Прарыў гандбалістаў і стабільны Глеб. 21.by

Прарыў гандбалістаў і стабільны Глеб

22.01.2013 — Новости Спорта |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Узгадваем галоўныя спартыўныя падзеі мінулага тыдня

1. Найперш адзначым перамогі гандбольнай зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету, які зараз праходзіць у Іспаніі. Выступленне нашай мужчынскай каманды на падобных спаборніцтвах — ужо поспех, якім ганарыцца трэба. Апошні раз зборная Беларусі ўдзельнічала ў планетарным першынстве ў далёкім 1995 годзе, а таму ўдзел у сёлетнім чэмпіянаце — цудоўная нагода праверыць сябе на фоне моцных апанентаў. На жаль, зборным Славеніі, Польшчы і Сербіі нашы хлопцы саступілі, аднак змагаліся да апошняга, статыстамі дакладна не выглядалі. А вось у матчах з камандамі Паўднёвай Карэі і Саудаўскай Аравіі беларусы атрымалі перамогі. Асабліва клас нашай каманды адчуваўся ў паядынку з саудаўцамі, які вызначаў чацвёртага ўдзельніка групы "С" у 1/8 фіналу. Азіяты насамрэч нічога не здолелі супрацьпаставіць беларусам. А варатар Віталь Чарапенька наогул стаў для падапечных Ненада Кляіча загадкавым чарадзеем, які адбіваў добрую палову кідкоў саперніка. У выніку лік 33:15 канстатаваў пераканаўчую вікторыю беларусаў над трэцяй зборнай азіяцкага кантынента. У 1/8 фіналу беларусы ўчора позна вечарам сустрэліся з Харватыяй. Нельга не заўважыць і выдатную гульню нашага капітана Сяргея Рутэнкі, які з'яўляецца адным з лепшых бамбардзіраў першынства. На яго рахунку ўжо больш за 40 трапных кідкоў.

2. Былы паўабаронца "Барселоны" і лонданскага "Арсенала" Аляксандр Глеб падпісаў новы кантракт з барысаўскім БАТЭ. Сапраўды, пэўная частка балельшчыкаў не чакала ад тытулаванага гульца падобнага рашэння: хадзілі чуткі пра яго пераход у маскоўскі "Лакаматыў", пераезд у Германію. Толькі замест замежнай няўпэўненасці футбаліст выбраў БАТЭ і Лігу Еўропы. Цудоўны, між іншым, крок, асабліва для барысаўчан. У лютым ім гуляць у еўракубках з турэцкім "Фенербахчэ", а таму знаходжанне ў складзе Глеба павінна пазітыўна паўплываць на гульню каманды. "Глеб ужо не хлопчык і кожнае сваё рашэнне старанна ўзважвае, — адгукнуўся на навіну ў сваім анлайнавым дзённіку спартыўны журналіст Сяргей Канашыц. — Прыкметна пасталеў, і гэта вельмі цешыць. Прыемна чытаць кожнае ягонае інтэрв'ю і выказванне, там ужо няма пустых слоў і выхваляння, як гэта часта праскоквала раней. (...) Глеб — гэта вельмі цудоўна! Глеб — гэта лепш, чым тысяча Кежманаў!". Узгадаем яшчэ адзін футбольны трансфер, які не пакінуў абыякавымі нашу спартыўную прастору. Паўабаронца Станіслаў Драгун больш не гулец мінскага "Дынама". Былы лідар каманды Алега Пратасава падпісаў трохгадовае пагадненне з самарскім клубам "Крылы Саветаў". На беразе Волгі Драгуну сумна не будзе. У камандзе ён складзе кампанію суайчыннікам Сяргею Вяромку, Дзмітрыю Верхаўцову і Сяргею Карніленку.

3. Не вельмі добра завяршыўся для біятланісткі Дар'і Домрачавай чарговы этап Кубка свету, які адбываўся ў італьянскім Антхольцы. Домрачава толькі ў спрынце (7,5 км) узнялася на п'едэстал. Прапусціла наперад славачку Настассю Кузьміну і фінку Кяйсу Мякярайнен. У дзесяцікіламетровай гонцы Дар'я наогул заняла толькі 10-е месца. Эстафету наша жаночая каманда завяршыла на 7 месцы.

4. Працягвае радаваць сваіх прыхільнікаў тэнісістка Вікторыя Азаранка. У чацвёртым крузе Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі лёгка перамагла расіянку Алену Весніну. Лік — 6:1, 6:1. У 1/4 супрацьстаяць Вікторыі будзе таксама грамадзянка Расіі — Святлана Кузняцова.

5. Даволі важную перамогу ў 1/8 фіналу валейбольнага Кубка выкліку атрымаў мінскі "Будаўнік". І не на сваёй пляцоўцы, а ў гасцях быў пераможаны 25-разовы чэмпіён Грэцыі "Алімпіякас" — 3:1. Для валейбола гэта добры вынік і цудоўная заяўка на праходжанне ў далейшую стадыю турніру. Але для большай упэўненасці хлопцам неабходна ваша падтрымка. Матч у адказ адбудзецца 24 студзеня ў мінскім Палацы спорту. Пачатак а 19:00.

Тарас ШЧЫРЫ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Узгадваем галоўныя спартыўныя падзеі мінулага тыдня 1. Найперш адзначым перамогі гандбольнай зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету, які зараз праходзіць у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Спорта)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика