50 заўтра ці 450 сёння? - або таямніцы жыцця маладога горада, які сталее на вачах. 21.by

50 заўтра ці 450 сёння? - або таямніцы жыцця маладога горада, які сталее на вачах

20.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Раскопкі ў горадзе "энергетыкаў, хімікаў, будаўнікоў, горадзе юнацтва" пачаліся ў 2007 годзе, пасля таго, як, па словах сталічнага прафесара Сяргея Расадзіна, яго амаль што хітрасцю выманілі ў Светлагорск мясцовыя краязнаўцы, якія даўно хацелі атрымаць навуковыя пацвярджэнні таго, што горад над Бярэзінай можна паставіць у шэраг са старажытнымі славутасцямі Беларусі. Гэта жанчына можа дазволіць сабе "забыць", колькі ёй гадоў насамрэч, а горад павінен ганарыцца мінулым, няхай і драматычным... Тым больш, калі працягваць параўнанне, горад, як мужчыну шрамы, гады толькі ўпрыгожваюць. Справа толькі за доказамі.

Сапраўдны археолаг капае і ў архівах

Летам доктар навук разам з паплечнікамі перакопвае рыдлёўкамі зямлю і літаральна праз сіта прасейвае пясок, выбіраючы ў ім нейкія незразумелыя звычайнаму чалавеку чарапкі ды шкляначкі. Зімой ён з той жа руплівасцю капаецца ў архіўных паперах і дыхае сапраўдным пылам стагоддзяў. І не часта, але знаходзіць паперы — сапраўдныя жамчужыны гісторыі. Яны не ззяюць нібыта зоркі і адкрываюцца далёка не кожнаму, без перакладу іх часам і не зразумееш. Але ж для нас з вамі перакладам з мовы гісторыі займаецца доктар гістарычных навук і прафесар гісторыі кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, член Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей Расадзін...

Вядома, на наступны, 2011 год, запланавана святкаванне юбілею — 50-годдзя заснавання Светлагорска. Толькі ці заснавання? Вось дакумент, выдадзены ў савецкую эпоху, — Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 29 ліпеня 1961 года. У ім такая фармулёўка: "О преобразовании городского поселка Шатилки в город районного подчинения и переименовании Паричского района Гомельской области". "Преобразовать городской поселок Шатилки Паричского района Гомельской области в город районного подчинения, присвоив ему наименование — город Светлогорск. Паричский район Гомельской области переименовать в Светлогорский район. Председатель Президиума Верховного Совета БССР В. Козлов. Секретарь Президиума Верховного Совета БССР Д. Лукашевич".

Нікому не вядома, пра што думалі чыноўнікі, якія фармулявалі гэты дакумент 50 гадоў таму, але ж гісторыкамі ён сёння трактуецца літаральна — і ключавыя словы тут "о преобразовании... и переименовании". А не аб заснаванні, як лічаць тыя, хто хацеў бы выкрасліць старажытную гісторыю Светлагорска. Гэта значыць, лічыць прафесар Расадзін, што прамы папярэднік сучаснага горада існаваў і да факта перайменавання ў 1961 годзе.

— Зразумела, што, напрыклад, для Санкт-Пецярбурга, былога Ленінграда-Петраграда, адных правілаў, а для Шацілак, потым Светлагорска, іншых — існаваць не можа. Такім чынам, указ ад 29.07.1961 проста засведчыў на заканадаўчым узроўні, што Светлагорск і Шацілкі — юрыдычна адно і тое ж. Такім чынам, узрост Светлагорска павінен адлічвацца ад узнікнення Шацілак. Увогуле, гэта зрабілася зразумелым ужо даволі даўно: ва ўзрост гэтага сучаснага горада ўваходзіць і ўзрост Шацілак, — гарадскога пасёлка, мястэчка, а яшчэ раней проста каралеўскага сяла... Пры гэтым зразумела, што dе fаktо цяперашні прамысловы Светлагорск бярэ свой пачатак ад буйных прадпрыемстваў, заснаваных тут напрыканцы 1950-х гг. Гэта была вельмі значная, аднак усяго толькі веха ў ягонай біяграфіі. Увогуле, гэтакі этап індустрыялізацыі мае ў сваёй гісторыі ці не кожны сучасны горад Беларусі. Прынамсі, у фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь быў знойдзены прывілей (даравальная грамата) ад 15 чэрвеня 1560 года за подпісам Жыгімонта ІІ Аўгуста, караля Польскага і Вялікага князя Літоўскага. У ім гаварылася, што маёнтак "Востраў Шацілінскі", на гары, на тракце Горвальскім, на рацэ Бярэзіна ў Рэчыцкай воласці, пасля смерці папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаецца новаму ўладальніку Ждану Манкевічу ў пажыццёвае ўладанне з абавязковым выкананнем вайсковай службы. Ну а паколькі і раскопкі пацвердзілі існаванне значнага паселішча на поўдні Светлагорска, пацвярджаецца і тое, што сёлета гораду спаўняецца ні многа ні мала — 450 гадоў.

Светлагорск = Шацілкі?

Горад ці паселішча? Пасынак ці нашчадак? Яшчэ адну папяровую "малекулу ДНК" сваяцкіх сувязяў Светлагорска з Шацілкамі накапаў прафесар Сяргей Расадзін у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь: "Материал обследования Шатиловского национального еврейско-польского Совета Паричского района Бобруйского округа", датаваны 3-м студзеня 1927 г.:

— "Сельсовет, — гаворыцца ў ім, — объединяет 6 населённых пунктов..." Пэўная частка Шацілак была населеная тады выключна яўрэямі, што займаліся пераважна гандлем. Яно ўяўляла сабой, такім чынам, тыповае мястэчка. Фактычна з ім злілася другая частка, "в которой проживает исключительно польское население, занимающееся сельским хозяйством, которая носит название Околицы — Шатилки". Рэч у тым, што "околица" ці, па-польску, оkоlіса, — гэта менавіта шляхецкае паселішча, а не ўскрай вёскі, як звычайна разумеюць сёння. Гэта падкрэсліваў, у прыватнасці, і знакаміты расійскі літаратар, беларускі шляхціч па паходжанні, Ф.В. Булгарын у сваіх "Успамінах". Пра тое ж гаворыць і даследчык, які таксама паходзіў з нашай шляхты, А.К. Кіркор у кнізе "Народности Литовского Полесья и их жизнь": "Есть околицы, в которых почти все живущие носят одну и ту же фамилию". У аколіцах Шацілак такім прозвішчам было Mаnkіеwісz — Манкевіч.

Яшчэ на адным дакуменце самага пачатку ХІХ стагоддзя засяроджвае ўвагу прафесар Расадзін. Ён мае назву "Дело Минского Дворянского Депутатского Собрания о дворянском происхождении рода Монкевичей. Первоначальные определения Депутат. Собрания".

— Сутнасць у тым, што ў гэтым азначэнні, якое атрымала тады "Фамилия Монкевичов герба Любич", упершыню і насуперак згаданаму вышэй прывілею Жыгімонта ІІ Аўгуста ад 15 чэрвеня 1560 года гаворка ідзе не пра адзін, а пра цэлых два маёнткі: нейкія "Остров и Шатилки". Такім чынам, высветлілася, што гэтыя адмысловыя рускамоўныя назвы, замест ужытай яшчэ ў 1798 г. польскамоўнай — "Оstrow Szаtуlіnskі", — з'явіліся не раней чым на пачатку ХІХ ст., — мусіць, у выніку кепскага перакладу. Аднак назва "Остров и Шатилки", ці "Шацилки и Остров" — гэта не толькі пэўны храналагічны маркер, але і згадка пра тое, які менавіта дакумент паказвалі шацілкаўскія Манкевічы ўжо на пачатку ХХ ст. І цяпер па інтэрнэце гуляе сцвярджэнне, што гэта была нібыта грамата, атрыманая іх продкам аж ад кракаўскага князя Лешака Бялага яшчэ ў 1199 г. Аднак наяўнасць у ім згаданай памылковай падвоенай назвы адназначна сведчыць, што гэты таямнічы дакумент, што зацікавіў аж папярэдніка беларускай Акадэміі навук, славуты Інбелкульт, датаваўся зусім не канцом ХІІ, а ўсяго толькі пачаткам ХІХ стагоддзя. Гэта была, зразумела, не больш чым копія са згаданага "Определения" Мінскага дваранскага сходу, выдадзеная на рукі не надта аддаленым продкам мясцовых Манкевічаў.

