Ёсць песняры ў Калінкавіцкім краі. 21.by

Ёсць песняры ў Калінкавіцкім краі

07.09.2010 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чалавецтва, бясспрэчна, зрабіла самае найвялікшае вынаходніцтва тады, калі адкрыла пісьмо. Пісьменства стала магутным рухавіком чалавечай культуры. Менавіта дзякуючы яму людзі змаглі занатоўваць велізарныя запасы ведаў, накопленыя ва ўсіх сферах дзейнасці на працягу стагоддзяў. Сёння немагчыма ўявіць сабе свет без пісьменства.

На працягу апошніх 17 гадоў у нашай краіне склалася добрая традыцыя - адзначаць Дзень беларускага пісьменства. Гэта незвычайнае свята. Нешта таямнічае і святое пакладзена ў яго аснову, бо яшчэ з часоў Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны і Васіля Цяпінскага кніга ўшаноўвалася, аберагалася, як самы бясцэнны дар.

У гэтым годзе на Гомельшчыне ў трэці раз будзе адзначацца Дзень беларускага пісьменства. Месцам правядзення свята на гэты раз абраны невялікі раённы цэнтр – Хойнікі, што зусім недалёка ад нашых Калінкавіч.

Мы, жыхары Калінкавіч, добра ўсведамляем, што і наша калінкавіцкая зямля мае пэўнае дачыненне да стварэння беларускага слова. Аж дзевяць пісьменнікаў дала яна роднай Беларусі: Усевалад Краўчанка і Яўген Каршукоў, Віктар Казько і Соф’я Шах, Сяргей Палуян і Сямён Ляльчук, Змітро Віталін і Уладзімір Бельскі, Васіль Андрыеўскі. Іх імёнамі ганарыцца кожны калінкавічанін. Іх творы ўвайшлі ў скарбонку беларускай літаратуры, складаюць летапіс роднага краю, унесены ў школьныя падручнікі па беларускай літаратуры, вывучаюцца студэнтамі ў ВНУ і каледжах, тэхнікумах і ліцэях, па іх пішуць курсавыя работы і абараняюць дысертацыі. На жаль, сёння чатырох з іх няма з намі.

Шмат дарог прайшлі нашы пісьменнікі-землякі. Былі яны зусім няпростыя і складаныя…

Беларускі Бялінскі

7 сакавіка 1910 г. раптоўна скончылася жыццё Сяргея Палуяна, аднаго з лепшых сяброў Я. Купалы і М.Багдановіча, паплечніка Ц. Гартнага і Ядвігіна Ш. Крытыкі яму прарочылі шлях Бялінскага. Гэта пра яго напісаў свае пранікнёныя радкі М.Бановіч:

Глянь, як зорка ў цемені ляціць,
Усіх чаруючы светам сваім,
Быццам? змей залаты зіхаціць
І стукае ў небе глухім.
Але ўспомніць яшчэ зоркі свет,
Бо ў сэрцах гарыць яе след.
Так свабодна, так ярка пражыць –
Лепшай долі няма на зямлі.
Усё кругом на момант асвятліць
І пагаснуць у цёмнай імгле.

С. Палуяну таксама прысвечана паэма “Курган” Я. Купалы і адзіны прыжыццёвы зборнік Максіма Багдановіча.

Нарадзіўся Сяргей Палуян 19 кастрычніка 1890 года ў Брагіне і быў трэцім дзіцём у сям’і Епіфана і Аляксандры Палуян. А ўжо праз пяць месяцаў пасля нараджэння Сяргея сям’я пераязджае на сталае месца жыхарства ў вёску Крышычы Юравіцкай воласці Мазырскага павета. Гадаваўся Сяргей хлапчуком дапытлівым і быў сярод дзяцей ініцыятарам у розных гульнях. Асабліва сябраваў ён з сялянскімі дзяцьмі, чым быў вельмі незадаволены бацька, мясцовы памешчык, уладальнік маёнтка Крышычы. Хлопчык, а затым юнак, ён часта караўся бацькам за непаслушэнства.

Вучыўся Сяргей у Мазырскай прагімназіі, дзе зблізіўся з рэвалюцыянерамі, распаўсюджваў лістоўкі, пракламацыі, удзельнічаў у мітынгах. Прыязджаючы дамоў на канікулы, ён часта наведваўся ў Юравічы, у якіх агітаваў мясцовую моладзь на барацьбу супраць эксплуататараў.

Бацька, разумеючы, што сына могуць выключыць з гімназіі, накіраваў яго ў Мітаву (цяпер Елгава ў Латвіі), каб там за ім наглядалі яго сваякі. Але і там Сяргей не спыніў рэвалюцыйнай дзейнасці. Нарэшце, цярпенню бацькі прыйшоў канец. У злосці ён замахнуўся на сына і з гэтага часу два родныя чалавекі разышліся назаўсёды.

Сяргей паехаў у Кіеў. Там ён спыніўся ў дзядзькі і разам з дваюрадным братам Іванам зноў заняўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. А яшчэ ў яго з’явілася жаданне пісаць, трапным словам тлумачыць з’явы жыцця. Палуян з Кіева звязаўся з рэдакцыяй газеты “Наша ніва”, якую тады рэцэнзаваў Я. Купала. У газету ён паслаў свой артыкул “Беларуская справа і ўкраінскае грамадства” і ўбачыў яго надрукаваным у нумары за 1 мая 1909 года. Палуян ездзіў у Вільню на асабістую сустрэчу з Я. Купалам, затым пачынае працаваць у часопісах “Украінская хатка” і “Рада”, у якіх друкуе свае творы. Хутка выходзіць яго артыкул “Пра нацыянальную школу ў Беларусі”. Палуян сур’ёзна цікавіцца школьнай адукацыяй, рэцэнзуе падручнік Я. Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”. Выношвае ў сэрцы ідэю нацыянальнага адраджэння.

Ясянец – так падпісваў свае творы малады літаратар. Апавяданні, вершы, п’есы, публіцыстычныя артыкулы – вось далёка не ўвесь пералік літаратурнай дзейнасці Сяргея Палуяна. На вялікі жаль, да нас не дайшла ўся творчая спадчына нашага земляка. Вядомы ўсяго яго апавяданне “Вёска”, абразок “Хрыстос уваскрэс”, дваццаць адзін публіцыстычны артыкул, рэцэнзіі. Але і гэтая спадчына мее велікую каштоўнасць.

Сяргею Палуяну было ўсяго 20 гадоў, а ён ужо выступаў у абарону беларускай мовы, нацыянальнага друку, быў першапраходцам у галіне тэатразнаўства, першым абгрунтаваў значэнне перакладаў для збліжэння літаратур і народаў.Ён глядзеў далёка наперад і, на жаль, быў…лішнім у сваім часе.

Ты быў, як месяц, адзінокі;
Самотна жыў, самотна ўмёр…

Так адклікнуўся на яго заўчасную смерць Максім Багдановіч.

Далёка ад родных Крышыч, сварка з бацькай, беднасць, хвароба, адзінота… І чулая душа не вытрымлівае і прымае страшнае рашэнне… У яго перадсмяротнай запісцы крычалі словы: “Я так люблю жыццё, светласць і красу, ды не на маю долю выпала гэта”.

Хоць і позна, але сваю памылку ў адносінах да сына зразумеў і бацька. Кажуць, прыехаўшы ў Кіеў, пасля пахавання ён нечакана ўсхапіўся ноччу, хацеў бегчы на могілкі. Падалося, што Сяргей не памёр, а заснуў летар-гічным сном. Маці ж забрала сынаву касаваротку і да самай сваёй смерці ў 1922 годзе клала яе на ноч пад падушку. Пазней бацька паставіў на магіле помнік. На жаль, на сённяшні дзень і магіла, і помнік не захаваліся. Тая частка могілак ў Кіеве яшчэ да вайны была знішчана, пайшла пад забудову горада.

«Апошняю скарынкай падзялюся...»

Усяго 23 гады дараваў лёс таленавітаму паэту Сямёну Ляльчуку. Ён застаўся на полі бою ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А гэта быў цудоўны юнак, які ўжо ў 13 гадоў напісаў свой першы верш.

Сямён Абрамавіч нарадзіўся 25 верасня 1918  года ў горадзе Калінкавічы ў сям’і служачага.

У 1939 годзе скончыў Мінскі педагагічны інстытут ім. А.М.Горкага. Служыў у арміі. У час вайны быў на фронце.

У ліпені 1941года прапаў без вестак.

Вершы пачаў друкаваць яшчэ да вучобы ў інстытуце ў газеце “Юнгер ленінец” (“Юны ленінец”), у 1938 г. стаў друкавацца ў часопісе “Штэрн” (“Зорка”). Пісаў на яўрэйскай мове. Разам з маладымі паэтамі І.Баруховічам, Х. Гурэвічам, П. Плоткіным выдаў у 1940 г. калектыўны “Зборнік вершаў”. У перакладзе на беларускую мову асобныя творы апублікаваны ў зборніку “Мы іх не забудзем” (1949). У 1985 годзе на мове ідыш у Маскве выйшаў зборнік “Ліра”.

Вось адзін з вершаў Ляльчука.

Багацце

Нічога мне ніколі не шкада,
На шчырасць і на ласку не скуплюся,
Калі ў твой дом пастукае бяда,
Апошняю скарынкай падзялюся.
Нічога не збіраю, не таю,
Не берагу на чорны дзень і свята.
А ўсё, што ёсць, да кроплі аддаю,
І тым шчаслівы і багаты.

Пясняр беларускай вёскі

Нядоўгім быў і жыццёвы шлях пісьменніка Усевалада Краўчанкі. І па сённяшні дзень нямала загадак існуе вакол яго смерці. Усевалад Ігнатавіч па афіцыйнай версіі скончыў жыццё самагубствам 27 жніўня 1961 года, у час знаходжання ў замежнай камандзіроўцы ў складзе афіцыйнай дэлегацыі.

Нарадзіўся Краўчанка 14 кастрычніка1915-га года ў вёсцы Каплічы Азарыцкага раёна ў сям’і настаўніка. Скончыў рабфак у Мазыры ў 1933 годзе, працаваў у рэдакцыі раённай газеты”Калгаснік Мазыршчыны”. Адначасова вучыўся завочна на літаратурным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, дзе да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў два курсы. З 1935 года да вайны працаваў у абласной газеце “Бальшавік Палесся” (г. Мазыр). У вайну – супрацоўнік армей-скай газеты “Боевое знамя”, потым на журналісцкай рабоце ў Саратаўскай вобласці, а з мая 1943-га загадваў аддзелам партызанскага жыцця газеты “Савецкая Беларусь”. З 1945 года – адказны сакратар часопіса “Полымя”, з 1950-га – адказны сакратар, у 1953-1961 гадах – галоўны рэдактар часопіса “Бярозка”.

З першымі апавяданнямі выступіў у 1933 годзе ў часопісе “Чырвоная Беларусь”. З-пад яго пяра выйшлі зборнікі аповесцей, апавяданняў “На крутым павароце” (1937), “Калгасныя навелы” (1940), “Зямля гудзе” (1945), “Станаўленне” (1947), “У імя Радзімы” (1948), “Жыта красуе” (1951), “Не поле перайсці” (1958) і іншыя. Усевалад Краўчанка выдаў шэраг зборнікаў прозы для дзяцей, кнігу-аднаактовак “Апошняя варажба” (1960). Перакладаў з рускай і ўкраін-скай моў на беларускую.

Аб чым жа пісаў наш зямляк? Асноўныя творы Усевалада Ігнатавіча расказваюць аб жыцці ў вёсцы, раскрываюць агульначалавечыя праблемы. Многія іх дзеючыя асобы – рэальныя людзі, якія акружалі пісьменніка ў жыцці. У аповесцях і апавяданнях Краўчанкі пазнаюцца і знаёмыя назвы: Залессе, Чапаеўка, Барбароў, Мазыр. Многія радкі твораў пісьменнік прысвяціў і родным Каплічам.

Краўчанка быў членам праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, медалямі.

Церні Змітра Віталіна

На пачатку 30-х гадоў у Мінску пісаў вершы і шырока друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях здольны і досыць вядомы ў той час малады беларускі паэт Змітро Віталін. Потым ён раптоўна знік. І нідзе пра яго не было чуваць ні слова, ні паўслова. Як, быццам, і не існавала чалавека. У кароткім даведніку “Пісьменнікі Савецкай Беларусі” (Мн., 1981 г.) адзначаліся такія звесткі:

“З 1933 года жыў за межамі БССР. Прапаў без вестак на фронце ў час Вялікай Айчыннай вайны”. Амаль усё жыццё Дзмітрый Рыгоравіч насіў ярлык “ворага народа”. Але выстаяў, прайшоў усю вайну і напісаў больш за 20 кніг.

Сергіевіч Дзмітрый Рыгоравіч (літаратурны псеўданім Змітро Віталін) нарадзіўся 8 жніўня 1912 года ў вёсцы Сухое Бродніцкай воласці Пінскага павета Мінскай губерніі (цяпер Іванаўскага раёна, Брэсцкай вобл.). Яго бацька, Рыгор Паўлавіч, працаваў на чыгунцы, маці Ульяна Васільеўна - дачка сельскага старасты Васіля Шухрая. Улетку 1915 года пачалося нямецкае наступленне, і сям’я Сергіевічаў эвакуіравалася ў глыб Расіі, а ў 1919 г. яна вярнулася на радзіму. Спыніліся на ст. Калінкавічы, дзе бацька пачаў працаваць стрэлачнікам.

У 1920 годзе маленькі Дзмітрый паступіў у першы клас вышэйшага пачатковага вучылішча, а ў 1929 годзе скончыў 8 класаў і паехаў у Мінск паступаць у палітэхнікум. На жаль, не паступіў, зрэзаўся на экзаменах, падвяла матэматыка. Малады хлопец застаўся ў Мінску, пачаў працаваць на будоўлі на падсобных работах. Затым былі 5-месячныя курсы радыёманцёраў, якія ён закончыў паспяхова і пачаў працаваць у радыёмайстэрні Белрадыёцэнтра. Да таго часу адносіцца і публікацыя яго вершаў у “Чырвонай змене”. Ранняй вясной Дзмітрый паехаў працаваць у Крычаўскую раённую газету ў якасці адказнага сакратара, а восенню вярнуўся ў Мінск і паступіў на творчае аддзяленне Мінскага педінстытута. Адначасова працаваў у часопісе “Шляхі калектывізацыі” адказным сакратаром. Вось што ўспамінаў аб ім яго сябра П. Пруднікаў: “Змітро Віталін быў вышэй сярэдняга росту, крыху сутулы, русавалосы, заўсёды акуратна апрануты, насіў прычоску “ёрш”, якая ніколі не закрывала яго лоб. У яго заўсёды быў даволі сур’ёзны твар і разумныя шэрыя вочы. Быў заўсёды ўраўнаважаным, ветлівым, немнагаслоўным. Лішняга слова на вецер не кідаў. Неяк не па гадах сур’ёзны, сябры яго за гэта звалі “дзядком”. Паважаў і цаніў сяброўства. Верны і надзейны сябар. Вельмі начытаны”.

Змітро Віталін быў чалавекам філасофска-псіхалагічнага складу. Большасць яго вершаў менавіта такога напрамку. Паколькі дзяцінства і юнацтва былі звязаны з чыгункай, ён шмат вершаў прысвяціў працы чыгуначнікаў: “Песня пра машыніста”, “Паўстанак” і інш.

Яго паэзія – паэзія роздуму. Ён гаварыў: “Паэт павінен думаць і зазіраць у сэрца чалавека, у яго душу”.

У сакавіку 1933 года Дзмітрыя Сергіевіча сярод белага дня схапілі ў рэдакцыі часопіса “Шляхі калектывізацыі” сталінскія “сокалы”.

Аадбыў свой тэрмін ў ГУЛАГу, ён пераспрабаваў шмат прафесій: будаўніка, прэсоўшчыка на фанернай фабрыцы і г.д.

Два гады нёс тэрміновую службу ў арміі. Дзякуючы легендзе, якую выдумаў, і Усеваладу Краўчанку, ён пачаў працаваць у газеце “Бальшавік Палесся”: спачатку карэспандэнтам сельгасаддзела, а затым яго накіравалі ў Ельск уласным карэспандэнтам па чатырох раёнах – Ельскім, Нараўлянскім, Лельчыцкім і Камарынскім.

Потым была вайна. Радавы Дзмітрый Сергіевіч з маршавай ротай трапляе на фронт. Нялёгкі салдацкі быт, адступленне і горыч страт, гарачае жаданне перамагчы – усё гэта знаходзіць адлюстраванне ў творчасці байца. У дывізійных і армейскіх газетах з’яўляюцца яго замалёўкі, нарысы, вершы.Я кленусь тебе, Родина-мать.

Счастье, юность и волю твою
Защитить, уберечь, отстоять
В предстоящем жестоком бою! - усхвалявана і палымяна пісаў у 1942 годзе Дз. Сергіевіч.

З восені 1943 года Дзмітрый Рыгоравіч – у штаце дывізійнай газеты “Вперёд, за Родину”. Франтавыя дарогі яго праляглі цераз старажытныя землі Наўгародчыны і Пскоўшчыны, хутары і населеныя пункты Латвіі, паселішчы Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі. І ўсюды бойкае пяро нашага земляка знаходзіць тэму для карэспандэнцыі, нарыса, вершаванага твора, у якіх расказы аб героях баёў, аб бяспрыкладнай мужнасці савецкіх воінаў.

Пасля вайны Дзмітрыя Сергіе-віча пакінулі ў кадрах рэдакцыі штодзённай газеты “За честь Родины”. Ён праслужыў пяць гадоў у Вене. Гэты перыяд яго жыцця паслужыў яму матэрыялам, які быў пакладзены ў аснову аповесці “На блакітным Дунаі”.

Вясной 1950 года Сергіевіч быў пераведзены ў Адэсу, у акружную газету “Защитник Родины». Тут адпрацаваў паўтары гады, затым быў накіраваны на вучобу ў Ленінград – на вышэйшыя курсы ўдасканалення палітсаставу Савецкай Арміі. Па заканчэнні курсаў зноў вярнуўся ў Адэсу, дзе заставаліся жонка і дзве дачкі.

У 1956 годзе, у час вядомых падзей, – Дзмітрый Рыгоравіч быў накіраваны ў Будапешт. Менавіта аб складанасцях таго часу распавядае яго раман “Гроза на рассвете”. У Будапешце ён праслужыў да 1961 года. Затым вярнуўся ў Адэсу і звольніўся ў запас па выслузе гадоў.

Кнігі пісьменніка “Першы бой”, “Мы служым Радзіме”, “Прывітанне з юнацтва” аднародныя па сваёй тэматыцы. Яны расказваюць аб мінулай вайне і пасляваенных буднях савецкіх воінаў.

Вялікай Айчыннай вайне прысвечана і аповесць “Таварышы ваенных гадоў”.

Дзмітрыю Сергіевічу прысутна здольнасць глыбокага пранікнення ў характары сваіх персанажаў, іх псіхалогію. Ён быццам бы дае магчымасць чытачу заглянуць у салдацкую душу, адчуць тое, што яго трывожыць, чым ён жыве, што надае яму моцы.

Памёр Дзмітрый Рыгоравіч Сергіевіч у 2004 годзе ў горадзе Адэса.

Пісьменнік з Давыдавіч

Яўгена Каршукова ўскалыхала, узрасціла і вывела ў людзі вёска Давыдавічы Даманавіцкага раёна, якая цяпер, як і ўзгаданыя вышэй Крышычы, Каплічы, уваходзіць у Калінкавіцкі раён. Давыдавічы мясціліся ў баку ад чыгункі, сярод бяроз, асілкаў-дубоў, узаранай нівы і каляровага разнатраўя. Тут бацькі-настаўнікі дапамаглі маленькаму Яўгену спазнаць першыя радасці, тут ён пераадольваў першыя праблемы. Адсюль у 1951 годзе Яўген Іванавіч паехаў вучыцца на журналіста.

У 1956 г. ён скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна; працаваў адказным сакратаром Акцябрскай раённай газеты “Чырвоны Кастрычнік” (1956-1958), загадчыкам аддзела Веткаўскай раённай газеты “Пад ленінскім сцягам” (1958-1959), рэдактарам шматтыражнай газеты панчошна-трыкатажнай фабрыкі “8 Сакавіка” ў Гомелі (1959), старшым рэдактарам на Гомельскай студыі тэлебачання (1959-1971).

З 1971 г. Яўген Каршукоў - загадчык аддзела літаратуры газеты “Літаратура і мастацтва”, а з 1975 г. – намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Вожык”. З1978 г. працаваў у апараце Саюза пісьменнікаў БССР.

Першыя яго апавяданні і гумарэскі былі надрукаваны ў 1955 г. Каршукоў - аўтар апавяданняў “У дарогу” (1953), “Сустрэча” (1963), зборнікаў гумарэсак “Не без таго…” (1967), “Бывай, кампанія!” (1977) і аповесці для дзяцей “Змоўшчыкі” (1975).

Зараз Яўген Іванавіч ужо на заслужаным адпачынку, па-ранейшаму жыве ў Мінску, але гэта не значыць, што ён пакінуў грамадскую і літаратурную дзейнасць. Каршукова часта бывае ў школах, студэнцкіх аўдыторыях, у воінскіх падраздзяленнях. Ён выступае з новымі апавяданнямі, казкамі для дзяцей, перакладамі з рускай, украінскай, славацкай і польскай моў. У апошнія гады прысвячае шмат твораў дзецям, выйшаў яго новы зборнік для юнакоў і дзяўчат.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі

Сярод таленавітых майстроў слова з Калінкавіцкага раёна пачэснае месца належыць Віктару Казько.

Віктар Апанасавіч належыць да “ненароджанага пакалення” саракавых гадоў: адны - проста не нарадзіліся, хоць, пэўна, значацца ў Кнізе Быцця, другія - не выжылі ў вайне, трэція - пакінулі гэты свет вельмі рана. Сам Казько, як бы застыў назаўсёды ў здзіўленні, што ён - сірата, усё ж падмануў смерць, выгадаваўся самапасам, прайшоў агонь, ваду і медныя трубы і, нарэшце, дабраўся, сам уражаны гэтым, да ўзросту жыццёвай мудрасці і творчай сталасці.

Цяжкім, калі не пакутлівым, можна назваць дзяцінства вядомага празаіка. Нарадзіўся ён 23 красавіка ў 1940 г. ў горадзе Калінкавічы ў сям’і рабочага. Калі хлапчуку не было і трох гадоў, у бацькоў-скую хату ўдарыў нямецкі снарад. Асколкам адразу забіла маці, а двухгадовая сястрычка памерла ад холаду і голаду. “Успамінаю смерць маці (часам сябе вінавачу). Сядзелі з сястрой на печы (а есці хочацца!); у печы бульбіны 2-3, мабыць, хацелі спячы і нылі. Маці раззлавалася: нас - з печы на палаці, сама – на печ. І атрымалася: нам – жыць, сама – на смерць. Снарад трапіў у печ,”- успаміў Віктар Апанасавіч.

Хлапчук у адначассе аказаўся прадстаўлены сам сабе, разам з натоўпам людзей, якіх немцы гналі ў Азарыцкі канцэнтрацыйны лагер, апынуўся там. Як выжыў – ён не ведае і сам. Памятае толькі, што калі нашы войскі вызвалілі вязняў ад немінучай гібелі, яго забрала да сябе бабуля. “Бабуля расказвала, як несла мяне на плячах з Азарыцкага канцлагера (але я лагерны перыяд не памятаю, толькі тое, што было да і пасля), бо ісці сам не мог. Ішла напрасткі, праз поле. Толькі пасля даведалася, што ішла па мінах і мяне несла..”

А потым пайшлі гады беспрытульства, дзіцячыя прыёмнікі – размеркавальнікі і дзетдом. Выхоўваўся ў Вільчанскім і Хойніцкім дзіцячых дамах на Палессі.

У шаснаццацігадовым узросце Віктар Казько наогул пакінуў Беларусь. Жыў на Украіне, затым - у Сібіры, дзе скончыў Кемераўскі горны тэхнікум і пачаў працаваць на шахтах Кузбаса.

Аднак яго цягнулі далі нязведа-ныя, і Віктар уладкоўваецца ў геолагаразведвальную экспедыцыю. У гэты час ён спрабуе сябе ў журналістыцы і літаратуры. У 1962 годзе ўладкоўваецца загадчыкам аддзела прамысловасці газеты “Красная Шория” (Кемеровская вобл.), адкуль пераходзіць літсупрацоўнікам у абласную газету “Камсамолец Кузбаса”, а затым - карэспандэнтам на абласное радыё. Першыя яго творы з’явіліся яшчэ ў Расіі на рускай мове. У 1970 годзе В.Казько заканчвае Літаратурны інстытут імя А.М. Горкага.

І ўсё-такі смутак па Радзіме, па роднай мове робіць круты паварот у лёсе пісьменніка: праз 17 гадоў ён вяртаецца ў Беларусь. Працуе ў многіх перыядычных выданнях, у тым ліку ў газеце “Чырвоная змена”, якая ўзбагаціла яго разнастайным каларытам мовы.

На працягу 1986-1988 гадоў Віктар Казько з’яўляецца сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, працуе на кінастудыі “Беларусьфільм”. Творы яго ў асноўным нясуць аўтабіяграфічна-дакументальны характар, адрозніваюцца асаблівай глыбінёй псіхалагічнага аналізу, высокім драматычным гучаннем. Яны не заўсёды лёгка чытаюцца, але знайшлі свайго чытача і атрымалі прызнанне самых прыдзірлівых крытыкаў, якія адзначаюць неардынарнасць, яркую таленавітасць, інтэлектуальнасць аўтара.

Пяру пісьменніка належаць раманы “Неруш”, “Хроніка дзетдомаўскага саду”, аповесці “Цёмны лес – тайга густая”, “Цвіце на Палессі груша”, “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел”, “Судны дзень”, “Но пасаран”, “Да сустрэчы” і інш.

У апошнія гады пісьменнік вельмі многа піша публіцыстычных твораў на чарнобыльскую тэму, якая хвалюе яго больш за ўсё: тут і боль за родны край палескі, за лёс яго людзей, за іх будучае.

У 1977 годзе Віктар Казько за кнігу “Добры дзень і бывай” удастоены прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, а ў 1982 годзе – Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за аповесць “Суд у Слаба-дзе”.

За шматгранную літаратурную дзейнасць і вялікую грамадскую работу Віктар Казько ўзнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”.

Для чытача, выхаванага на творах Казько, няма пытання, чаго чакаць ад гэтага выдатнага пісьменніка, публіцыста, мысляра. Жыццё шмат што ставіць на сваё месца, а Віктар Казько ўсё жыццё цягнуўся да таго, што ляжыць у аснове ўсяго, што вышэй нашай штодзённай пагоні за дабрабытам і што называецца Дабром, Праўдай, Прыгажосцю. У зго-дзе з гэтымі катэгорыямі ён жыве і ў парыве да высокага знаходзіць сваё натхненне.

«У свет вышынны, шматгалосны...»

Сапраўды: чалавек, незалежна ад прафесіі, калі мае талент, абавязкова заявіць аб сабе. Жыццё Соф’і Шах - пацвярджэнне таму. Лагапед па прафесіі – яна стала паэтам па прызванні. І яе вершы, што друкаваліся ў калектыўных зборніках і выходзілі асобна кніжкамі, - напоўнены шчырасцю, тонкім лірызмам і глыбокім роздумам, на якія здатна толькі жаночая душа.

Соф’я Мікалаеўна Шах – пакуль што адзіная жанчына-паэтэса з нашай Калінка-віцкай зямлі, якая стала членам Саюза пісьменнікаў. Нарадзілася яна 29 лістапада 1947 г. ў вёсцы Лясец Калінкавіцкага раёна ў сям’і рабочых.

Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў гарадскім пасёлку Азарычы.

У 1969 г. яна скончыла факультэт пачатковых класаў Мазырскага педагагічнага інстытута імя Н.К. Крупскай. Працавала настаўніцай пачатковай школы ў вёсцы Гажын Нараўлянскага раёна, у вёсцы Цідаў, у пасёлку Азарычы Калінкавіцкага раёна. У 1980 г. скончыла завочна дэфекталагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута ім. М.Горкага, працуе зараз лагапедам у школе-інтэрнаце ў Светлагорску. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1990 г.

Літаратурнай працай займаецца з 1983 г. Адна з аўтараў калектыўных зборнікаў паэзіі “Маладыя галасы” (1985), “Лагодны промень раніцы”(1988). У “Бібліятэцы часопіса “Маладосць” выйшаў яе зборнік вершаў “І не пакіне спа-дзяванне”. Гэты зборнік вылучаецца хараством і прыгажосцю душы лірычнага героя, яго спа-дзяваннем на дабрыню людзей, шчаслівае заўтра, праўдзівасць. Аднак большасць яе вершаў прысвечана тэме кахання.

Быт акружае чалавека з усіх бакоў і чалавек, які трапіў пад яго ўладу, лёгка можа страціць самастойнасць. Чалавек у такім выпадку проста не мае часу азірнуцца на самога сябе, усвядоміць, што з ім адбываецца, дзе ён і навошта. І тады на дапамогу яму павінна прыйсці сапраўднае, шчырае каханне, якое доўга ўзбагачае, акрыляе дзеянні і ўчынкі, робіць чалавека дабрэйшым і багацейшым.

Але найбольш вядома наша зямлячка, як аўтар вянкоў санетаў. Яна напісала 130 вянкоў санетаў, хоць гэта і даволі забыты жанр літаратуры. Соф’я Мікалаеўна яго адраджае і надае яму гучанне на роднай мове са ўсёй узнёслассцю і натхненнем.

Шах - пастаянны аўтар на старонках розных беларускіх газет і часопісаў.

Вось адзін з санетаў Соф’і Шах.

У “я” маім, здаецца, столькі моцы
і столькі прагі выспелай ляцець,
і неўтаймоўна вышыні хацець,
У тым, не адчуваючы пагрозы…
Такія з духам творацца дзівосы,
што і самой падчас не ўразумець,
і так яму ўдаецца не старэць,
а імкнуцца ў свет вышынны, шматгалосны.

Рэдактар. Палітык. Дыпламат

Уладзімір Бельскі нарадзіўся 20 чэрвеня 1955 года ў вёсцы Слабодка Калінкавіцкага раёна ў простай сялянскай сям’і. Пасля пераезду бацькоў на жыхарства ў вёску Юравічы вучыўся ў Юравіцкай сярэдняй школе, якую скончыў у 1972 годзе. Пасля заканчэння школы год працаваў у Калінкавіцкай раённай газеце “За камунізм”.У 1973 годзе быў прызваны на службу ў армію, служыў у марской
авіяцыі.

Пасля дэмабілізацыі ў 1975 г. паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаў дыплом журналіста. Быў размеркаваны на працу ў газету “Советская Белоруссия”, у якой працаваў у 80-х гг.

З 1988 г. Уладзімір Пятровіч - намеснік галоўнага рэдактара газеты “Знамя юности”, з 1989 г. – галоўны рэдактар газеты “Чырвоная змена”.

У 1992 годзе ён завочна скончыў Расійскую акадэмію кіравання. А ў 1996 годзе быў прызначаны старшынёй Дзяржаўнага камітэта Рэспублікі Беларусь па друку.

У 1998 г. Уладзімір Бельскі стаў Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Рэспублікі Беларусь у Чэхіі.

У 1995 годзе выйшаў яго зборнік апавяданняў і аповесцей “Блізкі бераг”. Як піша сам аўтар, ён проста “не мог прайсці міма добрых, шчырых паляшуцкіх натур”. Гумар і цеплыня, з якой Бельскі апісвае сваіх землякоў, стасуецца з вострымі, балючымі тэмамі мінулага і сённяшняга. І, канешне ж, – тэма кахання, якой не мінуў ні адзін празаік. Галоўнае – гэта людзі, іх псіхалогія, адносіны, пад якімі можна падвесці адну знамянальную рысу – іх любоў да роднага краю, сваёй зямлі, сваёй маленькай радзімы. Іх імкненне зрабіць нашу Радзіму – Беларусь – шчаслівай і заможнай.

Вера ЗАЙЦАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавецтва, бясспрэчна, зрабіла самае найвялікшае вынаходніцтва тады, калі адкрыла пісьмо. Пісьменства стала магутным рухавіком чалавечай культуры. Менавіта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика