Карысны прыклад славакаў. 21.by

Карысны прыклад славакаў

10.05.2012 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Фінляндыі

Сёння зборная Беларусі па хакеі на чэмпіянаце свету ў Хельсінкі правядзе адзін са знакавых матчаў у сваёй гісторыі. Нашым супернікам будзе каманда ЗША, якая паспела не толькі навесці страху на сваіх апанентаў па групе, перайграўшы ў авертайме канадцаў, але і ўступіць славакам. Важнасць сустрэчы для падначаленых Кары Хейкеля неймаверная. У выпадку ўдачы — мы ўбачым цудоўную перспектыву для выхаду ў запаветную чацвёрку. Але, паклаўшы руку на сэрца, скажам: ці па Саўку шапка?

Важнейшы гол Міхаіла Грабоўскага ў матчы з камандай Казахстана.

У Хельсінкі не адзначаюць Дзень Перамогі, аднак гэты цемнаскуры музыкант менавіта 9 мая выконвае мелодыю "Кацюшы".Яшчэ за некалькі гадзін да пачатку гульні ў цэнтры Хельсінкі можна было сустрэць балельшчыкаў з братняй па Адзінай эканамічнай прасторы краіны. Яны з задавальненнем расказалі, што пасольства паклапацілася, каб ім былі выдзелены на ўсю групу фанатаў 30 білетаў на ўсе матчы з удзелам Казахстана. Ну, а што тычыцца шанцаў з беларусамі? Іх мінімум, прызналіся яны. Бо зараз каманда з сонцам на гульнявой форме ўжо даўно не тая, што была два гады таму на сусветным першынстве ў Кёльне. Ды і адзін з асноўных гульцоў зборнай, форвард "Барыса" з Астаны Раман Старчанка ў нядаўнім матчы з французамі, які казахі прайгралі 3:7, атрымаў цяжкую траўму. Безумоўна, што матч Беларусь — Казахстан не мог выклікаць вялікага ажыятажу з боку балельшчыкаў. Як вынік, яшчэ задоўга да хакейнай "Хартвал Арэны" можна было сустрэць "спекулянтаў", якія спрабавалі скідваць білеты наміналам у 55 еўра за 30. Прычым, як прызнаўся мне даўні знаёмы Раман са Славакіі, білетны бізнэс на радавыя матчы нават з такім дэмпінгам ідзе са скрыпам. У выніку трыбуны былі запоўнены менш чым на чвэрць. Праўда, нешматлікія балельшчыкі сталі сведкамі рэдкай з'явы, калі пры ўключэнні гульнявога табло спрацоўвала аўтаматыка і гучным рэхам разносілася фінальная сірэна. Сітуацыя стала ўжо камічнай, калі за 15 хвілін галоўны арбітр сустрэчы, чэх Марцін Франо з дапамогай лепшых праграмістаў аргкамітэта не мог належным чынам "запусціць" экран без пабочных эфектаў. Аднак цуда-машына не слухалася лепшых ІТ-спецыялістаў. У выніку было прынята саламонава рашэнне гуляць па-дзедаўскім варыянце — з дапамогай секундамераў. Што называецца, успомніць мінулае. Дарэчы, і сюжэт хельсінскага матча Беларусь — Казахстан нагадаў паядынак двухгадовай даўніны ў Германіі, калі беларусы на старце турніра таксама прайгравалі з такім жа лікам 0:2, але ў рэшце рэшт выйгралі, забіўшы супернікам цэлых пяць шайбаў. Цяпер лёс быў менш прыхільным да нашых, але ўсё ж такі даў магчымасць перавесці дух да больш важных матчаў — перамога з лікам 3:2. Менавіта пра гэта сказаў пасля фінальнага свістка і адзін з галоўных герояў паядынку Міхаіл Грабоўскі, гол якога меў важнае значэнне з псіхалагічнага пункту гледжання. Галоўнае, адзначыў беларускі форвард, што каманда дабілася першай перамогі і змагла зарабіць тры балы. У далейшым — спадзявацца толькі на свае сілы. А яны ў бліжэйшы час павінны падвоіцца. Пасля чацвёртага паражэння "Нэшвіла" ад "Фінікса" ў матчах плэй-оф Кубка Стэнлі статус часовых свабодных агентаў атрымалі браты Касціцыны — Сяргей і Андрэй. Як стала вядома, ужо ў бліжэйшую пятніцу гэты дуэт павінен узмацніць рады беларусаў. Галоўны трэнер Кары Хейкеля быццам бы ведаў, што запаўняць заяўку на чэмпіянат свету на 22 палявыя гульцы заўчасна, таму на ўсялякі выпадак былі пакінуты тры месцы. На дзве вакансіі прэтэндэнты ўжо знайшліся.

Учора беларуская зборная правяла чарговую трэніроўку, пасля чаго гульцы змаглі выбрацца на прагулку ў горад. Пэўна, што ў Дзень Перамогі ў кожнага з іх былі свае думкі. У Хельсінкі ёсць свята працы — выхадным лічыцца 1 мая. А вось 9 Мая тут адзначаць не прынята. Тым не менш з гісторыі, як і з песні, слоў не выкінеш. Таму на вузкіх вулачках фінскай сталіцы музыканты на розных інструментах выконваюць да болю знаёмыя мелодыі, накшталт знакамітай "Кацюшы". Дарэчы, гэтая песня сёння якраз да месца: яблыні і грушы дзякуючы больш-менш цёпламу надвор'ю, што зараз усталявалася ў фінскай сталіцы, пачынаюць ажываць.

Уладзімір ЗДАНОВІЧ, Хельсінкі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння зборная Беларусі па хакеі на чэмпіянаце свету ў Хельсінкі правядзе адзін са знакавых матчаў у сваёй гісторыі. Нашым супернікам будзе каманда ЗША, якая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика