Але і самой Феафаніі Міхайлаўне ёсць што распавесці пра вайну.
– Я ж зусім малая была. Ды толькі і зараз памятаю тыя гады. Узгадваю, як мама паслала мяне са збанком да крынічкі. І раптам як паляцелі танкі па Міратычах! Мяне мама адразу схапіла на рукі ды схавала ў хату. Пасля паціху перабраліся да адных знаёмых у склеп, там і перачакалі разам з іншымі аднавяскоўцамі. Тую ноч не забуду ніколі. Так “лупілі” немцы па нашай вёсцы! Усе Міратычы палыхалі агнём, згарэла і наша хата. Давялося да халадоў жыць у склепе, а потым, зімой, хадзілі начаваць у некалькі ўцалелых хатаў. Спалі там аж па 30 чалавек на падлозе.
Калі слухаеш пра такія жахлівыя выпрабаванні, якія выпалі на долю маленькай дзяўчынкі, то з цяжкасцю разумееш, як гэта было магчыма перажыць і не счарнець душой, не зламацца? Але ў Феафаніі Міхайлаўны і яе родных быў добры анёл-ахоўнік – матуліна маці баба Дуня.
– Вось, зірніце, якая яна ў нас шляхетная, хоць і з сялянскіх, – з пяшчотай паказвае наша суразмоўца фотакартку сваёй бабулі ў маладосці. – І імя ў яе адпаведнае, гучнае, – Еўдакія. Ды і характар, дай Бог кожнаму! Нездарма ўцалела адразу ў некалькіх войнах, што выпалі на яе век. Так, яшчэ ў Першую сусветную давялося ёй паспрабаваць бежанскай долі. Тады яе мужа, майго дзеда Аляксандра, забралі ў Чырвоную Армію і накіравалі ў ваколіцы Пецярбурга (тады — Петраграда). У Паўночную сталіцу трапіла і баба Дуня. Там, як даведаліся, што яна раней працавала ў маёнтку поварам, то адразу адправілі на кухню ў Абухаўскую бальніцу. Так што дзед з бабуляй хоць і жылі там у цяжкіх умовах, але затое разам. І ў 1919 годзе ў Пецярбургу нарадзілася мая матуля Марыя, прычым яе хроснай была ўрач-немка. Але заставацца на чужыне сям’я не захацела і вярнулася ў Міратычы. Тут працы хапала. Дзед быў моцны, дапамагаў будаваць землякам хаты, а які голас меў, як спяваў! Так, жылося і голадна, і холадна, але ж у нашай сям’і ніколі не прынята было тужыць. Ды толькі маладую сям’ю напаткала новая бяда. Калі мая мама Марыя была зусім яшчэ дзяўчом, дзед Аляксандр раптоўна памёр. І бабе Дуні давялося ўзяць на сябе не толькі жаночыя, але і мужчынскія клопаты. Лягчэй стала, калі мая мама выйшла за тату. Але ж зноў то польская армія, то Вялікая Айчынная вайна. Мужчын няма – усё на жаночых плячах. Такі страх панаваў, але заўжды побач была любая баба Дуня, якая суцяшала нас, лячыла зёлкамі і старалася ва ўсім знайсці штосьці добрае. Калі ж вайна закончылася, то яна пякла хлеб і ні аднаго бежанца не адпускала галодным, бо добра ведала іх долю. А яшчэ хоць сама была няграматная, сказала, што абавязкова павывучвае ўсіх унучак. Так і зрабіла.
Між тым, пасля вайны ды вяртання таты, нарэшце настала светлая паласа ў сямейнай гісторыі нашай гераіні. Дружна ды хутка Міхаіл Мацвеевіч з жонкай Марыяй збудавалі на папялішчы новы дом у Міратычах, зажылі ладнай гаспадаркай, нарадзілі яшчэ дзвюх дачок. А як толькі стварыўся калгас, тата Феафаніі Міхайлаўны пайшоў туды працаваць брыгадзірам. Праз нейкі час знайшоў месца на мэблевай фабрыцы ў Баранавічах, каб сям’я жыла лепш. Яго жонка таксама была ўся ў працы – на ферме ў калгасе, нават дочкі хадзілі туды дапамагаць ёй даіць кароў.
А ў рэдкую вольную хвіліну Міхаіл Мацвеевіч майстраваў мэблю. І зараз у хаце яго дачкі багата зробленых ім рэчаў – сталы, шафы, тумбачкі. Не да адпачынку было Міхаілу Мацвеевічу і на пенсіі – працаваў конюхам у лясніцтве. А не стала яго, як і бабы Дуні, у 1981 годзе. Феафанія Міхайлаўна разам з сёстрамі клапатліва захоўваюць успаміны пра дарагіх людзей, перадаюць у спадчыну дзецям, унукам і ўжо праўнукам. Бо там, дзе жывая памяць, моцная сям’я.
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з сямейнага архіва Ф. Яўсей