«Моладзь — надзея Касцёла і грамадства». 21.by

«Моладзь — надзея Касцёла і грамадства»

09.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ЛІПЕНЬ, Будслаў, пілігрымка, фэст. Гэтыя словы дапаўняюць адно аднаго і аб’ядноўваюцца ў штосьці цэлае. Бо менавіта ў пачатку ліпеня з розных куточкаў нашай краіны, з вялікіх гарадоў і маленькіх вёсак, а таксама з-за мяжы, пераадольваючы сотні кіламетраў пешшу, на веласіпедах і аўтамабілях, прыбываюць вернікі ў Будслаў, каб аддаць пашану Маці Божай Будслаўскай, пакланіцца абразу Нябеснай Апякункі Беларусі. Фэсты заўсёды праходзяць велічна і ўзнёсла. Не выключэнне і сёлетні, які прайшоў пад дэвізам «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства». Адначасова адзначалася 20-годдзе каранацыі цудатворнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі папскімі каронамі.
У калонах пілігрымаў бачны дарослыя людзі, моладзь, дзеці. Адны крочылі дзень-два, другія — тыдзень і больш. Напрыклад, пілігрымка з Брэста рушыла ў дарогу 16 чэрвеня. 537 кіламетраў пад пякучым сонцам і праліўнымі дажджамі пераадолеў 271 чалавек. Менавіта брэстаўчане сталі рэкардсменамі па колькасці пройдзеных кіламетраў і адзінымі з Пінскай дыяцэзіі. Кожны крочыў са сваімі думкамі і інтэнцыямі, але ўсе ішлі, каб пакланіцца абразу Маці Божай, папрасіць у Яе Божай ласкі і заступніцтва.

І вось Будслаў. Крыжы велічнага Божага храма бачны здалёку. Гэта ўздымае настрой. Здаецца,
не было дарогі і стомы. Падарожнікі, пераадолеўшы шматлікія кіламетры, радасна спяваюць, ушаноўваюць Маці Божую.
Вітанне пілігрымак — адзін з цікавых момантаў фэсту. Па традыцыі кожную групу на парозе святыні сустракае кусташ санктуарыя айцец Віктар Бурлака. Не скупіцца ён на словы, каб вітаць стомленых, але радасных падарожнікаў, акрапляе іх асвечанай вадой і запрашае на доўгачаканую сустрэчу з нябеснай Заступніцай. «А сёлета, — усміхаецца кусташ, — і акрапляць не патрэбна: за мяне гэта зрабіў Сам Бог». Сапраўды, дождж, які ішоў у Будславе амаль усю нядзелю, прамачыў да ніткі кожнага пілігрыма, але не астудзіў гарачага імкнення як мага хутчэй сустрэцца з Ёй, да Якой крочылі, Якой неслі свае інтэнцыі.
Кожны пілігрым, які пераадолеў не адзін дзясятак кіламетраў, імкнецца ад уваходу ў святыню да цудоўнага абраза прайсці на каленях, каб выказаць Маці Божай асаблівую пашану. Жывы паток не спыняецца ні на хвіліну, але з-за вялікай колькасці вернікаў гэтыя некалькі дзясяткаў метраў іншы раз займаюць больш за гадзіну.

Пад золкай імжою каля гадзіны дня ў Нацыянальны санктуарый прыйшла першая пешая пілігрымка. Разам са сваім пробашчам ксяндзом-канонікам Дзмітрыем Барылам Маці Божую першымі прывіталі пілігрымы з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і святога Дамініка з вёскі Ракаў Валожынскага раёна. 95 чалавек пераадолелі 135 кіламетраў.
Адразу за імі разам з біскупам Аляксандрам Яшэўскім, біскупскім вікарыем для Магілёва і Магілёўскай вобласці, прыйшла пілігрымка з Барысава, удзельнікі якой, 106 чалавек, пераадолелі 115 кіламетраў. Змоклыя, але поўныя энтузіязму, радаснымі спевамі яны прывіталі Найсвяцейшую Маці
ў Яе будслаўскай святыні.
Адна за адной прыбывалі пілігрымкі. Расказаць пра кожную няма магчымасці, бо ўсяго прыбылі пешшу і на веласіпедах 2662 чалавекі. Чатыры пілігрымкі на шляху ў Будслаў прайшлі больш за 200 кіламетраў: з Брэста, Віцебска, Ліды, Росіцы. 270 кіламетраў праехала на веласіпедах пілігрымка з Баранавіч. 250 чалавек прыйшлі з Маладзечна, 221 — з Нарачы, 220 — з Глыбокага.
Асобнай пілігрымкай у Будслаў прыбылі вернікі на чале з ксяндзамі салезіянамі (Салезіянская пілігрымка Смаргонь — Будслаў). Хочацца сказаць пра сямейную пілігрымку, якую арганізоўвае беларуская суполка Маці Божай
сямейнага міжнароднага руху «Equipes Notre-Dame». Гэта пілігрымка крочыць з Пузыроў. У яе складзе сёлета было 65 сем’яў, альбо 234 чалавекі. Другі раз 19 чалавек пешшу прыйшлі з Бягомля. Сярод іх — людзі, якія пазбаўляюцца ад алкагольнай і наркатычнай залежнасцей. Узначаліў пілігрымку ксёндз Тадэвуш Кавальскі, душпастыр Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач» у Бягомлі. Уразіла і пакутная пілігрымка з Мінска, якую ўзначальваў пробашч Мінскага касцёла святых Сымона і Алены ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк. За чатыры дні 68 чалавек пераадолелі 126 кіламетраў. На працягу ўсяго шляху яны захоўвалі сціслы пост — ужывалі толькі хлеб і ваду.
На футболках, сцягах, хусцінках і бэйджыках удзельнікаў былі пазначаны Наваполацк, Браслаў, Паставы, Жодзіна, Барысаў, Гудагай, Вілейка, Бабруйск і іншыя населеныя пункты нашай краіны.

Перадаўшы свае інтэнцыі Маці Божай Будслаўскай, пілігрымы накіроўваюцца ў палатачны гарадок, каб абуладкавацца, пераапрануцца ў сухое адзенне, крыху адпачыць, падсілкавацца і зноў прыйсці да храма, дзе ў 18 гадзін распачнецца святая Імша.
Фэст у Будславе ніколі не абыходзіўся без кірмашу. Вось і сёлета, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, у парку, што насупраць святыні, і вакол яго размясціліся палаткі, дзе можна было купіць кнігу, ружанец, абраз, свечкі і многія іншыя рэчы. Непадалёку размясціліся палаткі палатынцаў, капуцынаў і валанцёраў «Карытас». Рэалізоўвалася прадукцыя з праваслаўных манастыроў і выдавецтваў (Праваслаўнай Царквы ад мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра). Прадставілі свае вырабы народныя майстры, прыватныя гандляры. Варта адзначыць, што на вышыні было Мядзельскае райПО. Праўда, з-за холаду адсутнічаў попыт на марожанае, напіткі, квас. А вось гарбата, кава, гарачыя беляшы і чабурэкі аказаліся вельмі дарэчы. Водарам напаўняў наваколле духмяны шашлык. Пчаляры прывезлі свежы мёд. Словам, набыць штосьці з прадуктаў харчавання, сувенір, цацку дзіцяці, духоўную літаратуру не складала праблем. Асаблівым попытам карысталіся плашчы-дажджавікі, шкарпэткі і гумовыя боты. Менавіта таму работнікам райПО давялося ў экстранным парадку падвозіць менавіта гэтыя тавары.
У васямнаццаць гадзін распачынаецца святая Імша для пілігрымаў. Праўда, набажэнства з-за дажджу давялося перанесці з плошчы ў сцены санктуарыя. Хаця храм і вялікі, але не змог умясціць усіх жадаючых. Вельмі многа людзей засталося на вуліцы. Аднак дзякуючы сучасным тэхналогіям яны маглі паўнавартасна ўдзельнічаць у Імшы, чуць і бачыць на вялікім экране ўсё, што адбываецца ў касцёле.
Святую Імшу для пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. «З усіх напрамкаў Беларусі, а таксама і з-за мяжы, нібы рачныя патокі, у Будслаў гадамі ішлі дзясяткі тысяч пілігрымаў, прапітваючы сваёй малітвай асяроддзе і запрашаючы ўсіх да Каралевы сем’яў — да абраза Маці Божай Будслаўскай. Мяркую, што дзякуючы вам — пілігрымам — шмат людзей абудзілася ад сну нявер’я», — адзначыў біскуп.

У гаміліі ён засяродзіў увагу на тэме распазнавання сябе і свайго паклікання. Іерарх нагадаў, што 2018 год у Касцёле ў Беларусі праходзіць пад дэвізам «Моладзь — надзея Касцёла і грамадства». «Любая моладзь, вы — будучыня Касцёла і грамадства. Дык будуйце ж яе разам з Хрыстом, нашым Збаўцам, і Марыяй, Каралевай Беларусі!» — дадаў ён.
Завяршыў святую Імшу спеў,
які быў напісаны спецыяльна да
20-годдзя каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Будслаўскай. Гэты спеў падрыхтаваў гурт »Ubi Caritas» з Івянца. Дадам, што ў Імшы для пілігрымаў, якую ўпрыгожваў спевамі гурт «Ave» Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прымалі ўдзел шматлікія святары, кансэкраваныя асобы, а таксама біскупы — прадстаўнікі кожнай дыяцэзіі.
Затым з удзелам хору Грэка-Каталіцкай Царквы адбылося набажэнства Акафісту, якое цэлебраваў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, Марыйныя Нешпары і іншыя малебны. А палове дванаццатай гадзіны ночы распачалася працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. Тысячы людзей — святары, сёстры законныя і верні-
кі — прайшлі вакол парку пад парасонамі, у плашчах-дажджавіках з засяроджанымі ў малітве, падсвечанымі дрыготкімі агеньчыкамі свечак тварамі. Пасля працэсіі цэлебрацыю Эўхарыстыі апоўначы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
— Касцёл у Беларусі як частка паўсюднага Касцёла заклапочаны маральным становішчам сучаснага чалавека і асабліва маладога пакалення і хоча яму дапамагчы. У гэтым пастырскім годзе, прысвечаным моладзі — надзеі Касцёла і грамадства, мы прыходзім да Божай Маці Будслаўскай, каб шукаць паратунку,— акрэсліў на пачатку сваёй гаміліі тэму сёлетняга будслаўскага фэсту архіпастар.
Ён зазначыў, што ў наш час вельмі моцна праяўляюцца тэндэнцыі будавання свету без Бога, а таму нам «патрэбна святло веры, каб вярнуцца да Творцы і жыць Яго праўдай, бо Бог не памёр, не пайшоў у адпачынак, а жыве і заўсёды дзейнічае».
— Дзе шукаць паратунку ў такой сітуацыі? — задаў Мітрапаліт рытарычнае пытанне. Адказ на яго, паводле слоў архібіскупа, дае Марыя.
— Як Каралева Беларусі Марыя прабывае з намі ў Будслаўскім абразе больш за 400 гадоў, каб умацоўваць нашу веру ў спрыяльныя і неспрыяльныя часы. Сёння мы прыходзім да нашай духоўнай Маці ў 20-годдзе каранацыі гэтага абраза папскімі каронамі, якое здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк,— сказаў архібіскуп.
Падводзячы выснову, архіпастар сказаў: «Калі мы будзем слухаць Езуса, да чаго заклікае нас Марыя, то станем удзельнікамі цуду перамянення, каб на евангельскіх каштоўнасцях будаваць нашу будучыню».
— Ці мы заўсёды хочам Бога? Ці Ён займае першае месца ў нашым жыцці? Ці імкнёмся мы да Яго і ці баронім Божы закон, як рабілі гэта нашы продкі ў часы ганенняў? — пацікавіўся прамоўца.
Крыху падумаўшы, архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў усіх:
— Перад абліччам Божай Маці Будслаўскай адкажам сёння на гэтыя пытанні воклічам: «Мы хочам Бога! Хочам, бо ў Ім наша надзея!»
У цэлебрацыі начной святой Імшы удзельнічаў таксама прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі Апостальскі Нунцый архібіскуп Габар Пінтэр. Ён прывітаў усіх прысутных і сказаў:
— Дарагія браты і сёстры! Ад імя Святога Айца, Папы Францішка, шчыра дзякую вам, дочкам і сынам Каралевы Беларусі, за прыклад веры, за сведчанне, якое даяце ўсяму свету, за любоў і вернасць Касцёлу і нашай Будслаўскай Маці. Жадаю вам, каб кожны дзень вашага жыцця быў напоўнены свядомасцю мацярынскай прысутнасці і абароны Марыі!
Імша закончылася, але храм не апусцеў. У дзве гадзіны ночы распачалася святая Імша грэка-каталіцкага абраду, затым — адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, Гадзінкі да Маці Божай і іншыя набажэнствы. У палатачным гарадку была наладжана маладзёжная праграма, падчас якой нястомная моладзь радасна праслаўляла Бога спевамі і танцамі.
У 6 гадзін святую Імшу перад абразом Маці Божай цэлебравалі айцы бернардзінцы, а палове дзявятай гадзіны — дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Затым адбыліся цікавыя прэзентацыі руху «Сужэнскія сустрэчы», перакладу Новага Запавету на беларускую мову. Перад прысутнымі выступілі рэдактары часопісаў «Дыялог», «Ave Maria». Галоўная святая Імша ўрачыстасці пачалася ў 11 гадзін. Літургію ўзначаліў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр.
— Я вельмі ўдзячны, што гэты санктуарый застаўся такім, якім і быў, і якім заўсёды павінен быць: месцам веры і малітвы, месцам аднаўлення, пакаяння, месцам святочных літургій, месцам, дзе мы перажываем Касцёл як мацярынскую супольнасць, якая нас падтрымлівае, месцам сустрэчы, месцам гасціннасці,— зазначыў прадстаўнік Папы. — Усім вам перадаю прывітанне Святога Айца Францішка, які добра ведае вашу жывую веру і любоў да нашай нябеснай Маці Марыі.
На ўрачыстасці прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычных місій у Беларусі, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая, раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка, раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка і іншыя афіцыйныя асобы.
Звяртаючыся да прысутных, Наталля Віктараўна шчыра прывітала іх на гасціннай Мядзельскай зямлі.
— Сёння Будслаў прымае тысячы пілігрымаў, якія прыйшлі з розных куточкаў Беларусі, а таксама з краін блізкага і далёкага замежжа. У гэтыя ліпеньскія дні наша краіна адзначае два важныя дзяржаўныя святы: Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І вельмі сімвалічна, што менавіта зараз праходзіць яшчэ адно светлае свята у гонар цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, — падкрэсліла Наталля Якубіцкая. — Вялікая заслуга ў духоўным адраджэнні святыні належыць Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ваша высокапраасвяшчэнства (звяртаецца да архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча — аўт.), прыміце шчырыя віншаванні са святам. Архідыяцэзія ўнесла вялікі ўклад у духоўнае адраджэнне нашага грамадства, нашай моладзі, ва ўмацаванне дружбы і ўзаемаразумення паміж людзьмі. Жадаю ўсім міру, дабрыні, здароўя і дастатку.
На заканчэнне ўрачыстасці архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаў шчырая словы падзякі ўсім тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення гэтай урачыстасці, і ў першую чаргу — кусташу санктуарыя Віктару Бурлаку і яго камандзе, валанцёрам, скаўтам, дзяржаўным уладам, службам парадку, прадстаўнікам мас-медыя, святарам, дыяканам, кансэкраваным асобам, пілігрымам. Асаблівыя словы падзякі былі скіраваны літургічнай службе алтара, хорам, спевы якіх упрыгожвалі службы, выдавецтвам, якія прадставілі духоўную літаратуру. Не забыўся арцыбіскуп выказаць падзяку кіраўніцтву Беларускай чыгункі за арганізацыю дадатковага цягніка з Маладзечна ў Будслаў. Словы ўдзячнасці адрасаваў Тадэвуш Кандрусевіч архімандрыту Сяргею Гаеку, беларускім біскупам, якія прымалі ўдзел ва ўрачыстасцях, прадстаўніку Папы Францішка ў нашай краіне Апостальскаму Нунцыю Габару Пінтэру.
— Перадайце Святому Айцу, што Касцёл на Беларусі жыве і чакае Папу, — звярнуўся прамоўца да Габара Пінтэра.
Вось і закончыўся фэст. Развітальна махаючы рукамі, людзі пакідалі аграгарадок, каб зноўку жыць чаканнем сустрэчы, якая абавязкова адбудзецца праз год.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЛІПЕНЬ, Будслаў, пілігрымка, фэст. Гэтыя словы дапаўняюць адно аднаго і аб’ядноўваюцца ў штосьці цэлае. Бо менавіта ў пачатку ліпеня з розных куточкаў нашай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика