Сямнаццаць гадоў ужо працуе сацыяльным работнікам…. 21.by

Сямнаццаць гадоў ужо працуе сацыяльным работнікам…

19.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

post thumbnail

Едучы ў аўтобусе, Раіса яшчэ раз перагледзела спіс таго, што ёй наказалі купіць аднавяскоўцы ў горадзе. Адной трэба фарба для валасоў, другая папрасіла прыцаніцца да штораў, трэцяя папрасіла прывезці добры сродак для чысткі посуду… Не за гарамі свята, і гаспадыні стараюцца навесці парадак.

Раіса Новаш – чалавек у сваёй акрузе бадай што незаменны. Яна і сацыяльны работнік, надзейная памочніца нямоглых пенсіянераў не толькі роднай вёскі Асавец, але і з суседніх маленечкіх Жукавічаў, Путрычаў і Гарадзілавічаў; і стараста; і блізкі чалавек. Дванаццаць пенсіянераў на абслугоўванні ў Раісы Уладзіміраўны. А гэта значыць, што ім не толькі неабходныя прадукты, лекі ды ваду з калодзежа трэба прынесці, але і навесці парадак у хатах (тым больш, што не за гарамі Вялікдзень), прыбрацца на падворку, дапамагчы ў агародзе. Спраў у вёсцы хапае, а сілы ў пенсіянераў не тыя, што былі раней. Вось і спяшаецца жанчына штодня да сваіх падапечных, наматваючы на веласіпедзе дзясяткі кіламетраў. Улетку зручней – двухколавы сябар выручае, а вось зімой даводзіцца пераадольваць гэтыя адлегласці пешшу.
– Канешне ж, нялёгка, – прызнаецца Раіса Уладзіміраўна. – Як-ніяк, сямнаццаць гадоў ужо працую сацыяльным работнікам. Але і без маіх бабак ды дзядкоў ужо і не ўяўляю сябе…
Для многіх з падапечных яна – адзіная дапамога. Вось і да нядаўняга часу жылі дзве такія нямоглыя ў вёсачцы Куляшы. Не раз угаворвала іх Раіса згадзіцца на пражыванне ў бальніцы сястрынскага догляду – не згаджаліся. А неяк прыехала сацработнік да іх, а адной з жанчын зусім дрэнна: круціцца галава, адымаецца рука. Хуценька ацаніла абстаноўку Раіса: падобна на інсульт, трэба неадкладна выклікаць урача… Медработнік пацвердзіў дыягназ, і нямоглых пенсіянерак неўзабаве аформілі ў бальніцу. Як родны чалавек, Раіса сабрала іх, павадзіла па ўрачах, зрабіла ўсе неабходныя паперныя справы. Перазімавалі бабулі ў цяпле і ў доглядзе.
У свой час вяскоўцы даверылі Раісе Уладзіміраўне быць старастам сваёй і навакольных маленечкіх вёсачак. Урэшце, так ужо склалася, што з любым пытаннем і кожнай праблемай людзі звярталіся і звяртаюцца да яе, хуткай на пад’ём, неабыякавай і ініцыятыўнай.
– Нам, жыхарам Куранецкага сельсавета, пашчасціла з кіраўніком мясцовай улады, – лічыць мая суразмоўца. – Віктар Васільевіч – нераўнадушны, спагадлівы, неабыякавы чалавек. У кожным пытанні разбярэцца, дойдзе да сутнасці і абавязкова дапаможа. А якая велізарная работа праводзіцца цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання і непасрэдна нашым аддзяленнем! Няма такога куточка, самага аддаленага, дзе б ні працавалі сацыяльныя работнікі і куды б ні наведалася кіраўніцтва цэнтра. І з канкрэтнай дапамогай, і з канцэртамі, віншаваннем. А вяскоўцам гэта так патрэбна.
Добраўпарадкаванне населеных пунктаў – асаблівы клопат старасты. Некаму напомніць, што ўжо час наводзіць парадак, іншага цярпліва пераконвае, а найчасцей сама бярэцца за мятлу ды граблі.
– Стараемся ўтрымліваць у парадку могільнікі, – расказвае Раіса Уладзіміраўна. – І сельсавет дапамагае, і самі вяскоўцы па магчымасці прыбіраюцца. Душа радуецца, калі бачыш, як у Асавец перад Радаўніцай з’язджаюцца ўраджэнцы вёскі, прыбіраюць свае магілкі, не абыходзяць і тыя, якія ўжо няма каму агледзець. Так і павінна быць, бо гэта наша маленькая радзіма і тут пахаваны нашы продкі.
Ёсць у Раісы Уладзіміраўны і яшчэ адзін абавязак – адказваць за работу Дома сацыяльных паслуг у Рэчках. Штомесяц тут адбываюцца сустрэчы вяскоўцаў з кіраўніком сельсавета, медыцынскімі работнікамі, сацыяльнай службай. Тут можна атрымаць адказы на ўсе хвалюючыя пытанні, пракансультавацца ў доктара, купіць патрэбныя лякарствы. І канцэрты-віншаванні, з якімі да сяльчан прыязджаюць самадзейныя артысты, звычайна адбываюцца тут.
– Вось так і жывём, – нібыта падвяла вынік нашай гутарцы Раіса Уладзіміраўна. – Іншы раз хто спытае, ці не шкадую, што ў свой час не паехала ў горад. Магчыма, па-іншаму склаўся б лёс. Ды я не шкадую, што жыву і працую тут, дзе нарадзілася. Мне ўсё тут блізкае, роднае – ад бацькоўскай хаты да кожнага з маіх падапечных. Трэба ж некаму жыць і ў вёсцы…
Галоўная радасць і мацярынская надзея жанчыны – яе дачушка Вераніка. Дзяўчына працуе ў Вілейцы, у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці, а завочна вучыцца ў педагагічным універсітэце. Кожныя выхадныя спяшаецца яна ў родную вёску, дзе яе чакаюць і любяць. Хто ведае, як складзецца лёс дзяўчыны і дзе будзе яе сямейнае гняздзечка. Толькі адно цвёрда ведае Раіса Уладзіміраўна: яе Вераніка ніколі не забудзе дарогу ў родную вёсачку. Як і яна сама.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Едучы ў аўтобусе, Раіса яшчэ раз перагледзела спіс таго, што ёй наказалі купіць аднавяскоўцы ў горадзе. Адной трэба фарба для валасоў, другая папрасіла прыцаніцца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика