"Поспехі беларускага трыятлона — у новым пакаленні". 21.by

"Поспехі беларускага трыятлона — у новым пакаленні"

02.12.2011 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

А пакуль нашы трыятланісты працуюць у Дэпартаменце аховы і дзіцячым садку...

30 лістапада Беларуская федэрацыя трыятлона ўрачыста ўшанавала наймацнейшых атлетаў па выніках гэтага сезона. Найбольш вызначыліся сёлета чатырохразовы чэмпіён Беларусі Аляксандр Васілевіч і наймацнейшая трыятланістка Беларусі Наталля Барысава-Новікава. Старшыня беларускай федэрацыі трыятлона, першы сакратар ГА "БРСМ" Ігар Бузоўскі падвёў вынікі сезона:

— Калі казаць аб працы федэрацыі, то яе можна ацаніць на "чацвёрку" з мінусам па пяцібальнай сістэме. Развіццё нашага віду спорту залежыць ад масавасці. Хлопцы і дзяўчаты павінны больш ведаць пра трыятлон. У многіх існуе стэрэатып наконт марафонскай дыстанцыі, цяжкага віду спорту. Аднак трыятлонам займаюцца нават маленькія дзеці. Існуюць розныя дыстанцыі і розныя магчымасці для заняткаў, гэты від спорту якасна развівае чалавека фізічна.

Да гучных міжнародных перамог па трыятлоне нам яшчэ далёка. На Алімпійскіх гульнях гэты від спорту з'явіўся ў 2000 годзе, аднак беларускія трыятланісты пакуль не ўдзельнічалі ў Алімпіядах. Наймацнейшы спартсмен нашай краіны Аляксандр Васілевіч расказаў аб праблемах, з якімі сутыкаюцца спартсмены.

— У трыятлон я прыйшоў з плавання, калі там у мяне перасталі расці вынікі. Да плавання давялося дадаць бег і язду на веласіпедзе.

— Што ведалі пра трыятлон, калі прыйшлі?

— Толькі тое, што там тры віды, больш нічога. Але адразу выйграў чэмпіянат Беларусі, нават не маючы свайго спартыўнага абсталявання. Канкурэнцыі амаль не было, бо від спорту дастаткова дарагі. Нават калі табе даюць веласіпед, "расходнікі" на яго каштуюць дастаткова дорага. Атрымліваецца даражэй, чым веласпорт: веласіпед такі ж, велатуфлі, касцюм, гідракасцюм на плаванне — спецыяльны для халоднай вады, ну і красоўкі для бегу.

— На што могуць прэтэндаваць беларусы на міжнародным узроўні?

— Хаця б паспяхова прайсці адбор на Алімпійскія гульні. Пакуль нікому з Беларусі гэта не ўдавалася. Нават на кубак свету ніхто не ездзіў.

— Гэта рэальна — прайсці адбор на Алімпіяду?

— У Лондан — не. Застаўся толькі чэмпіянат Еўропы, дзе можна атрымаць пуцёўку. Два апошнія гады на чэмпіянат Еўропы мы не ездзілі. Няма сэнсу, бо ачкі тыя ж, што і на кубках Еўропы, а канкурэнцыя — як на Алімпіядзе.

— А матэрыяльны стымул?

— А грошы плацяць толькі за 1-10 месцы.

— Інвентар прыходзіцца набываць за свае сродкі?

— Часцей за ўсё. Веласіпед калі і далі, то яго хапае толькі на год. Застаецца рама і руль, астатняе зношваецца, і трэба набываць новы.

— Наколькі можна зразумець, заняткі трыятлонам — пераважна хобі, а не прафесія?

— Я з'яўляюся супрацоўнікам Дэпартамента аховы МУС, але паколькі я — чэмпіён Беларусі, мяне на год вызваляюць ад працы, і я атрымліваю аклад, маю час для трэніровак і паездак на зборы. Таму трыятлон — больш хобі. Але ён нашмат складаней, чым плаванне.

— Якія дыстанцыі прыходзіцца пераадольваць трыятланістам?

— 1,5 кіламетра праплыць, 40 кіламетраў праехаць на веласіпедзе і 10 кіламетраў прабегчы. Такая алімпійская дыстанцыя.

— Колькі каштуе веласіпед?

— Нашы супернікі, якіх мы бачым на міжнародных стартах, выступаюць, напрыклад, на веласіпедах коштам ад 6 тысяч еўра, калёсы — па 2 тысячы еўра. Таму яны цягнуць пад гару 6 кілаграмаў, а я — усе 10. Гэта невялікая праблема — цягнуць 10, але бегчы пасля гэтак жа хутка я не змагу.

— Застаецца чакаць, калі супернік аступіцца...

— У плаванні, вядома, ніякага кантролю з боку арбітраў няма. Усе 90 чалавек стартуюць і плывуць "у адну кропку". Зразумела, што ўсе імкнуцца праплыць па найменшым радыусе. На павароце можна і атрымаць ад суперніка: і падтапіць некаторыя імкнуцца, і ўдарыць. Падчас веластарту, вядома, здараюцца завалы — ніхто ад іх не застрахаваны.

— Вы самастойна набываеце веласіпеды, касцюмы і гідракасцюмы?

— Мне, як чэмпіёну Беларусі, дапамагаюць. Веласіпед, напрыклад, мне набыў РЦОП. Гідракасцюм купілі праз тры гады, дагэтуль бралі ў таго, у каго быў.

— І колькі рэальна зарабіць у трыятлоне?

— На Кубку Еўропы першае месца ацэньваецца ў тры тысячы еўра. Ёсць камерцыйныя старты. У Амерыцы, напрыклад, ёсць старт "мільённік". За перамогу на ім плацяць мільён долараў, другое месца — 200-250 тысяч. Але каб трапіць на той жа Кубак свету, трэба быць у рэйтынгу не ніжэй за 300-е месца. Я летась за год з 600-га месца перамясціўся на 300-е. А сёлета з-за адсутнасці сродкаў нікуды не ездзілі, рэйтынгавых ачкоў не набралі, я зноў апусціўся ў раён шостай сотні. Адзінае спаборніцтва — Кубак Азіі ў Казахстане, дзе я стаў адзінаццатым па шэрагу прычын. Веласіпед мой не даляцеў, гідракасцюм своечасова не расшпіліўся... Пасля плавання я ішоў трэцім, але гідракасцюм зашпілены быў няправільна, таму мяне многія абышлі, пакуль я пераапранаўся. Ну і ехаць на чужым веласіпедзе не вельмі зручна — гэта як сесці за руль чужога аўтамабіля. Я стаў адзінаццатым, хоць летась быў трэцім.

— Гэта адзіны міжнародны старт, у якім сёлета ўдалося паўдзельнічаць?

— Быў яшчэ Кубак Балтыкі — камерцыйны старт, які я выйграў.

Наймацнейшая трыятланістка Беларусі Наталля Барысава-Новікава лічыць, што абыгрываць супернікаў можна і не на самых лепшых веласіпедах:

— Ёсць шмат прыкладаў, калі спартсменкі ездзяць на самых новых веласіпедах, але іх удаецца абыгрываць. Галоўнае, каб форма была выдатнай. Цяжка падабраць, каб і плаванне, і бег, і веласіпед ішлі аднолькава добра.

— Які ваш найлепшы вынік сёлета?

— Я стала чэмпіёнкай Беларусі па спрынце. На міжнародных стартах? На этапе Кубка Еўропы я была трынаццатай.

— Беларускім трыятланісткам рэальна трапіць на Алімпіяду?

— У красавіку наступнага года пройдзе чэмпіянат Еўропы, паспрабуем там заняць прызавое месца і паспяхова прайсці адбор.

— Наколькі гэта рэальна?

— Дзесяць адсоткаў супраць 90. За мяжой за кожны від адказвае асобны трэнер. У нас трэнер (гэта, дарэчы, мой муж) сам набывае кнігі, чытае і ставіць тэхніку па ўсіх трох відах. Мы трэніруемся разам з юніёрамі, юнакамі, мужчынамі — усе разам. Дзяўчат, якія займаюцца трыятлонам, вельмі мала — напрыклад, у Мінску іх толькі трое. Яшчэ дзве-тры — у рэгіёнах.

— Трыятлон для вас таксама толькі хобі?

— Так, я працую ў дзіцяча-юнацкім клубе, сёлета я адкрыла там секцыю трыятлона. Да гэтага шэсць гадоў вяла фізічную культуру ў дзіцячым садку. Пакуль перспектывы беларускага трыятлона — у новым пакаленні. Калі з нас нічога не атрымаецца, прыйдуць маладыя спартсмены, будуць змагацца за медалі.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А пакуль нашы трыятланісты працуюць у Дэпартаменце аховы і дзіцячым садку... 30 лістапада Беларуская федэрацыя трыятлона ўрачыста ўшанавала наймацнейшых атлетаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика