Менавіта так можна інтэрпрэтаваць звыклае «Цішыня! Ідзе экзамен!». У гэтым годзе да правядзення экзаменаў асаблівая ўвага. Акрамя метадычных рэкамендацый трэба ўлічваць строгія санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні. Чысціня, праветрыванне, наяўнасць дэзсродкаў і сродкаў індывідуальнай аховы — гэта толькі частка таго, што патрэбна выконваць.
«Пры падрыхтоўцы да выпускных экзаменаў была праведзена вялікая работа па забеспячэнні выканання санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, — расказала намеснік начальніка аддзела па адукацыі Дубровенскага райвыканкама Марыя Хмарская. — Педагогі раёна прапрацавалі шмат дакументаў, прадумалі арганізацыйныя моманты, каб экзаменацыйная пара прайшла для выпускнікоў ў штатным рэжыме».
Так, пры правядзенні пісьмовых экзаменаў забяспечваецца рассаджванне вучняў па адным за парту. Пры правядзенні вусных іспытаў, каб пазбегнуць натоўпу, складзены графік, па якому вучні павінны прыходзіць на экзамен.
У Дубровенскім раёне сдаюць школьныя экзамены 131 дзевяцікласнік і 60 адзінадцацікласнікаў.
У гэтым годзе для папярэджання распаўсюджвання інфекцыі COVID-19 Міністэрства адукацыі дапоўніла дзеючыя правілы правядзення атэстацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі нормай, што прадугледжвае вызваленне ад усіх выпускных экзаменаў вучняў, якія знаходзяцца на самаізаляцыі ў перыяд правядзення выпускных экзаменаў. Зараз па гэтых умовах па прадстаўленні Дубровенскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў раёне вызвалены ад экзаменаў тры вучня.
Марыя Пятроўна адзначыла, што першыя экзамены ужо адбыліся. Яны прайшлі ў звычайным працоўным рытме, які выпускнікі і педагогі раёна будуць трымаць да апошняга экзамена і выпускных баляў.
Алена КАРСАКОВА.