Дарэчы, дакументальныя крыніцы праліваюць святло на сацыяльны статус як паноў Манкевічаў, так і іх папярэдніка Рамана Шацілы. Гэта былі зусім не магнаты, а чыншавая шляхта, якая здабывала сабе хлеб самай звычайнай сялянскай працай. Прафесар Расадзін спасылаецца яшчэ на адзін цікавы дакумент.

— У адным з інвентароў Бабруйскага староства, складзеным напрыканцы ХVІІ ст., згадваецца "Sіоlо Szасіlоwісzе nаd Rzеka Bеrеzуnа". У ім, апрача мясцовых сялян, фігуруе таксама і пан Амяльян Манкевіч, які, як і гэтыя сяляне, таксама арандаваў казённую зямлю — трэць валокі, ці каля 7 га, і плаціў за гэта 30 злотых чыншу. "Чынш" (ад лацінскага сеnsus, "перапіс"), паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., — гэта натуральныя ці грашовыя плацяжы феадальна-залежнага сялянства на карысць землеўласнікаў. Ждан Манкевіч, а перад ім Раман Шаціла, вызваляліся ад усіх выплат і павіннасцяў, апрача "Sluzbу Kоnnоіе wоіеnnуіе zаrownо z druhіmі Bоіаrу Nаszуmі Hоsроdаrskіmі". Аднак гэтыя паны "зямяне", ці шляхцюкі, зусім не былі нейкімі феадаламі і эксплуататарамі, хоць бы таму, што разам з усімі астатнімі шацілкаўцамі, абраблялі зямлю ўласнаручна, ды яшчэ плацілі за гэта чынш. Крыху заможнейшыя за сярэдніх сялян, каралеўскія "баяры", уладальнікі Шацілінскага Вострава, гэтак жа аралі сваё поле, палявалі, лавілі рыбу, бортнічалі, але заставаліся пры тым абаронцамі Айчыны, нашымі беларускімі ідальга ці самураямі...

Такім чынам, ад самага пачатку гісторыі Шацілак (а, значыць, і сучаснага Светлагорска) дакументальна фіксуецца, можна сказаць, як этнаканфесійная, так і сацыяльна-маёмасная аднастайнасць.

Праслачка ХІІІ стагоддзя і яўрэйскі савівон

Пісьмовыя звесткі аб гістарычных пачатках Шацілак-Светлагорска дзякуючы археалогіі атрымліваюць усё больш доказаў матэрыяльных. Пры гэтым, сцвярджае доктар навук Расадзін, на сядзібе Шацілінскі Востраў выяўлены напластаванні, значна ранейшыя за часы Жыгімонта ІІІ Аўгуста, Ждана Манкевіча і Рамана Шацілы. Сярод керамікі археолагам трапілася праслачка з ружовага оўруцкага шыферу <І>(фота) .

— Яно датуецца першай паловай ХІІІ ст., таму што ўжо Оўруч (летапісны Вручий) быў у 1240 годзе знішчаны мангола-татарамі, і вытворчасць гэтакіх праслачак назаўсёды спынілася. Для беларускага Шацілінскага Вострава гэтая невялічкая рэч мае прыкладна тое ж значэнне, што і для расійскай Балахны. Пры раскопках старажытнага волжскага горада таксама быў знойдзены толькі адзіны экзэмпляр шыфернага праслачка, значэнне якога адразу было прызнана за выключнае. Калі даследчык Т.В. Гусева лічыць праслачка за бясспрэчны доказ існавання Балахны, як мінімум, у ХІІІ ст., нягледзячы на тое, што ў пісьмовых крыніцах яна згадваецца толькі з ХV, значыць, і ў нашай светлагорскай гісторыі мы таксама маем вялікі "дапісьмовы" перыяд! Такім чынам, археалагічна ўзнікненне пасялення Шацілінскі Востраў вызначаецца часам ніяк не пазней за першую палову ХІІІ ст.

Адзін за адным прафесар Сяргей Расадзін дэманструе прадметы, якія былі знойдзеныя пры раскопках на Шацілінскім Востраве і кожны з іх — сведка той гісторыі беларускай зямлі, пра якую мы раней не ведалі:

— Доказаў бесперапыннага функцыянавання гэтага пасялення, пачынаючы ад сярэдзіны І тысячагоддзя н.э., мы пакуль што не маем. Аднак нішто не перашкаджае дапусціць, напрыклад, што Шацілінскі Востраў не знік і пасля мангольскага нашэсця, а працягваў існаванне ўжо ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Тым больш што сярод знаходак — у тым ліку кольцападобная завушніца з трыма перавітымі стрыжнямі. Аналагічныя знойдзены ў магільніках Літвы ХІV — першай паловы ХVІ ст. Акрамя манет, знойдзена яшчэ некалькі цікавых металічных рэчаў. Напрыклад, алавяны ваўчок-"савівон", якім гуляліся на Хануку, — яўрэйскае снежаньскае свята ў гонар вызвалення іерусалімскага Храма ад Селяўкідаў. Па баках ёсць літары: נ, ג, ה, ש. Гэтая абрэвіятура чытаецца як "Нес Гадоль Хая Шам" — у перакладзе: "Цуд Вялікі Быў Там" (фота).

Артэфакты мінулага, знойдзеныя летась-пазалетась на раскопках, сёння можна пабачыць у Светлагорскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Яшчэ адна незвычайная завушніца адносіцца да ХVІІ ст. Аналагічную ёй можна пабачыць на партрэце караля Карла І Сцюарта работы А. Ван Дэйка (фота), падкрэслівае сталічны прафесар.

— Наша такая ж, праўда, не залатая, а бронзавая. Гламурная мода ўжо ў часы Кромвеля распасціралася ад Тэмзы да Бярэзіны... З бронзы таксама выраблены і ключ, — хутчэй за ўсё, ад куфэрка. Да корпуса такога вырабу прымацоўвалася таксама знойдзеная побач фігурная бронзавая зашпілька. Калі параўнаць яе з любой выявай У.С. Высоцкага, — напрыклад, у фільме "Сказ пра тое, як цар Пётр арапа жаніў", — нельга не заўважыць пэўнага партрэтнага падабенства (фота). Між тым, гэта знаходка са слою не пазней за ХVІІ ст.

У гісторыка-краязнаўчай канферэнцыі пад назвай "Шацілкаўскія чытанні", якая прайшла ў Светлагорскім музеі, узяў удзел і намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Мяркулаў, які заўсёды падтрымлівае краязнаўцаў і археолагаў у іх пошуках. Ён запэўніў, што мясцовыя ўлады не забылі пра сваё абяцанне аб аднаўленні Шацілінскага Вострава. Ёсць планы стварыць на гістарычным месцы рэканструкцыю гістарычнага паселішча. Яна магла б стаць для горада новым турыстычным і культурным цэнтрам, філіялам музея. Гэта будзе сапраўдным падарункам светлагорцам (і не толькі) да 50-гадовага юбілею атрымання нашым старажытным пасяленнем статусу горада. І ў новай экспазіцыі можна будзе пабачыць вопратку, зброю, посуд ХVІІ—ХVІІІ стагоддзяў. Мяркуецца, што побач будуць размешчаны майстэрні ганчароў, кавалёў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раскопкі ў горадзе "энергетыкаў, хімікаў, будаўнікоў, горадзе юнацтва" пачаліся ў 2007 годзе, пасля таго, як, па словах сталічнага прафесара Сяргея Расадзіна, яго...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика