Не цурацца дапамогі. 21.by

Не цурацца дапамогі

06.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па стане на першага лютага ў нашым раёне ў сацыяльна-небяспечным становішчы знаходзілася семдзесят восем непаўналетніх з сарака пяці сем’яў.

Для кантролю сітуацыі рэгулярна праводзяцца рэйды, у якіх задзейнічаны ўсе міжведамасныя службы: тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, упраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама, спецыялісты раённых аддзела па надзвычайных сітуацыях, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, БРСМ, прадстаўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра. У некаторых выпадках да рэйду далучаецца тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, які дапамагае скласці меню, якое адпавядае ўзросту дзяцей.
Акрамя сем’яў, якiя знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, гэтыя спецыялісты наведваюць татаў і матуль, якія пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да старэйшых дзяцей, але выхоўваюць малодшых. Таксама рэагуюць на першасную інфармацыю аб сямейнай неблаганадзейнасці, якая паступае ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, правяраюць умовы, у якіх выхоўваюцца дзеці.
Я еду ў рэйд упершыню і дрэнна ўяўляю, чаго ад яго чакаць. Аўтаматычна чакаю чагосьці непрыемнага альбо страшнага. І здзіўляюся. З вуліцы практычна немагчыма вызначыць, менавіта які дом неабходна наведаць. Акуратныя пабудовы, у дворыках на нацягнутых вяроўках сушыцца бялізна і адзенне, у кагосьці брэша сабака. Звычайныя сем’і. Але за гэтым знешнім бокам хаваюцца крытэрыі сацыяльна-небяспечнага становішча — неналежнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, алкагольная залежнасць, парушэнні правілаў пажарнай бяспекі.
Пытанне пажарнай бяспекі паўстае ўжо ў першай сям’і. Раней у неналежным стане там была печ, але праблему ўжо ўхілілі. І, аказваецца, яна была адной з бед. Жанчыне патрэбна аперацыя, пасля якой урачы не даюць стопрацэнтнай гарантыі на выздараўленне. Пра сваю праблему яна распавядае ахвотна, але здаецца, што адчувае няёмкасць — як чалавек, які не прывык скардзіцца, але якому неабходна з кімсьці падзяліцца. Акрамя брашур ад прадстаўнікоў рэйду, яна атрымлівае і тэлефоны спецыялістаў, да якіх можна звярнуцца па дапамогу: юрыста і псіхолага.
У кожнай сям’і — стандартны пералік пытанняў: ці хапае прадуктаў харчавання, ці не патрэбна псіхалагічная або юрыдычная дапамога?
У адной з сем’яў убачылі на халадзільніку парад бонсцікаў з апошняй калекцыі і боршч на пліце — пытанне аб прадуктах адпадае само сабой.
Ад гуманітарнай дапамогі часцей адмаўляюцца. Пры гэтым адчуваецца няёмкасць. Толькі адна маладая жанчына настроена рашуча — усяго хапае.
Звычайна ў сем’ях кажуць, што рэйд недарэчы. Хтосьці захварэў і не паспеў прыбрацца, у кагосьці, наадварот, грандыёзная ўборка ў разгары. Нехта нервуецца і больш маўчыць, нехта з гатоўнасцю запрашае ў дом і бойка распавядае пра поспехі, хтосьці выказвае прэтэнзіі.
У сацыяльна-небяспечным становішчы дзеці могуць знаходзіцца паўгода — гэта час, які даецца сям’і, каб разабрацца з праблемамі і выйсці з цяжкай жыццёвай сітуацыі. Але калі яна пагаршаецца, то можна падаваць хадайніцтва аб прызнанні дзiцяцi маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Апошняй наведваем сям’ю, у якой дзяцей ужо забралі, і цяпер маці чакае пасяджэння камісіі, дзе будзе разгледжана пытанне аб іх вяртанні. Дзверы ў дом зачынены знутры, на званок ніхто не адказвае. Адкрываюць толькі ў самы апошні момант.
— Не хачу, каб хадзілі пабочныя асобы, — паведамляе жанчына, зразумела, што гасцям тут зусім не рады.
У доме холадна. Сама маці — у тонкім хатнім адзенні, кажа, што не мерзне. На заўвагу запэўнівае, што дровы ўжо замовіла, павінны хутка прывезці, і да вяртання дзяцей у хаце будзе цёпла. Пры гэтым у кватэры парадак, у дзіцячай у шэраг стаяць цацкі.
Ёсць сем’і, якія, пакуль знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, стараюцца трымаць сябе ў руках, кантраляваць сітуацыю ў доме. Але пасля таго, як іх здымаюць з уліку, усё пачынаецца нанава. Спрацоўвае той фактар, што іх пастаянна кантралююць і праводзяць гутаркі, выклікаюць на мерапрыемствы, да таго ж, прысутнічае рызыка, што могуць забраць дзяцей.
Але ўвага спецыялістаў да сям’і — магчымасць падзяліцца праблемамі, спытаць парады і звярнуцца па дапамогу.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Матэрыял падрыхтаваны
пры дапамозе спецыялістаў
ДУА «Мядзельскі раённы
сацыяльна-педагагічны цэнтр».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па стане на першага лютага ў нашым раёне ў сацыяльна-небяспечным становішчы знаходзілася семдзесят восем непаўналетніх з сарака пяці сем’яў. Для кантролю...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика