З вясны да восені кветкі-краскі радуюць. 21.by

З вясны да восені кветкі-краскі радуюць

19.07.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

“Нарэшце з’явіўся ў мяне час, каб заняцца любімай справай”, – шчыра гаворыць Галіна Сцяпанаўна Акуліч. З мінулай восені яна на заслужаным адпачынку. Пайшла ў адстаўку, сумленна адпрацаваўшы старшынёй Жабінкаўскага сельвыканкама без малога 20 гадоў якраз з моманту яго ўтварэння. Пастаянна жыла клопатамі людзей, іх праблемамі, па магчымасці старалася іх вырашаць. Насычаны рабочы графік, пастаянная загружанасць не дазвалялі як след упраўляцца з тым жа гародам, кветнікамі, што ля дома. Добра, што дочкі Наташа з Алёнай не цураюцца працы на зямлі, дый муж Аляксей Ільіч гаспадарскі чалавек.
…А цяпер (якое шчасце!) яна дома і можа няспешна займацца хатнімі справамі. Дык якая ж з іх любімая, пра якую абмовілася Галіна Сцяпанаўна? Падабаецца ёй вырошчваць кветкі. На ўласным падворку Акулічаў іх вялікае мноства, яны з ранняй вясны да позняй восені радуюць сваімі яркімі колерамі. Спачатку зацвітаюць цюльпаны, крокусы, рабчыкі, потым півоні, касачы (ірысы), лілейныя, ружы, флёксы… Ды хіба пералічыш усе? Але любімай кветкай Галіна Сцяпанаўна называе лілею. З дзясятак сабрала іх у сябе самых розных. А ўбачыць іншую кветку – “загарыцца”, каб завесці ў сябе.
“Заўтра збіраемся з мужам у Брэст, – расказвае, – зазірнём на рынак. Абавязкова пагляджу кветкі. Хоць галінку куплю. Хіба прайду міма новай прыгажосці? Няхай і на маёй клумбе такая расце. Тым больш, наступны дзень спрыяльны для пасадкі раслін”.
І старэйшая дачка Наталля таксама любіць разводзіць кветкі. Прывезла з Галандыі цыбулькі кроку-
саў і цюльпанаў. Апошнія махровыя, не надта распаўсюджаныя на нашых кветніках.
Галіна Сцяпанаўна не аграном, на ўласным вопыце навучылася, як даглядаць кветкі. “Як толькі снег сыдзе, – кажа, – пачынаю тупаць вакол іх”. Абавязкова падкормлівае фосфарнымі і азотнымі тукамі, дае гной.
Ля клумб “выраслі” грыбы. Гаспадыня сама іх вырабіла з газасілікатных блокаў, пафарбавала, а парасончык, у якім выдатна размяшчаюцца петуніі, змайстраваў яе муж. Вось і атрымаўся ля хаты райскі куточак. Залюбуешся!
Як старшыня сельсавета Галіна Акуліч шмат увагі надавала пытанням добраўпарадкавання. У тым ліку і асабістым прыкладам паказвала, якім павінен быць уласны падворак у дбайных гаспадароў. Неяк завітаў у сельсавет журналіст з рэспубліканскай газеты “Белорусская нива” Мікола Панасюк, каб расказаць на яе старонках, як на Жабінкаўшчыне наводзяць парадак на зямлі, як вяскоўцы ўладкоўваюць свае прысядзібныя ўчасткі. Ён убачыў шмат такіх, дзе можна цудоўна адпачываць і працаваць усёй сям’ёй, радавацца кожнаму дню і, між іншым, адзначыў, што і на падворку Акуліч таксама прыгажосць і камфорт.
Галіна Сцяпанаўна ўдзячна жыхарам сельсавета, якія ёй дапамагалі ў яе пачынаннях, падтрымлівалі, прыслухоўваліся. А час у два дзясяткі гадоў праляцеў няўмольна хутка… І цяпер яе роднае Сцяброва ўжо і не вёска, а з мінулага года частка тэрыторыі горада Жабінка. Засталася толькі назва ў вуліцы – Сцяброўская, на якой жыве Галіна Акуліч.
…Ідзем з Галінай Сцяпанаўнай па вуліцы і з задавальненнем глядзім на дамы, якія дзякуючы гаспадарам (у тым ліку новым альбо нашчадкам) пасля рамонту атрымліваюць другое жыццё. Ля кожнага – добраўпарадкаваны дворык з кветкамі, дэкаратыўнымі раслінамі, ля некаторых – альтанкі. “Цяпер ужо рэдка ўбачыш пад вокнамі дома градкі з памідорамі ці радкі бульбы, – заўважае мая суразмоўніца, – і, напэўна, гэта правільна. Кветнікі ў двары павінны сустракаць і гаспадароў, і гасцей”.
Галіна Сцяпанаўна згадвае сцяброўскіх гаспадароў, у якіх на падворках заўсёды парадак: Юрый Міхайлавіч Касцючык, Вольга Іванаўна Царкова, Яўгенія Мікалаеўна Зайко, Тамара Макараўна Карпук. Спіс гэты, кажа, можна прадоўжыць.
…Насустрач выходзіць якраз Тамара Макараўна і запрашае паглядзець, якая прыгажосць у яе двары. Не адарваць вачэй ад ружаў, лілей, гераняў… Ёй, былой настаўніцы біялогіі, якая адказвала за прышкольны ўчастак, займацца з раслінамі звыкла, не ў навіну. Але, як гаворыць, падтрымку і словам, і справай заўжды знаходзіць у мужа. А калі блізкія дапамагаюць, любая справа спорыцца.
Камфортна пасядзець у альтанцы ці на ганку, палюбавацца кветкамі, удыхнуць напоўніцу іх водар і сказаць: “Як хораша! Усю гэтую прыгажосць стварыла мая сям’я, мы ўсе разам”.
На здымках: на падворку Г.С. Акуліч прыгажосць і камфорт; не адарваць вачэй ад кветак у двары Т.М. Карпук.

Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  “Нарэшце з’явіўся ў мяне час, каб заняцца любімай справай”, – шчыра гаворыць Галіна Сцяпанаўна Акуліч. З мінулай восені яна на заслужаным адпачынку. Пайшла ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика