Алімпійскі прызёр з вуліцы Фізкультурная. 21.by

Алімпійскі прызёр з вуліцы Фізкультурная

03.08.2012 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Як вядома, першы медаль на ХХХ лонданскай Алімпіядзе заваявала ўраджэнка Глыбокага Марына Шкерманкова.

Цікава, што новаспечаная ўладальніца трэцяга месца сёлетняй Алімпіяды з першых сваіх дзён пасля нараджэння жыла на вуліцы Фізкультурная ў Глыбокім. І, не паверыце, паводле слоў яе мамы, немаўля важыла аж 4,5 кілаграма. Бацькі ў жарт наракалі ёй добрую спартыўную будучыню. Але ж, безумоўна, і ўявіць сабе не маглі, што яна даб'ецца такіх поспехаў на Алімпіядзе. Ужо шмат гадоў бацькоўскі дом на іншай вуліцы — Камуністычная. Кватэра ў два паверхі, вельмі добры і дагледжаны падворак.

Карэспандэнт "Звязды" пабываў у Глыбокім у бацькоўскім доме алімпійскай прызёркі. Марына на пачатку спартыўнай кар'еры займалася лёгкай атлетыкай у ДЮСШ у Глыбокім. Займала прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па трайным скачку і кіданні кап'я. Потым вучылася ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Цяпер яна вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М. Машэрава на факультэце фізічнай культуры (завочна). Сваю спартыўную падрыхтоўку працягвае ў абласной школе вышэйшага спартыўнага майстэрства пад кіраўніцтвам трэнера Віктара Вінніка, які адкрыў у яе талент штангісткі. У 2009-2010 гадах дзяўчына стала чэмпіёнкай Еўропы сярод юніёраў па цяжкай атлетыцы. Ліцэнзію на Алімпіяду заваявала летась на чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы ў Парыжы.

Мама Марыны Святлана Анатольеўна і тата Іван Іванавіч працуюць на глыбоцкім малочна-кансервавым камбінаце. Бацька — слесар-рамонтнік, мама — аператар.

— І сёння да мяне не даходзіць, што Марына заваявала медаль на Алімпіядзе, — дзеліцца ўражаннямі ад перамогі дачкі мама. — Не, я ўважліва не глядзела спаборніцтва. Забягу, пагляджу і выйду. Перажывала за яе вельмі.

— Як у сне. Цяжка глядзець было, — дадае тата. — Суседзі нават прыйшлі ў госці і разам глядзелі трансляцыю з Лондана.

Паводле слоў бацькоў, калі стала вядома, што дачка, якая раней займалася лёгкай атлетыкай (кідала кап'ё), вырашыла заняцца цяжкай, ім гэтая навіна, вядома, не спадабалася.

— Потым прынялі гэта... Вялікіх перспектыў у лёгкай атлетыцы ў яе, напэўна, не было, бо яна сама невысокага росту. Усе лёгкаатлеты даўганогія, высокія, — працягвае тата. — Гэта быў яе выбар. Паспрабавала. У яе пачало атрымлівацца...

Як расказалі бацькі Марыны, у дзяцінстве яна была "хлапчуком". Мо таму, што бацька вельмі хацеў хлопчыка. І цвікі любіла забіваць, і рыбу лавіць. Пры гэтым і крыжыкам вышывала. І нават свае творы мяняла ў равеснікаў на марозіва. Старэйшая сястра Марыны — Аксана — зараз у дэкрэтным водпуску. Яна мама дзвюх дзяўчынак. Спортам прафесійна не займалася. А вось бацька займаўся і лёгкай, і цяжкай атлетыкай, нават быў чэмпіёнам тэхнікума па шашках.

Дома Марына бывае вельмі рэдка — раз на паўгода. Калі прыязджае дамоў, просіць смачнага: смажанай бульбы і малака. Высветлілася, што ў Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву яна пазнаёмілася з добрым хлопцам, таксама спартсменам.

Цікавы факт з дзяцінства Марыны: гадоў у 13 заявіла бацькам, што дзяржава падорыць ёй кватэру за спартыўныя дасягненні. І мела рацыю!

— Глыбоччына — край творчых людзей. Тутэйшыя жыхары працуюць на карысць Радзімы. І Марына праславіла на ўвесь свет не толькі раён, вобласць, але і ўсю нашу маленькую, але такую працалюбівую краіну, — гаворыць Алег Віктаравіч Морхат, старшыня Глыбоцкага райвыканкама. — Я хачу не толькі вас павіншаваць, але і шчыра падзякаваць за тое выхаванне, якое вы далі вашай дачцэ. Сёння — вынік гэтага, але, напэўна, мала хто ведае, колькі было трывог, крыўды, расчаравання, а галоўнае — цярпення, якога хапіла і вам, і Марыне. Дай Бог, гэта не апошні яе медаль. Прыемна, што з маіх вуснаў два гады таму, калі мы адкрывалі стадыён, прагучала прозвішча вашай дачкі. І я ўсё думаў: як бліжэй пазнаёміцца з ёй і вамі? І прыйшоў час — сёння Марыну ведае ўвесь свет.

Пасля віншавання бацькоў чэмпіёнкі камбайнеру Віктару Зелянковічу і яго памочніку, якія больш за ўсіх намалацілі збожжавых, былі ўручаны памятныя падарункі ў рамках рэспубліканскай акцыі "З аднаго металу льюць: медаль — за спорт, медаль — за працу!", якая прысвечана перамогам нашых алімпійцаў на ХХХ лонданскай Алімпіядзе. Віцебшчына на Алімпіядзе прадстаўлена 17 спартсменамі ў 6 відах спорту: веласіпедны, лёгкая атлетыка, плаванне, скачкі на батуце, цяжкая атлетыка, футбол .

Аляксандр ПУКШАНСКІ. Глыбокае — Віцебск.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цікава, што новаспечаная ўладальніца трэцяга месца сёлетняй Алімпіяды з першых сваіх дзён пасля нараджэння жыла на вуліцы Фізкультурная ў Глыбокім. І, не паверыце,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика