Год БАТЭ і весляроў. 21.by

Год БАТЭ і весляроў

28.12.2009 10:36 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Спартовыя вынікі — 2009.

БАТЭ — чэмпіён

Барысаўскі БАТЭ трэнера Ганчарэнкі і дырэктара Капскага зноў змог трапіць у групавы этап прэстыжнага еўракубку. БАТЭ пацвердзіў, што леташні поспех у Лізе чэмпіёнаў аказаўся невыпадковым. У кампаніі партугальскай «Бенфікі», англійскага «Эвертана» і грэчаскага АЕКа, БАТЭ заняў трэцяе месца. Каманда Ганчарэнкі атрымала гістарычную перамогу над ліверпульцамі на іх пляцоўцы.

Нацыянальны чэмпіянат БАТЭ зноў выйграў за яўнай перавагай. Мінскае «Дынама» не мела шанцаў скінуць барысаўцаў з Алімпу.

Футбол і немцы

Віктар Ганчарэнка разглядаўся як імаверны кандыдат на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай, але трэнеру БАТЭ тое зараз зусім не трэба.

Нягледзячы на ўсю крытыку, трэнерам зборнай пакінулі сівога немца Бернда Штанге. Пры ім зборная нічога значнага не выйгравала, але і не прайгравала камандам слабей за сябе. Гэта апошні шанец для Штанге.

Тым часам, у Беларусь вярнуўся славуты Эдуард Малафееў. Аўтар тэорыі «шчырага футболу» ўзначаліў салігорскі «Шахцёр».

Развітанне з Курненіным

У ліпені не стала чэмпіёна СССР 1982 году ў складзе мінскага «Дынама» Юрыя Курненіна. Сэрца трэнера так і не змагло вытрымаць паразы на моладзевым чэмпіянаце Еўропы. Ён памёр лёгка, у сне.

Старэйшае пакаленне запомніць Курненіна, як аўтара першага хет-трыку (тры галы за гульню) абаронцы ў чэмпіянатах СССР.

А на наступны дзень пасля Курненіна памёр легенда англійскага футболу сэр Бобі Робсан.

Хэнлана на Захарава

Хакейная зборная пад кіраўніцтвам шчасліўчыка Хэнлана добра згуляла на чэмпіянаце свету, саступіўшы толькі ўладальнікам залатых медалёў з Расіі. Затое праца на чале мінскага «Дынама» ў Хэнлана не задалася.

У лістападзе канадзец з’ехаў з Беларусі. На Алімпіяду ў Ванкувер нашых павязе Міхаіл Захараў, які прагне рэваншу за памылку рыжскай кваліфікацыі-2005.

А следам за Хэнланам сышоў і старшыня федэрацыі хакею Уладзімір Навумаў. Ён падаў у адстаўку ў сувязі з пераездам на працу ў Маскву. Зрэшты, Навумаў свайго дабіўся — чэмпіянат свету-2014 пройдзе ў Мінску.

Воля весляроў, бязвольнасць лёгкаатлетаў

Упершыню за дзесяць гадоў беларускія лёгкаатлеты вярнуліся з чэмпіянату свету без узнагарод. То быў правал года. Затое прарыў быў здзейснены ў веславанні на байдарках і каноэ. На чэмпіянаце свету ў канадскім Галіфаксе нашы выйгралі аж сем залатых медалёў — краіна на другім месцы ў агульным заліку. Настаўнік весляроў Уладзімір Шантаровіч заслужана стаў трэнерам году ў Беларусі.

Смачна есці

Беларускія баскетбалісткі на Еўрафоруме ў Латвіі спыніліся за крок ад медалёў. У матчы за трэцяе месца каманда Анатоля Буяльскага прайграла іспанкам. Тым не менш, пра баскетбалістак гаварылі незаслужана мала. Каб хоць неяк прыцягнуць увагу да зборнай дзяўчаты вырашылі зняцца ў эратычным календары кандытарскай фабрыкі «Спартак».

Дзесятка найлепшых спартсменаў году (паводле версіі «Спортивной панорамы»)

1. Кацярына Карстэн (веславанне акадэмічнае);

2. Раман Петрушэнка і Вадзім Махнеў (веславанне на байдарках і каноэ);

3. Уладзімір Самсонаў (настольны тэніс);

4. Вікторыя Азаранка (тэніс);

5. Дзяніс Гаража (веславанне на байдарках і каноэ);

6. Анастасія Новікава (цяжкая атлетыка);

7. Дар’я Домрачава (біятлон);

8. Меліта Станюта (мастацкая гімнастыка);

9. Сяргей Шундзікаў (дзюдо);

10. Міхаіл Грабоўскі (хакей).

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спартовыя вынікі — 2009. Піша Зміцер Панкавец.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика