Учора на "Мінск-арэне" сталічнае "Дынама" стартавала ў КХЛ
10.09.2010
—
Новости Спорта
|
Марэк Сікора нацэлены на плэй-оф і занепакоены пераносам матчаў у Бабруйск Учора матчам супраць ніжагародскага "Тарпеда" сталічнае "Дынама" стартавала ў чарговым сезоне розыгрышу кубку Кантынентальнай хакейнай лігі. Гэта трэці сезон нашых чаканняў і спадзяванняў. Дагэтуль балельшчыкі вымушаныя былі задавольвацца малым — лакальнымі перамогамі, якія часам разбаўлялі паласу няўдач. У плэй-оф каманда не праходзіла ні разу, нягледзячы на тое, што толькі такія амбіцыйныя задачы ставіла кіраўніцтва перад гульцамі. Але ў новым сезоне ў нас новая каманда. Напярэдадні галоўны трэнер каманды Марэк Сікора, капітан Ёзаф Штумпел і варатар Андрэй Мезін адказалі на пытанні журналістаў. <І>— Я задаволены перадсезоннай падрыхтоўкай — добра папрацавалі хакеісты, ніхто не траўміраваны. Толькі вынікі сустрэч не вельмі. Але мы не сыгралі ніводнай гульні дома, усе на пляцоўках суперніка. Толькі тры дні мы катаемся на "Мінск-Арэне", — заявіў трэнер нашага клуба. Адным са слабых месцаў "Дынама-Мінск" летась была гульня ў большасці. Марэк Сікора пацвердзіў, што над гэтым каманда шмат працавала. Аднак праблемы беларускага клуба трэнер бачыць у іншым: — Мяне не хвалюе гульня ў большасці ці меншасці. Мяне непакоіць тое, што 13 матчаў мы гуляем на выездзе. Тры матчы перанесены ў Бабруйск (па прычыне правядзення дзіцячага "Еўрабачання" на "Мінск-Арэне". — Аўт.). Мяне запэўніваюць, што там выдатная пляцоўка, што ў нас будзе неверагодная падтрымка. Але гэта не нашы раздзявальня, лёд. Тут усё нязвыклае. Гэта хвалюе мяне больш за ўсё. На думку галоўнага трэнера ніякіх праблем з недахопам гульцоў у камандзе няма. — Не бачу ніякіх праблем па пазіцыях, хаця нам не перашкодзіў бы адзін абаронца атакуючага плана. Тафгаі мне не падабаюцца, нягледзячы на тое, што яны ёсць у многіх камандах КХЛ. Я лічу, гэта лішні гулец. На прэзентацыі, калі я паглядзеў, якія высокія ў нашай камандзе хакеісты, я не думаю, што "Дынама" будзе саступаць у бойках. Марэк Сікора выказаўся і наконт сваіх поглядаў на выхаванне хакеістаў. Ніякіх ссылак у фарм-клуб за адну няўдалую гульню ён не практыкуе: — Я не прыхільнік караць гульцоў, ссылаючы іх у фарм-клуб. Я заўсёды трываю да апошняга. Я звычайна давяраю сваім гульцам. Юнакоў можна выхоўваць, а гульцоў, на якіх я разлічваю, я не выганяю з каманды. Штосьці вельмі дрэннае яны павінны зрабіць, каб я пайшоў на такія меры. Сярэдні ўзрост нашай каманды — 28,5 —29 гадоў. Гэта даволі вопытная каманда, гульцы самі ўсё ведаюць. Ім не трэба казаць, колькі ачкоў за тры матчы трэба атрымаць. Кіраўнік клуба Юрый Бародзіч таксама сустрэўся напярэдадні старту ў КХЛ з трэнерскім штабам. І паставіў задачы. Ад мінулагодніх яны не адрозніваюцца — трапіць у плэй-оф і прайсці там як мага далей. Праўда, як атрымаецца гэта сёлета, з новым трэнерам, з амаль цалкам змененым складам легіянераў, пакуль ніхто адказаць не можа. Андрэй Мезін, які і летась гуляў у "Дынама", узгадаў мінулы сезон з сумам: — Самае галоўнае ў хакеі — стварыць калектыў і даць яму працаваць. Летась былі праблемы і з трэнерскім штабам, і з кіраўніцтвам клуба. Калектыў у нас добры, але графік няпросты. Перад хлопцамі паставілі пяць задач на сезон: трапіць у плэй-оф КХЛ, выйграць кубак Палесся, Кубак Шпэнглера, Алімпіяду і Кубак КХЛ. Каманду раздзіралі на часткі, у такой атмасферы цяжка было працаваць. Зараз у нас 25 гульняў за паўтары месяцы, 13 выязных матчаў. Нам таксама будзе няпроста, і хацелася б, каб нас зразумелі. Як вядома, яшчэ адзін варатар "Дынама" і зборнай Віталь Коваль літаральна на мінулым тыдні разарваў кантракт з клубам і перайшоў у іншы. Вось як сітуацыю пракаментавалі Марэк Сікора і Андрэй Мезін: — Я трэнерам працую даўно і не памятаю, каб варатар сыходзіў за 10 дзён да старту чэмпіянату. Я разлічваў на пару Мезін—Коваль. Кіраўніцтва клуба шукае варатара, — паведаміў трэнер. Андрэй Мезін, як вядома, выдатна кантактаваў са сваім "канкурэнтам" Ковалем і прызнаўся, што ў жыцці яны сябрамі і засталіся: — У мяне сяброўскія адносіны з Віталем — шкада, што ён пакінуў клуб. Быццам бы кавалак каманды адарвалі. Але гэта яго права. У нас не было канкурэнцыі, звычайныя працоўныя адносіны на лёдзе. У жыцці мы, паўтаруся, — сябры. Напрыканцы Марэк Сікора і Ёзаф Штумпел расказалі пра жыццё ў беларускай сталіцы і асаблівасцях беларускага хакея: — Па жыцці сказаць складана: яно ў мяне праходзіць паміж домам і лядовай пляцоўкай. У горад выбрацца ўдалося ўсяго тры разы. Калі параўноўваць з камандай Екацярынбурга, дзе я працаваў летась, то тут параўнанні на карысць Мінска. Мая мінулая каманда тады была навічком у КХЛ. Яны, вядома, стараліся, але з "Дынама" параўноўваць тут немагчыма. У Екацярынбургу тры з паловай месяцы нам не плацілі грошы. Але, нягледзячы на гэта, у канцы мы добра згулялі. Там на сустрэчу з балельшчыкамі прыходзіла 200-300 заўзятараў, у Мінску ж на нашу прэзентацыю сабралася 6-7 тысяч. А жыццё ў трэнера ўсюды аднолькавае: палац — трэніроўкі, потым дадому, пагуляць з сабакам. Праўда, сабакі ў мяне пакуль няма, — жартаваў Марэк Сікора. Капітан каманды Ёзаф Штумпел заўважыў, што вялікіх адрозненняў з "Астаной", дзе ён выступаў летась, не заўважыў: — Сітуацыя такая ж, як і ў "Астане" — усе вучацца гуляць супраць моцных каманд. Адзначым, што і цяперашні трэнер, і большасць сёлетніх легіянераў размаўляюць па-руску, што для каманды, будзем спадзявацца, таксама перавага. Пацвердзіў гэта і Андрэй Мезін: — Ва ўсім свеце веданне мовы той краіны, дзе гуляеш, — вялікі плюс. Калі мы прыязджалі ў Амерыку, нас прымушалі размаўляць па-англійску. У камандзе ёсць яшчэ пара гульцоў, якія не ведаюць рускай мовы, але ў іх ёсць яшчэ час. Важна, што капітан гаворыць па-руску, бо толькі ён з гульцоў мае права размаўляць з суддзямі. Пелтанен рускай не валодаў — імкнуўся размаўляць з арбітрамі па-англійску, але многія з іх замежнай мовы не ведаюць... Алена АЎЧЫННІКАВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Марэк Сікора нацэлены на плэй-оф і занепакоены пераносам матчаў у Бабруйск Учора матчам супраць ніжагародскага "Тарпеда" сталічнае "Дынама" стартавала...
|
|