Міліцыя з задачамі спраўляецца. 21.by

Міліцыя з задачамі спраўляецца

29.01.2013 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У мінулую пятніцу адбылася прэс-канферэнцыя начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама палкоўніка міліцыі В.С. Сянько, прысвечаная вынікам работы міліцыі сталічнай вобласці за 2012 год. Асаблівую цікавасць мерапрыемства выклікала яшчэ і таму, што Віктар Сяргеевіч займае гэту пасаду нядаўна (з 11 кастрычніка мінулага года). Таму для журналістаў прэс-канферэнцыя была добрай нагодай пазнаёміцца з адной з ключавых фігур у праваахоўнай сістэме Беларусі.

  • Вынікамі задаволены

Па словах В.С. Сянько, летась узровень злачыннасці ў Мінскай вобласці знізіўся прыкладна на чвэрць. На тэрыторыі абслугоўвання большасці раённых аддзелаў унутраных спраў адзначалася зніжэнне колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку (у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх).
Дзякуючы вялікай прафілактычнай рабоце колькасць зафіксаваных выпадкаў крадзяжоў транспартных сродкаў у параўнанні з паказчыкамі 2011 года зменшылася з 72 да 53, махлярства – з 323 да 158, хуліганскіх дзеянняў – з 710 да 264. На тэрыторыі ўсіх раёнаў вобласці адзначана зніжэнне колькасці крадзяжоў маёмасці грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. Летась былі раскрыты ўсе выпадкі згвалтавання і прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Але, на жаль, застаюцца праблемы з прафілактыкай рэцыдыўнай злачыннасці.

  • Галоўнае – працаўладкаванне

— Больш за палову злачынстваў, якія фіксуюцца на тэрыторыі Мінскай вобласці, учыняюцца раней судзімымі асобамі, — адзначыў Віктар Сяргеевіч. – Тут галоўная задача міліцыі – дапамагчы ў працаўладкаванні гэтых грамадзян. Калі ў чалавека будзе легальны даход, навошта яму красці або займацца махлярствам?
Накіраванне ў лячэбнапрацоўныя прафілакторыі В.С. Сянько лічыць крайняй мерай. Адным з кірункаў па зніжэнні рэцыдыўнай злачыннасці, на яго думку, павінна стаць дэзалкагалізацыя насельніцтва і барацьба з распаўсюджаннем наркотыкаў.

  • Не караць, а лячыць

Віктар Сяргеевіч падкрэсліў, што большая частка правапарушэнняў у Мінскай вобласці ўчыняецца асобамі ў стане алкагольнага ап’янення. І гэта нягледзячы на меры, якія прымаюцца для спынення распаўсюджання нелегальнага алкаголю. Так, летась супрацоўнікі МУС Міншчыны выявілі 2910 выпадкаў парушэнняў алкагольнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь, знішчылі 655 самагонных апаратаў і міні-заводаў па вытворчасці самагону, канфіскавалі больш за 7,7 тысячы літраў «сівухі» і каля 215 тон брагі.
Але станоўчыя зрухі ў барацьбе з п’янствам усё ж ёсць. У якасці прыкладу В.С. Сянько прывёў вынікі эксперыменту па забароне продажу танных пладова-ягадных він, што праводзіўся ў шэрагу раёнаў Міншчыны. На яго думку, акрамя поўнага спынення выпуску «чарнілаў», неабходна таксама абмежаваць час продажу алкагольных напіткаў з 10.00 да 22.00.
— Нарка- і алкагольназалежныя — гэта хворыя людзі, і іх трэба лячыць, — адзначыў начальнік міліцыі Мінскай вобласці. – А вось у адносінах да асоб, якія распаўсюджваюць наркотыкі або займаюцца самагонаварэннем, меры пакарання павінны быць больш жорсткімі.

  • Даехаць без прыгод

Шмат пытанняў на прэс-канферэнцыі тычыліся аварыйнасці на дарогах Міншчыны.
Па словах В.С. Сянько, прыкладна 23 працэнты ДТЗ, якія фіксуюцца ў Беларусі, прыпадаюць на цэнтральны рэгіён. Гэта абумоўлена геаграфічнымі асаблівасцямі Мінскай вобласці. Менавіта па яе тэрыторыі пралягаюць найбуйнейшыя аўтадарогі рэспублікі. Летась падраздзяленні ДАІ Міншчыны выявілі амаль 450 тысяч парушэнняў правілаў дарожнага руху (у 2011 годзе — 345 тысяч). Вялікая прафілактычная работа дазволіла знізіць узровень дзіцячага траўматызму на дарогах. Колькасць загінуўшых і пацярпелых у ДТЗ летась таксама зменшылася.
У плане прафілактыкі добра сябе зарэкамендавалі часовыя і стацыянарныя камеры аўтаматычнай фіксацыі парушэнняў хуткаснага рэжыму. З чэрвеня мінулага года, калі гэта абсталяванне стала прымяняцца, на галоўных магістралях Мінскай вобласці было выяўлена больш за 120 тысяч «ліхачоў».
— Для папярэджання ДТЗ адных толькі карных мер не дастаткова, — падкрэсліў В.С. Сянько. – Важна, каб якасць беларускіх дарог набліжалася да еўрапейскіх стандартаў, каб павышалася дысцыпліна вадзіцеляў і пешаходаў.
Што тычыцца некарэктнай паркоўкі аўтамабіляў у зімовы перыяд, калі транспартныя сродкі ствараюць перашкоды рабоце камунальных службаў, начальнік УУС Мінскага аблвыканкама лічыць немэтазгодным больш жорстка караць вадзіцеляў-парушальнікаў.
— Штрафы, а таксама тарыфы за штрафстаянку сёння і так вялікія, — адзначыў Віктар Сяргеевіч. – Каб вырашыць праблему, важна данесці да кожнага вадзіцеля, у якую суму яму абыдзецца парушэнне. Тады нікога на давядзецца ўгаворваць узяцца за рыдлёўку або перагнаць машыну на спецыяльна прызначанае для паркоўкі месца.

  • Кадры і давер вырашаюць усё

В.С. Сянько закрануў і тэму рэформы МУС Рэспублікі Беларусь. Па яго словах, цяпер на разглядзе ў Кіраўніка дзяржавы знаходзяцца прапановы аб удасканаленні работы міліцыі. Сярод іншага прапануецца, напрыклад, стварэнне адміністрацыйных участкаў, якія б ахоплівалі тэрыторыю некалькіх сельсаветаў, скасаванне шэрагу функцый, якія сёння супрацоўнікі міліцыі вымушаны выконваць (прымусовая дастаўка грамадзян у падатковыя і іншыя дзяржаўныя органы і г.д.).
Што тычыцца кадравага пытання, то для УУС Мінскага аблвыканкама галоўнае – якасць падрыхтоўкі маладых супрацоўнікаў. Ва ўнутраныя органы ў першую чаргу бяруць тых, хто прайшоў службу ў арміі. Для 40 працэнтаў міліцыянераў, якія не служылі, ствараюцца ўмовы па іх эфектыўным навучанні. Сёння, дзякуючы пазіцыі старшыні аблвыканкама Барыса Васільевіча Батуры, праблем з жыллём для ўчастковых у сельскай мясцовасці няма.
Напрыканцы Віктар Сяргеевіч Сянько адзначыў, што міліцыя разлічвае на дапамогу грамадзян у барацьбе са злачынствамі і правапарушэннямі і звяртаецца з просьбай паведамляць аб фактах супрацьпраўных дзеянняў па тэлефоне 102.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота АЎТАРА.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулую пятніцу адбылася прэс-канферэнцыя начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага аблвыканкама палкоўніка міліцыі В.С. Сянько, прысвечаная вынікам...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика