Сяргей Шыман — прафесіянал сваёй справы. 21.by

Сяргей Шыман — прафесіянал сваёй справы

20.03.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

931
На Шаркаўшчынскі ўчастак электрасувязі Сяргей Іванавіч Шыман прыйшоў працаваць 35 год назад. Лета 1983 года стала для яго зыходнай кропкай у прафесіі: менавіта ў гэты перыяд у яго працоўнай кніжцы з’явіўся запіс “электраманцёр Шаркаўшчынскага цэха Глыбоцкага эксплуатацыйна-тэхнічнага вузла сувязі”. Колькасць такіх запісаў у наступныя гады паступова павялічвалася: некаторы перыяд ён з’яўляўся кабельшчыкам-спайшчыкам, а з верасня 2018 года і па сённяшні дзень займае адказную пасаду электрамеханіка лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад на Шаркаўшчынскім участку электрасувязі. Пры гэтым толькі ў якасці электраманцёра мужчына адпрацаваў у арганізацыі на працягу 26 гадоў.

— Сяргей Шыман з ліку тых супрацоўнікаў, на якіх можна палажыцца і смела даверыць любое адказнае заданне, — расказаў вядучы інжынер лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад  Сяргей Яўгенавіч Янчык. — Гэта вопытны кабельшчык і электраманцёр, які дасканала ведае ўсе пракладзеныя на нашым участку кабельныя лініі сувязі, а таму да яго часта звяртаюцца па дапамогу нашы электраманцёры падчас сваёй штодзённай працы. А ў дзень прыходу карэспандэнта Сяргей Іванавіч працаваў з дакументамі, праводзіў паспартызацыю кабельных ліній сувязі, што праходзяць праз Шаркаўшчынскі ўчастак, бо ўся сістэма падлягае строгаму ўліку. З’яўляючыся электрамеханікам лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад, Сяргей Іванавіч супрацоўнічае з іншымі арганізацыямі і службамі, што ажыццяўляюць работы на ўчастках, дзе пралягаюць кабельныя лініі, кантралюе бяспечны працэс іх работы і нясе асабістую адказнасць за тое, каб пракладзеныя сувязістамі кабелі не былі пашкоджаны і ўся сістэма працавала безаварыйна.

Сёння складана ўявіць наша жыццё без інтэрнету, тэлефона, інтэрактыўнага тэлебачання. Усе гэтыя паслугі аказвае насельніцтву Шаркаўшчынскі ўчастак электрасувязі Глыбоцкага ЗУЭС Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”. Пры гэтым работа ў названай арганізацыі прадугледжвае пастаяннае развіццё, бо ў галіну паскоранымі тэмпамі ўкараняюцца новыя тэхналогіі, удасканальваюцца паслугі. Таму і ўсе супрацоўнікі павінны ісці ў нагу з часам, быць у курсе ўсіх інфармацыйных навінак. Пры гэтым, як і любой іншай арганізацыі, Шаркаўшчынскаму ўчастку электрасувязі не абысціся без сваіх самых вопытных работнікаў —  прафесіяналаў высокага класа, такіх як Сяргей Іванавіч Шыман. Бо доўгі шлях паспяховага развіцця Шаркаўшчынскага ўчастка электрасувязі — гэта і яго жыццёвы шлях таксама, у якім гарманічна перапляліся як працоўныя дасягненні, так і падзеі асабістага жыцця.

Ужо шмат гадоў Сяргей Іванавіч разам з сям’ёй пражывае ў Шаркаўшчыне. Разам з жонкай Галінай Генадзьеўнай, з якой разам амаль 40 гадоў, выхавалі траіх дзяцей. Зараз усе яны ўжо дарослыя. Старэйшы сын Аляксандр жыве і працуе ў Віцебску і займае адну з кіруючых пасад у сферы гандлю. Другі сын Міхаіл пражывае ў Барысаве і працуе на дрэваапрацоўчым камбінаце. Малодшая дачка Таццяна, як і яе старэйшы брат, пражывае ў Віцебску і пакуль што знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, выхоўвае дзвюх дачок. Малодшае пакаленне ў сям’і Шыманаў прадстаўляюць тры гарэзлівыя дзяўчынкі, унучкі Сяргея Іванавіча і Галіны Генадзьеўны — Даша, Ксюша і  Марыя.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика